Браты аграном і інжынер Арсенцій і Андрэй Скрыпялі: «Адпачываем, калі любуемся, як прабіваюцца першыя парасткі азімых»

Восенню ў земляробаў бадай што самая неадкладная справа — сяўба азімых. У ААТ «Аляксеевічы-Агра» збожжавымі і рапсам засеяна звыш трох тысяч гектараў. Няспынна вядзецца апрацоўка глебы. Сучаснымі камбайнамі ўбіраюцца кукуруза, цукровыя буракі. Механізатары завяршаюць чацвёрты ўкос люцэрны. 

У такі напружаны час на пільным уліку кожная адзінка тэхнікі. Галоўныя спецыялісты гаспадаркі браты Арсенцій і Андрэй СКРЫПЯЛІ сумесна каардынуюць работу машынна-трактарнага парка. 

У 30-гадовага Арсенція Сяргеевіча ўжо назапашаны вопыт кіравання. Пасля атрымання атэстата сталасці папоўніў будаўнічую брыгаду былога драгічынскага СВК «Лосна». Працаваў вагаўшчыком, начальнікам вытворчага ўчастка. Завочна скончыў аграфак Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта і ўзначаліў агранамічную службу ААТ «Аляксеевічы-Агра». Займеў сям'ю. Маладым гаспадарка выдзеліла жыллё.

Малодшы на пяць гадоў Андрэй Сяргеевіч атрымаў дыплом інжынера ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. Па размеркаванні адпрацаваў належны тэрмін у пінскім ААТ «Лагішын» і вярнуўся ў родныя мясціны. Пяты год кіруе інжынернай службай ААТ «Аляксеевічы-Агра».

Па асноўных эканамічных паказчыках сельгаспрадпрыемства — адно з лепшых на Брэстчыне. Пасля далучэння суседняга ААТ «Брашэвічы» гаспадарка па тэрыторыі стала самай буйной у раёне: амаль 14 тысяч гектараў сельгасугоддзяў, з якіх звыш 9 тысяч — ворыва. Раслінаводства дзякуючы эфектыўнай працы забяспечвае грамадскі статак (8,9 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы) кармамі ўласнай вытворчасці. У паспяховай дзейнасці галіны ёсць і заслуга галоўных спецыялістаў — братоў Арсенція і Андрэя Скрыпялёў. За старанне яны адзначаліся кіраўніцтвам раёна і вобласці.

Галоўныя спецыялісты ААТ «Аляксеевічы-Агра» — браты Андрэй і Арсенцій Скрыпялі.

Пэўна, няма такога чалавека, які хаця б аднойчы ў жыцці не стаяў перад выбарам. Гэты момант не абыходзіцца без унутранай барацьбы. Было такое і ў братоў Скрыпялёў. Выраслі яны ў сялянскай сям'і. Маці Раіса Якаўлеўна і бацька Сяргей Іванавіч працавалі жывёлаводамі. На ўласным падворку трымалі дзвюх кароў, свіней, авечак, чароды гусей і курэй. Побач з домам рос яблыневы сад. Сыны дапамагалі бацькам упраўляцца па хатняй гаспадарцы. У старэйшых класах працавалі ў вучнёўскай вытворчай брыгадзе Сіманавіцкай сярэдняй школы: летам апрацоўвалі збожжа на таку, а восенню дапамагалі гаспадарцы ўбіраць бульбу, цукровыя буракі. З малых гадоў звыклым для хлапчукоў было трымаць у руках касу, сякеру, малаток, хадзіць за плугам, выконваць розную вясковую працу. Калі настаў час выбіраць жыццёвы шлях, родныя падтрымалі іх жаданне працаваць на зямлі. 

Памятаюць яны бацькоўскую хату на аддаленым ад вёскі Сіманавічы хутары, акружаным з усіх бакоў густым лесам. Хлопчыкі ведалі навакольныя грыбныя і ягадныя мясціны. Старэйшага, Арсенція, лес зачароўваў прыгажосцю і таямнічасцю. Падлетак марыў стаць лесніком. У старэйшых класах зацікавіўся прафесіяй агранома. А малодшага, Андрэя, цягнула да тэхнікі. З сябрамі ганяў па вясковай вуліцы на веласіпедзе, а як падрос, за шчасце было пасядзець у кабіне грузавіка ці трактара. З вучобай у школьныя і студэнцкія гады ў братоў усё паспяхова ладзілася. Практычная дзейнасць дадала маладым спецыялістам вопыту і ўпэўненасці ў даручанай справе. Гэта важна для прыняцця найбольш вывераных рашэнняў. За гады сумеснай працы ў гаспадарцы браты шмат карыснага для працы перанялі ў свайго кіраўніка Аляксандра Мікалаевіча Пачко. Бывала, што іх думкі не супадалі. Спрачаліся, аналізавалі сітуацыю і прыходзілі да адзінага рашэння. 

У адміністрацыйным будынку гаспадаркі Арсенцій і Андрэй затрымліваюцца рэдка. Сустрэліся з імі на машынным двары, што на ўскрайку вёскі Сіманавічы. 

З раніцы тэхніка раз'ехалася па палях і сенажацях. Трэцяя частка з 2150 гектараў кукурузы ўжо скошана. Два корманарыхтоўчыя камбайны штодзённа працуюць на плантацыі. Плануецца закласці амаль 70 тысяч тон кукурузнага сіласу.

А з бураковых палеткаў да чыгуначнай станцыі Драгічын бесперапынна курсіруюць МАЗы, гружаныя салодкім карэннем. Надвор'е спрыяе высокім тэмпам уборачных работ. Гаспадарка поўнасцю справілася з выкананнем дзяржзаказу на пастаўку збожжа і насення рапса. Арсенцій на машынны двор прымчаў з поля, дзе аглядаў пасевы азімага рапсу. У дыспетчарскай яго чакаў Андрэй, каб абмеркаваць стратэгію наступнага працоўнага дня. 

Андрэй прызнаецца, што ў напружаны час важна, каб спраўна працавала тэхніка ў полі. Калі здараецца паломка, неабходна аператыўна замяніць дэталь. На складзе яна ёсць не заўсёды. Пакуль адшукаеш у суседзяў — міне час. Аптымальныя тэрміны работ у полі разлічаны жорстка. Асабліва вясною: на сяўбе ўпусціш момант — атрымаеш недабор ураджаю. У такіх выпадках выручае кемлівасць. 

— Па-добраму папросіш рамонтніка прыдумаць варыянт, знайсці выхад, і чалавек адгукаецца, — дзеліцца ўласным вопытам Андрэй. — Залатыя рукі ў нашых прафесіяналаў. Мы гэта цэнім. У сваю чаргу клапоцімся аб умовах іх працы. І заробкамі не крыўдзім. 

— У нашай справе важна знайсці падыход да чалавека, — уключаецца ў размову Арсенцій. — Мы ўсе тутэйшыя, ведаем адзін аднаго. У залежнасці ад сітуацыі імкнуся выкарыстоўваць індывідуальны варыянт уздзеяння. На каго мо і варта голас павысіць, а іншага папросіш — і зробіць усё як трэба. Праца з людзьмі патрабуе вытрымкі і справядлівасці. 
— У нас з братам характары розныя, — удакладняе Андрэй. — Але імкнёмся трымацца адной лініі. Калі мне даводзіцца самастойна на нарадзе размяркоўваць тэхніку, абавязкова тэлефаную брату, удакладняю фронт работ і толькі пасля гэтага даю асабістыя заданні кожнаму. Зараз, калі ў полі напружаны час, падлічваем, колькі максімальна трэба транспартных сродкаў для перавозкі ўраджаю. Сваіх грузавікоў не хапае, заключаем дамовы з прыватнымі гаспадарамі. Прыкладваем намаганні, каб своечасова спраўляцца з палявымі работамі. Настрою надае высокі ўраджай зялёнай масы кукурузы. На некаторых участках выходзіць звыш 500 цэнтнераў з гектара.
— У мяне большы працоўны вопыт. Падказваю брату, дзялюся сваім багажом, — загарэлы твар Арсенція кранае лагодная ўсмешка. — Калі ўзнікаюць складанасці ў нашай агульнай справе, шукаем варыянты кампрамісу. Дапамагаюць веды і практычны вопыт. Па этыкеце нікога позна вечарам ці ноччу не турбую па неадкладных справах, а брату магу пазваніць і абмеркаваць нешта неадкладнае. Мы адзін аднаго падтрымліваем.

Што тычыцца выкарыстання тэхнікі, тут галоўнае слова за братам. Кожную машыну ці агрэгат дасканала ведае. Раней у гаспадарцы было 70 трактароў, а цяпер — 100. Шмат іншай тэхнікі. За работу гэтага арсенала адказвае ён. За ход палявых работ — мы абодва. Жывём клопатам аб агульнай справе. Вось завітаў у рамонтную майстэрню і ўбачыў, што ў механізатараў не атрымліваецца самастойна справіцца з рамонтам рухавіка. Параіў выклікаць прафесіяналаў. Так зрабілі, і хутка трактар адправіўся ў поле. 

— Сёлета сельгасугоддзі гаспадаркі значна пашырыліся. Павялічыўся і машынна-трактарны парк. Ці засталіся запатрабаванымі галоўныя спецыялісты далучанай гаспадаркі?

— Кожнаму ў нашым аб'яднаным калектыве хапае працы. Вядома, клопатаў дадалося. Каб скаардынаваць сістэму севазвароту, трэба ведаць структуру далучаных зямель. Пакуль раслінаводствам там займаецца галоўны аграном далучанай гаспадаркі Віктар Чуралы. З яго дапамогай каардынуем агульную дзейнасць, прымаем кампрамісныя рашэнні. Без такога падыходу можна трапіць у тупіковую сітуацыю. Нялёгкім выдаўся год: вясною марозіла, летам спякота даймала. З пачатку жніва камбайнеры ўзялі высокія тэмпы. Працавалі ў полі да позняга вечара. На круг атрымана па 34 цэнтнеры збожжа. На некаторых участках ураджайнасць азімай пшаніцы перавысіла 60 цэнтнераў. Сабранае дапрацоўвалі на трох зернетаках. У засекі засыпалі 12 000 тон збажыны.

— А хто ў гаспадарцы вясною прымае рашэнне выводзіць тэхніку ў поле?

— У нас стала правілам прымаць такія рашэнні разам. У гэтай справе важныя як веды, так і практычны вопыт. Прыязджаю на поле, у далонь бяру зямлю, сціскаю і размінаю яе. Калі рассыпаецца — самы час пачынаць палявыя работы. Так нас вучылі вызначацца на аграфаку ўніверсітэта. На нашых пясчаных глебах трэба як мага раней сеяць, бо потым з-за недабору вільгаці можна недабраць ураджай. Асабліва гэта тычыцца збожжавых і зернебабовых культур. З майго вопыту тут, на поўдні Палесся, завяршаць сяўбу трэба не пазней за першую дэкаду красавіка, пакуль у глебе дастаткова вільгаці. У нашых умовах гэта самы лімітуючы фактар атрымання запланаванага ўраджаю. Вядома, шмат у чым поспех залежыць ад дакладнай вытрымкі на палях выпрацаванай тэхналогіі і якасці выканання работ. 

— У клопатах незаўважна пралятае час, — разважае Андрэй. — Завяршылі жніво — і на год старэйшымі сталі. Скончым палявыя работы, і пачнецца новы віток хлебаробскай працы — падрыхтоўка да веснавога выхаду ў поле. У нас без увагі не застаецца ні адзін агрэгат, асабліва энерганасычаная тэхніка. Працуюць на ёй самыя вопытныя механізатары. Машынна-трактарны парк пастаянна абнаўляецца. Набылі новы імпартны корманарыхтоўчы камбайн. З імпэтам праехаўся на ім па полі. Уяўленне — быццам на касмічнай ракеце імчыш. Тэхніка вышэйшага ўзроўню. Кіруе камбайнам спецыяліст з вышэйшай адукацыяй. Не горшыя за імпартную тэхніку і сельгасмашыны «Гамсельмаша». Цудоўна працавалі на жніве гомельскія камбайны. 

— У працы на зямлі ўсялякае бывае. У народзе кажуць: не памыляецца той, хто нічога не робіць. Калі раптам ў вас здараюцца памылкі, як тады паступаеце?

— Складанае пытанне. На пачатку працы аграномам, бывала, адчуваў, што прамахнуўся, але не хапала рашучасці прызнацца ў гэтым. Зараз, калі адчуваю, што нешта не так зрабіў, не лічу за сорам прызнацца ў гэтым. Як і не саромеюся спытацца, калі чаго не ведаю. Шмат карыснага чую ад старэйшых хлебаробаў, вучуся ў іх. Праца агранома складаная. Важныя ў ёй не толькі атрыманыя падчас вучобы веды, але і вопыт хлебаробаў. Цягам стагоддзяў ён назапашваўся нашымі продкамі. Спрадвеку працавалі яны на зямлі. Ці можам з братам забыць пах пшанічнага хлеба, што пякла ў сваёй печы бабуля Марыя? Пасля заняткаў у школе мы забягалі да яе ўдваіх. Бабуля пасыпала цукрам шырокую лусту свежаспечанага пшанічнага хлеба і частавала нас. Цеста замешвала на спецыяльнай заквасцы. Многія ў вёсцы пяклі хлеб. А калі яго сталі завозіць ў магазін, неабходнасць выпякання адпала. Цяпер у нашым магазіне пастаянна некалькі відаў выпечкі. Але лусты бабулінага хлеба ніколі не забудуцца.

З тых цудоўных часоў дзяцінства помніцца і сумесная праца землякоў на полі ці сенажаці. Уся вёска выходзіла нарыхтоўваць сена. Уручную касілі травы, зграбалі пакосы. Цяпер на сенажаці з гэтым спраўляецца магутная тэхніка. Не ўбачыш ужо і трактар з аднакорпусным плугам. На сучасных агрэгатах прымацавана іх дзесяць. Рэдка хто ў нас садзіць бульбу пад конны плуг. Для мяне і брата сапраўдным дзівам было, калі бацька паказваў плеценыя з лазы лапці. А яго пакаленне ў пасляваенныя гады абувала іх, калі ў балоце нарыхтоўвалі сена. Бацька казаў, хто вельмі зручна ў іх па вадзе хадзіць. Пэўна, для нашых нашчадкаў будуць дзіўнымі многія з сённяшніх прылад сялянскай працы.

— Ці давялося вам вучыцца касіць ці за плугам хадзіць?

— Мы з братам узялі ў карыстанне пяць гектараў зямлі. Вырошчваем маліну, клубніцы, збожжа. У мясцовага фермера купілі трактар МТЗ-80. Працуе на ім Андрэй, бо ў мяне пакуль няма пасведчання трактарыста. Не заўжды ёсць магчымасць упраўляцца на сваім надзеле. Дапамагаюць бацькі.

— А жонкі вашы?

— Пакуль яны не прызвычаіліся да такой справы. Сем'і нашы маладыя. Андрэй ажаніўся з мясцовай дзяўчынай. Мая супруга Алена родам з Наваполацка. Прыязджала на Каляды ў суседнюю вёску Вульку да сваякоў, там і пазнаёміліся. Пяць гадоў сустракаліся. Пасля жаніцьбы ад гаспадаркі атрымалі дом. Адрамантавалі яго. Тры пакоі і прасторная кухня. Побач у такім жа доме ад гаспадаркі жывуць Андрэй з жонкай. І бацькі з намі суседнічаюць. Вельмі зручна ўсім. Нашы жонкі сябруюць. Штодзённа бачымся з бацькамі. Спадзяёмся, што хутка ашчаслівім іх унукамі. 

— Акрамя працы, чым захапляецеся?

— Спортам. У выхадныя ці святы займаемся ў школьнай спартыўнай зале. Гуляем там з сябрамі ў валейбол. Любім паганяць і футбольны мяч з вясковымі аматарамі. На жаль, у нас іх не так і многа. Да спорту трэба моладзь далучаць. Гэта лепш, чым сядзець за куфлем піва ці келіхам віна. Люблю зазірнуць і ў кнігу. Гэта ў мяне з дзяцінства. Любімы пісьменнік — Уладзімір Караткевіч. Са школьных гадоў зачытваўся яго гістарычнымі раманамі. Андрэй цікавіцца тэхнікай. Для адпачынку трэба мець магчымасць. У нас кожная мінута распісана. А адпачываць ёсць дзе. Навокал столькі натуральнай прыгажосці, таямнічых куточкаў, дзе можна наталіць сябе пазітыўным зарадам. Люблю назіраць, як восенню мяняе аблічча прырода, лес ператвараецца ў казачны. Сёлета выдаўся такі цёплы пачатак восені.

— Гэта мо ваш любімы час года? 

— Калі справы ладзяцца, то і ўсё падаецца цудоўным. Памятаю, як у дзяцінстве з Андрэем чакалі кожны надыход вясны. Калі сталі працаваць на зямлі, з пачатку вясны і да позняй восені загружаны працай. Вясною трэба хутчэй справіцца з сяўбою, а потым — догляд пасеваў, і незаўважна прыходзіць жніво. 

У прыродзе жыццё ні на хвіліну не спыняецца. Абодва адказваем за будучы ўраджай. Хлеб сам па сабе не вырасце. Любая стыхія надае напружання хлебаробу. Такой вясны, як мінулая, за свае 30 гадоў не памятаю. На нашых палях і сенажацях усё было заліта вадою, а потым вільгаць рэзка высахла і паўтара месяца сушыла спёка. Пасевы збожжавых на горках падгарэлі. Асноўны ўраджай далі палі, дзе захавалася вільгаць. Дапамагла тэхналогія. Мы яе пільна вытрымліваем. 

Хлебаробу, каб мець добры вынік, трэба паспець выканаць усё своечасова і якасна. У апошнія гады ўсё больш востра паўстае праблема кадраў. З кожным годам менш моладзі папаўняе калектыў.
На дзяржаўным узроўні трэба выпрацоўваць матывацыю працы на зямлі. На мінулым тыдні на нарадзе па пытаннях удасканальвання адукацыйнай сферы Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што неабходна падумаць пра павелічэнне тэрміну адпрацоўкі маладых спецыялістаў. Важна для іх на месцах ствараць спрыяльныя ўмовы працы і адпачынку. Больш увагі надаваць сацыяльнаму развіццю сельскіх населеных пунктаў, каб вытворчасць не абганяла сацкультбыт.
У нашай вёсцы Максімавічы закрылася школа, няма дзіцячага садка. Дзяцей возяць ва ўстановы адукацыі райцэнтра. Маладыя застаюцца жыць і працаваць там, дзе высокія заробкі за інтэлект, добраўпарадкаванае жыллё і гарантаваныя выхадныя. Толькі так чалавек сябе адчувае шчаслівым. 

— А для вас асабіста што значыць быць шчаслівым?

— Хадзіць па роднай зямлі. Шчасце, калі твае родныя здаровыя, калі ад працы атрымліваеш задавальненне. Праца павінна быць часткай жыцця, у якім ёсць месца і для адпачынку. Для хлебароба прыродай вызначана адпачываць, калі зямля ляжыць пад снежным покрывам. Нашы жонкі мараць пра мора. Мы таксама не супраць гэтага. Спадзяюся, што будзе такая магчымасць: убачым мора і горы, павандруем і па роднай зямлі. Беларусь багатая на гістарычныя мясціны. А хіба не адпачынак — палюбавацца асеннім лесам, прайсціся скошаным лугам, паназіраць, як прабіваюцца першыя парасткі азімых. Навакольная прырода — сапраўдная скарбніца прыгажосці. Важна ўмець гэта адчуваць сэрцам і бачыць. 

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter