Будаўнікоў ці Страіцеляў?

Як будуць называць вуліцы па новых правілах?

Як будуць называць вуліцы па новых правілах?

“Черт ногу сломит с вашими названиями! Полчаса пытался понять, где мы с тобой встречаемся — на Октябрьской или на Кастрычніцкай, а в итоге оказалось, что это одно и то же”, — скардзіўся сябар-літовец, які аднойчы завітаў у госці ў беларускую сталіцу. Для замежнікаў сапраўдны нонсэнс тое, што ў нас сёння сустракаюцца перакладныя тапонімы. Гэта ж тое самае, што перакласці прозвішча. І думай пасля, каго ж там абакралі ў гайдаеўскай камедыі “Іван Васільевіч мяняе прафесію” — Шпака ці ўсё ж такі Скворца? Здавалася б, закон “Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў” ад 2010 года, згодна з якім назвы геаграфічным аб’ектам надаюцца на беларускай мове, а ўжо з яе спосабам транслітарацыі перакладаюцца на рускую мову, ад тапанімічнай блытаніны пазбавіць. Аднак знайшліся тыя, каму закон гэты даспадобы не прыйшоўся.

Каштоўныя тапонімы

Не мінула і чатырох гадоў, як пасля шэрагу скаргаў ад прадстаўнікоў органаў мясцовага кіравання Савет Міністраў вырашыў унесці змены ў дакумент і ўзаконіць падыход па наданні найменняў геаграфічным аб’ектам у арыгінальным напісанні на беларускай і рускай мовах, а затым іх транслітарацыі. Аднак дадзены законапраект не ўзгадніла Нацыянальная акадэмія навук. І зразумела чаму.

— Закон 2010 года распрацоўваўся з улікам таго, што тапонімы з’яўляюцца не толькі знакамі, якія выконваюць адрасную функцыю, але і помнікамі нематэрыяльна-культурнай спадчыны народа, — выступіў на пасяджэнні Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі яе старшыня Ігар Капылоў. — Наданне найменняў на рускай мове паспрыяе разбурэнню нацыянальнай тапанімічнай сістэмы і знікненню духоўнага багацця, заключанага ў аснове ўласных геаграфічных найменняў. Акрамя таго, такі падыход не адпавядае міжнароднай практыцы і будзе адмоўна ўплываць на імідж нашай краіны.

Ды і паспрабуй узаконіць такую прапанову — толькі блытаніны стане больш. Разам з арыгінальнымі назвамі будуць існаваць транслітараваныя і з беларускай мовы, і з рускай. Атрымаецца, што тут і там мы будзем сустракаць варыянты: Працоўная — Трудовая (так называлі вуліцы да 2010 года), Працоўная — Працовная (так найменні надаюцца ў адпаведнасці з законам), Трудовая — Трудавая (варыянт паводле прапаноў аб зменах закона). Да таго ж, пры такім падыходзе да транслітарацыі на беларускую мову ўзнікнуць назвы, якія будуць успрымацца як узаконеная трасянка ў тапаніміі: Земледельческая — Землядзель-чаская, Строителей — Страіцеляў, Освобождения — Асвабаджэння. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што гэтая трасянка і пры дзеючым законе час ад часу ўзнікае — калі мясцовыя органы ўлады даюць назвы вуліц па-беларуску, не задумваючыся аб тым, як яны будуць гучаць на рускай мове: да прыкладу, Чыгуначная — Чигуночная ці Будаўнікоў — Будавников.

— Прыняцце гэтага законапраекта перакрэсліла б усю нашу папярэднюю працу — тапанімічныя даведнікі, інструкцыі і іншыя напрацоўкі, — тлумачыць Ірына Бародзіч, кансультант упраўлення геадэзіі і картаграфіі Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, які адказвае за рэалізацыю палажэнняў закона на практыцы. — Уносіць змены ў закон давядзецца — гэта даручэнне Савета Міністраў. Але якія змены? Сумесна са спецыялістамі Нацыянальнай акадэміі навук і БДУ мы распрацавалі другі варыянт праекта закона.

