В марте на «Линии Сталина» пустят бронированный состав времен Великой Отечественной

Бронепаравоз на запасных пуцях

«Прыйсці ў музей і паглядзець на тэхніку ваенных часоў — гэта можна зрабіць шмат дзе. Але ў дзеянні ўбачыць машыну, якая здольная была абараняць сотні людзей, — зусім іншае. Такую задачу мы сабе і паставілі — паказаць на справе» — так на «Лініі Сталіна» тлумачаць, чаму ў лістападаўскія маразы каманда рэстаўратараў працуе пад адкрытым небам над велізарным бронепаравозам. Ён ужо стаіць на рэйках. Да сакавіка стартуе. Карэспандэнт «Р» даведалася пра ўсе падрабязнасці.

Паравоз стане браніраваным.

Бронеплатформа ПТ-33 даваеннага выпуску — 1930-х гадоў, чорны паравоз з чырвонай зоркай — 1932-га Луганскага паравознага завода, а яшчэ броневагон — 1940-х, броневагон з башнямі Т-34, зенітная платформа з 37-мм аўтаматычнай гарматай і кулямётам ДШК. Ідзе выраб браніраванага паравоза — кацёл, тэндар, браня напаленая… Усе гэтыя словы гучаць важка. А ўявіце, як выглядае ўвесь састаў бронецягніка з чатырох кампанентаў, які больш як 60 метраў у даўжыню. І гэта на рэйках усяго ў трыста метраў.

Па даваенных чарцяжах рэстаўратары ваеннай тэхнікі ГКК «Лінія Сталіна» ствараюць шматлікія элементы з нуля. Аляксандр Мятла, выканаўчы дырэктар комплексу, паказвае, як у выніку ўсё будзе выглядаць. На фоне тэхнікі — сучасны ноўтбук з гатовай фотамадэллю. Аляксандр тлумачыць:

Звычайна на такую тэхніку ў вайну ішло каля 50 тон металу для браніравання. Шмат? Не зусім. Мы ж зробім усяго з 24 тон. Канструкцыя і без таго цяжкая: хадавы паравоз каля 40 тон, кацёл — яшчэ 5, тэндар — 20, экіпажная частка – 30, плюс браніраванне… Усё прыкладна каля 135 тон.

Адкуль жа ўзяліся паравоз, платформа? Падарыла іх комплексу Беларуская чыгунка. Перавозілі пад Мінск у два этапы. Адну частку «пасылкі» — паравоз — па чыгунцы з Крычава да станцыі Радашковічы, а адтуль з дапамогай чыгуначных эвакуацыйных кранаў і магутных кранаў МНС перавозілі на танкавых цягачах Мінабароны. Другі паравоз для браніравання даставілі на месца нядаўна з дапамогай перавозчыкаў цяжкіх грузаў і кранаў. Зараз у задачах па чарцяжах ваеннага часу абшыць швелерам, абараніць «бранёй» асноўныя вузлы — кабіну машыніста, кацёл, сухапарнік, паравыя машыны — увогуле ўсё як напраўду.

Мы хоць і музей тэхнікі, але імкнёмся зрабіць усё жывым, хадавым. Вось як танк КВ-1. Можна было пасля рэстаўрацыі яго проста паставіць, сказаць: «Глядзіце, арыгінальны танк! Калісьці ён ездзіў!» Але ж гэта няправільна. Нашмат лепш, калі той жа КВ-1 удзельнічае ў рэканструкцыях бітваў — выязджае, страляе, — Аляксандр абыходзіць састаў і ацэньвае працу на гэты момант. — У жніўні, калі мы адкрывалі чыгуначную экспазіцыю, наш першы бронецягнік па ўзоры 1942 года, які ўжо аднавілі, страляў з гармат і кулямётаў. Відовішча для гасцей было нечаканым і ўражлівым: такі гмах выязджаў і ўступаў у бой! Тады вёў у бой яго чорны паравоз.

Вырашылі гэты чорны паравоз паставіць як помнік чыгуначнікам. А вось якраз той, які прыбыў цяпер, будзе актыўна рухацца пры неабходнасці.

Мы хочам паказаць, што шмат у чым і чыгунка дапамагла атрымаць перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Вось тут, непадалёк ад Заслаўя, бронецягнік дапамог нашым пагранічнікам яшчэ на пачатку вайны, — паказвае ўдалячынь Аляксандр. — Потым пасля бою на станцыю ў Радашковічы паехаў і там немцам бяды нарабіў. Вярнуўся назад і яшчэ паваяваў нейкі час: быў адпраўлены пад Ялізава адбіць мост, дзе і прыняў свой апошні бой з танкамі вермахта.Усяго 10 бронецягнікоў толькі ў пачатку вайны істотна дапамаглі чырвонаармейцам. Яны ахоўвалі не толькі чыгуначныя шляхі, але і неба дзякуючы ўсталяваным зеніткам на пляцоўцы. Вялікая Айчынная вайна шмат у чым была рэйкавай: на чым, калі не на цягніках, дастаўлялі тэхніку, людзей у далёкія кропкі?

Шмат у чым і чыгуначная тэхніка дапамагла атрымаць перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне.

Пытаюся: а ці можна будзе пакатацца на цягніку? Адказ адмоўны. Тэхніка бяспекі вышэй за ўсё. Адчуць сябе машыністам, прагуляцца па саставе — гэта можна, але толькі пад кантролем экскурсавода. Прыемная навіна для маладога пакалення: бой бронепаравоза можна будзе ўбачыць. Аляксандр расказвае, што ўжо рыхтуецца план па стварэнні сюжэтаў у дапоўненай рэальнасці. Дастаткова будзе стаць на перон ля платформы, надзець акуляры віртуальнай рэальнасці — і там пабачыш сапраўдныя баявыя дзеянні... Агонь, бягуць чырвонаармейцы, цягнік выходзіць на бітву, танкі пад'язджаюць. Уяўляеце?

Немцы добра ведалі: калі вывесці са строю бронепаравоз або бронеплатформу, то спыніцца ўвесь састаў. Таму нашы абаранялі бронецягнікі вельмі сур'ёзна. Узамен знішчаных бронеплатформ у дэпо гарадоў Беларусі ў пачатку вайны рабіліся імправізаваныя — мабілізацыйныя. Іх маглі зрабіць нават з цыстэрнаў і вугальных вагонаў. Узбройваліся тым, што было пад рукой, абы абараніць краіну, — прыводзіць прыклады Аляксандр і дастае карту комплексу. — Вы здзівіцеся, але цяпер у нас шмат гасцей са Швецыі, Даніі, Фінляндыі, і яны многага не ведаюць пра нас. Ну то мы пакажам! 

На раскрытай карце, куды паказвае Аляксандр, план новых пляцовак, якія з'явяцца ў комплексе. Першая пляцоўка, вядома, бронецягнік з браніраваным паравозам. Затым з'явяцца малая экспазіцыйная зала з хадавой тэхнікай, вялікая экспазіцыйная зала. Адтуль госць адразу патрапіць у трохпавярховы будынак – музей умацаваных раёнаў, чыгуначных войскаў і афганскай вайны. І гэта яшчэ не ўсё: непадалёк пачалося ўзвядзенне анімацыйнай пляцоўкі. Дарэчы, ад бронецягніка рукой падаць. Там будзе асобны танкадром, дзе можна паказаць сапраўдны бой, а побач — аэрадром, на якім кожны, калі набярэцца смеласці, стане другім пілотам вінтакрылага аўтажыра.

Нашу гутарку перарываюць стрэлы з іншай пляцоўкі — там танкі. А вось тут будзе свой рэальны бой ці толькі дапоўненая рэальнасць? Аляксандр завяршае экскурсію:

— Вядома! Як снег сыдзе, паставім каля бронецягніка мішэні, установім макеты танкаў вермахта. З броневагона ПТ-33 можна будзе правесці імітацыйны бой. Страляць будуць не снарадамі, а светлашумавой імітацыяй, цалкам бяспечнай. Будзе захапляльнае відовішча.

kasel@sb.by

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter