«Брыгада» Ціхановіча
21.07.2010 19:08:19
«Ці можна кароўку памяняць?” — на сённяшні дзень няма праблемы больш важнай для 75-гадовага гаспадара гэтага падворка. Як ні завіхаецца стары вакол карміцелькі, усе адно рагуля корміць слаба. Людміла Мядведзь, намеснік старшыні СВК “Граніт-Агра” па ідэалагічнай рабоце, упэўнена: старшыня і праўленне будуць толькі “за”. Дый хто ўвогуле ў бок дзеда Іосіфа, як гаворыцца, камень кіне?
Хутар — зямлю і лес — паблізу ад вёскі Хрольчыцы (цяпер гэта тэрыторыя Данілавіцкага сельсавета) старэйшыя Ціхановічы купілі ў мясцовага пана. З цягам часу сядзіба распалася на тры “долі”. Сёння толькі дзед Іосіф жыве тут пастаянна. Не адзін. Разам з жонкай Рэгінай Іпалітаўнай, беражлівай і дбайнай гаспадыняй.
Яна таксама амаль тутэйшая. Знаёмства гэтай пары, па мерках сённяшніх, палічылі б адметным. Бо паглядзець на перспектыўную нявесту — новаспечаную бухгалтарку — патэнцыяльнаму жаніху параілі сваякі. Па іх падказцы Іосіф разам з бацькам накіраваліся “ў сваты”. На веласіпедах. Візіт меў поспех. Узаемныя сімпатыі ў рэшце рэшт скончыліся шлюбам. Ім і па сёння задаволены абодва бакі. Надзейным плячом адзін для аднаго былі і ў горы (выпала перажыць трагічную гібель дарослага сына), і ў радасці ( ёсць яшчэ дзеці, ад іх — унукі).
…А брыгадзірам Іосіф стаў, лічы, у юнацтве. Мо, больш маладзейшага і не адшукаць! Рупны, разважлівы, працавіты…Такім быў, такім застаўся. І па сёння верны калгасным пастулатам і сваёй сціплай невялічкай хацінцы. За яго працоўны век змянілася пяць старшыняў. А Ціхановіч і на пенсію брыгадзірам пайшоў. “Васемнаццаць год адпачываю”, — патлумачыў стары. Пры слове “адпачынак” я міжволі ўсміхнулася.
У хаце свой “іканастас” — з грамат і падзяк. Гэта — само сабой. “Вельмі ўжо добра збожжавыя раслі!”. Памерам пенсіі Ціхановіч задаволены. Сваім цяперашнім жыццём — таксама. Як, дарэчы, і “падначаленымі”. Толькі сёння ягоная “брыгада” — кароўка ды двое свінчукоў, кралі ды птушка самых розных парод і “калібраў”. Конік вось выбыў
— перажыванне адно. Відаць, яшчэ свежае, бо дзед Іосіф змахвае слязу. Затое пчолы (працавітыя, як сам гаспадар) мёдам сёлета радуюць. Усе чатыры сямейкі. Летась, праўда, трывогі з імі хапіла. Рапс сельгаскааператыў праз дарогу пасеяў. Прыйдзе час для апрацоўкі — як яно будзе? Вядома, што для рапсу — здароўе, для пчол — смерць! Але грамадскі і прыватны “сектар” — Іосіф Сцяпанавіч і адказны з СВК — знайшлі ўзаемаразуменне. Такіх гаспадароў, як Ціхановіч, тут аберагаюць. У выніку, як і чакалася, ад “хіміі” загінулі толькі шкоднікі.
Новы год — новыя трывогі. Сёлета за бульбу трэба змагацца. Прычым у самым прамым сэнсе. З дзікамі! Ціхановічы пасадзілі — цэлыя натоўпы жывёл імкнуцца з’есці. Такі вось “сямейны падрад”. І “пасвяцца” дзікі не толькі на дзедавым палетку. Ніяк не ўцяміць патомны селянін: як дапусцілі, што столькі “пачвары” развялося? І што важней: дзікі ці будучы ўраджай?
салома — калі ласка. Зямля пад соткі — маеш права выбару. За парасятамі сюды, на свінакомплекс, нават з іншых раёнаў едуць… Праўленню СВК, з пункту гледжання дзеда Іосіфа, сёння нялёгка. Гэта самае вялікае ў раёне сельгаспрадпрыемства. У “сферы ўплыву” — 39 населеных пунктаў. Але гаспадара, на ўласным вопыце пераканаўся Ціхановіч, тут заўсёды зразумеюць. Быў бы гаспадар!
— Сена косім, сушым — няхай толькі забіраюць. Салома ў неабмежаванай колькасці… — разважае старшыня СВК “Граніт-Агра” Сямён Макарэвіч, які кіруе гаспадаркай 22 гады. — Калісьці часта кароў людзям мянялі, за мінулы год толькі адну… З 2008 года па сённяшні дзень здадзена па гаспадарцы 39 дамоў. Усе заселеныя. І ніводны чалавек карову трымаць не хоча. Не прымусам жа браць…
Ды што там пра карову! Ёсць людзі, якія за дваццаць гадоў на сядзібе ніводнага дрэўца не пасадзілі, а дзеці па чужых садах “кормяцца”. Так і на рабоце “шчыруюць”. Але ёсць і іншыя прыклады. Вось яны, паслядоўнікі старога Ціхановіча. “У мінулым годзе мы намалацілі 17 з паловай тысяч тон зерня, — гаворыць старшыня. — Адзінаццаць з паловай тысяч — заўважце! — “рукамі” ўсяго чатырох камбайнёраў!”
Высновы? Кожны зробіць свае.
Інеса ПЕТРУСЕВІЧ, “БН”
Дзятлаўскі раён
НА ЗДЫМКАХ: Іосіф Сцяпанавіч — патомны гаспадар; на гэтай сядзібе і кветкі прыжываюцца.
Фота аўтара
В тему
В 2010 году площадь земельных участков для ведения личных подсобных хозяйств в Дятловском районе занимает 3527 гектаров, для выпаса коров выделено 666 гектаров пастбищ, в том числе 405 гектаров — улучшенных. На одну корову приходится 0,9 гектара.
Для заготовки кормов выделено 313 гектаров сенокосов, или 46 соток на одну голову скота. Улучшены сенокосы и пастбища на площади 64 гектара.
Для посадки картофеля выделено 1026 гектаров, в том числе 767 — в полях севооборота. По заявлениям и обращениям населению реализовано 64 тонны картофеля, оказана помощь техникой для посадки картофеля и других культур на сумму 92,6 млн. рублей. Продано более 2200 поросят для выращивания. Реализовано 35 тонн зерна.