Пераклад з розумам

Сутнасць новай прапановы ў тым, што ўсе найменні геаграфічным аб’ектам будуць надавацца на беларускай мове, а затым перакладацца на рускую. А вось якім менавіта спосабам, будзе вырашаць Дзяржаўны камітэт па маёмасці. Гэта можа быць транслітарацыя — палітарная перадача слоў (Мігуны — Мигуны); практычная транскрыпцыя, пры якой улічваюцца арфаграфічныя асаблівасці рускай мовы (Старыя Ганчары — Старые Гончари); або, у выключных выпадках, пераклад. Да прыкладу, спецыялісты Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі прапануюць выкарыстоўваць яго ў дачыненні да назваў, у складзе якіх ёсць лічэбнікі (Першамайская — Первомайская), а таксама словы, якія ўказваюць на напрамкі свету (Паўночная вуліца — Северная улица).

Чаму нельга абысціся простым перакладам тапонімаў з беларускай на рускую і з рускай на беларускую, як гэта прапануюць некаторыя спецыялісты?

— Па-першае, прыцягнуць увагу турыстаў можна, прэзентуючы нацыянальную адметнасць і самабытнасць не толькі ў нацыянальнай кухні, матэрыяльных гісторыка-культурных помніках, але і ў назвах, якія з’яўляюцца візітнай карткай кожнай краіны і кожнага народа, — лічыць Ігар Капылоў. — А па-другое, праца, якая была праведзена па стандартызацыі нацыянальнай тапаніміі за гады існавання Рэспублікі Беларусь і якая атрымала самую высокую міжнародную ацэнку, у адзін момант нівеліруецца. Пры гэтым стан тапанімічнай сістэмы будзе адкінуты на дваццаць гадоў.

Дзеля парадку на дарогах

У другі варыянт законапраекта ўнесена яшчэ адно важнае дапаўненне — цяпер у Дзяржаўны камітэт па маёмасці будуць накіроўвацца прапановы па наданні найменняў не толькі населеных пунктаў, але і вуліц.

— Наданнем назваў вуліцам сёння займаюцца выключна мясцовыя органы кіравання. А там страх што робіцца! — гаворыць Ірына Бародзіч. — Колькі мы ні праводзілі семінараў на месцах, колькі ні расказвалі, як карыстацца законам, на якія артыкулы больш звяртаць увагу, усё дарэмна.

Ніяк не рэгулявалася дагэтуль і напісанне назваў геаграфічных аб’ектаў на інфармацыйных шыльдах, дарожных паказальніках. Недзе яны пішуцца па-беларуску, дзесьці — па-руску. Каб навесці парадак на дарогах і вуліцах краіны, як сказала Ірына Бародзіч, у законапраект унесены пункт аб тым, што назвы геаграфічных аб’ектаў на паказальніках будуць пісацца на беларускай і рускай мовах, а пры неабходнасці і літарамі лацінскага алфавіта з беларускай формы напісання, як гэта зроблена, да прыкладу, у Мінскім метрапалітэне.

Падчас пасяджэння Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі яе члены прыйшлі да высновы, што назвы на шыльдах лепш афармляць па-беларуску, без дубліравання на рускую мову — так будзе больш папулярызавацца нацыянальная мова, і паказальнікі не давядзецца вырабляць вялікіх памераў (уявіце сабе: вуліца адна, а назваў на шыльдзе — тры!). Ці будуць улічаны прапановы камісіі падчас абмеркавання праекта закона, пакажа час. Але хацелася б, каб на нашых вуліцах быў наведзены парадак і замежныя госці, прыехаўшы сюды, не казалі б, што ў нашых назвах і шыльдах сам чорт нагу зломіць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter