Брава, Юлія!

Юная піяністка з Мінска іграла ў Эстоніі бездакорна.
Юлія Ермалаева з настаўніцай Наталляй ТашчылінайПятнаццацігадовая выхаванка гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Юлія Ермалаева заняла другое месца ў сярэдняй узроставай групе на Міжнародным конкурсе маладых піяністаў у эстонскім горадзе Нарве. Конкурс сабраў амаль 60 выканаўцаў з 11 краін. Дарэчы, гэта ўжо не першае паспяховае выступленне выхаванкі настаўніцы музыкі Наталлі Ташчылінай за мяжой — у Італіі, Галандыі, Украіне, Літве і іншых краінах.

На гэты раз аўтарытэтнае журы, у склад якога ўвахо-дзілі прафесары Пееп Ласман (Эстонская акадэмія музыкі і тэатра), Хамс Аль-Вадзі Юрыс (акадэмія імя Сібеліуса ў Хельсінкі), Браніслава Кавала (Варшаўская акадэмія імя Ф.Шапэна), Юрыс Калнцыемс (Латвійская музычная акадэмія) і Аляксандр Мндаянц (Маскоўская дзяржаўная кансерваторыя), адзначыла бездакорнае выкананне Юліяй Ермалаевай конкурснай праграмы. На цырымоніі ўшанавання пераможцаў, якая адбылася ў нарвскай канцэртнай зале “Жэнева”, да арганізатараў і ўдзельнікаў конкурсу з прывітальным словам звярнуўся генеральны консул Беларусі ў Таліне Аляксандр Астроўскі. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел Пасол Польшчы ў Эстоніі Томаш Хлонь і Генеральны консул Расіі ў Нарве Мікалай Бандарэнка.

Лаўрэаты конкурсу выступілі на сцэне лепшай талінскай канцэртнай залы “Эстонія”. Юлія Ермалаева атрымала спецыяльныя прызы мэрыі Нарвы, французскага культурнага цэнтра ў Таліне і сувенір ад генеральнага консульства Беларусі ў эстонскай сталіцы.

Дзіяна Грышанава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter