Будаўнiкi iнфармацыйнай прасторы

Факультэту журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта - шэсцьдзесят гадоў. Шэсцьдзесят прыступак узыходжання да сталасці, да прызнання ў грамадстве, у сваёй дзяржаве.
Факультэту журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта - шэсцьдзесят гадоў. Шэсцьдзесят прыступак узыходжання да сталасці, да прызнання ў грамадстве, у сваёй дзяржаве. Гісторыя журфака пачалася адразу пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў - 9 жніўня 1944 года ЦК ВКП(б) прымае пастанову аб адкрыцці факультэтаў журналі-стыкі ва універсітэтах Масквы, Кіева і Мінска. Калегі, аднак крыху спазніліся, так што журфак БДУ стаў першым у Савецкім Саюзе. Заняткі на ім пачаліся 1 лістапада 1944 года адразу на першым і другім курсах, а першы выпуск адбыўся ў 1949 годзе, калі ў сродкі масавай інфармацыі прыйшлі працаваць першыя 37 прафесіянальных журналістаў. Усяго ж за шэсцьдзесят гадоў было 56 выпускаў і падрыхтавана 5858 маладых спецыялі-стаў. “Залатыя пёры” журфака шчыруюць сёння ў 1500 перыядычных выданнях, на тэлеканалах і радыёстанцыях, у прэс-цэнтрах і прэс-службах, рэкламных агенцтвах. Інфармацыйная прастора Беларусі створана на трывалым падмурку нацыянальнага перыядычнага друку і аўдыёвізуальных камунікацый. Па вялікім рахунку, яна сілкуецца з жыццятворных крыніц беларускай школы журналістыкі, якую ў розныя перыяды стваралі вядомыя выкладчыкі і педагогі - М.Ларчанка, У.Гутараў, Д.Фактаровіч, Г.Акулаў, Р.Булацкі, М.Дастанка, Я.Радкевіч, Б.Стральцоў, М.Цікоцкі, Е.Бондарава і многія іншыя. Сённяшні вектар развіцця журфака заключаецца ў далейшым спалучэнні высокай фундаментальнай універсітэцкай падрыхтоўкі і ўмацаванні трывалых творчых сувязей са сродкамі масавай інфармацыі. Журналісцкія будні і навуковы пошук, які вядуць цяперашнія вы-кладчыкі журфака - А.Рудэнка, В.Булацкі, Л.Саянкова, В.Іўчанкаў, В.Вашкевіч ды іншыя, выявілі патрэбу ў насычэнні класі-чнага факультэта дысцыплінамі сацыяльна-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага, псіхалагічнага, прававога профіляў, збалансаваных з філалагічнай і гістарычнай падрыхтоўкай. Бо, па меркаванні вучоных і практыкаў, менавіта колішняя недасканаласць навучання студэнтаў працэсам збору, апрацоўкі, асэнсавання і інтэрпрэтацыі інфармацыі, інтуітыўнае назапашванне фактаў спараджае рамесніцкую плынь прэсы, асабліва яе электронных відаў. Намаганні выкладчыкаў сёння скіраваны на тое, каб ужо за студэнцкай партай маладыя людзі імкнулі-ся да журналістыкі з моцным інтэлектуальным падыходам. Адначасова факультэту ўдалося ўстанавіць “кансенсус” паміж тэарэтычным навучаннем і практычнай запатрабаванасцю сучаснага беларускага медыяпрацэсу. Сёння падрыхтоўка да журналісцкай дзейнасці вядзецца ў рэальных рэдакцыйных умовах. Літаральна на кожнай спецыяльнай дысцыпліне студэнты авалодваюць не толькі тэарэтычнымі ведамі, але і ўвасабляюць іх у матэрыялы газет і часопісаў, перадачы радыё і тэлебачання. Скразны курс “Журналісцкае майстэрства”, заняткі па 20 профі-лях у творчых майстэрнях замацоўваюць практычны аспект універсітэцкага сталення. З дасягненнямі, здабыткамі і праблемамі (самая вялікая з іх - новы будынак, дзе павінны быць сучасныя аудыторыі,творчыя майстэрні, тэле-радыёстудыі, кафедры, чытальныя залы) калектыў журфака святкуе сваё 60-годдзе, сцвярджаючы не намі сфармуляваны выраз: журфак - асноўны творчы патэнцыял інфармацыйнай прасторы краіны. Пік яго творчага сталення - заўсёды наперадзе. Ад “Р”. Журналісцкі калектыў газеты “Рэспубліка”, усе да аднаго, сардэчна віншуе выкладчыкаў, былых і цяперашніх студэнтаў журфака са значным юбілеем. Бо кожны з нас прайшоў праз яго выдатную школу, атрымаўшы разам з дыпломам і ведамі павагу і пашану да самай цікавай і самай творчай прафесіі ў свеце - журналістыкі. Шчыруй, журфак!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter