Удава партызана Соф’я Пятроўна Заяц успамінае гераічныя і трагічныя будні Гацукоўскага падполля

Брат за брата

Слуцкая вёска Гацук патанае ў садовай белізне. Разгалістыя яблыні і славутыя грушы-бэры, шаўкавістыя вішні і каржакаватыя слівы шчодра ўсыпаны пяшчотнай квеценню. На цэнтральнай вуліцы ўзвышаецца акуратна дагледжаны мемарыял воінам-вызваліцелям і землякам, што загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. За семдзесят мірных вёснаў змянілася некалькі пакаленняў сялян. У зручных сучасных катэджах жывуць механізатары, жывёлаводы, спецыялісты сельскагаспадарчага філіяла “Крывая Града” адкрытага акцыянернага таварыства “Слуцкі сыраробчы камбінат”. Добраўпарадкаваным жыллём забяспечаны і мясцовыя інтэлігенты, што працуюць у сельсавеце, сярэдняй школе, фельдчарска-акушэрскім пункце, бібліятэцы, Доме культуры. 



У ДЗЕНЬ Перамогі ў ганаровай варце паўстануць каля Гацукоўскага абеліска школьнікі, ускладуць жывыя кветкі і вянкі ўдзячныя вяскоўцы. У школьным музеі захоўваюцца дакументы, што сведчаць пра мужнасць і гераізм змагароў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікую Айчынную вайну. 

У першыя дні вайны сакратар Мінскага абкама партыі Васіль Іванавіч Казлоў даручыў загадчыку ваеннага аддзела Грэскага райкама партыі Уладзіміру Іванавічу Зайцу заняцца арганізацыяй падпольнай барацьбы з ворагам. Цэнтрам гэтай дзейнасці Уладзімір Іванавіч абраў родную вёску Гацук, дзе ўсіх добра ведаў. 

Старэйшая жыхарка Гацука Соф’я Пятроўна Заяц і ў дзевяноста гадоў да дробязей захоўвае ў памяці перажытае ў ваеннае ліхалецце.

— Мы пачулі пра нападзенне фашысцкай Германіі на нашу краіну і адразу кінуліся хаваць вопратку, зерне, сала, — узгадвае Соф’я Пятроўна. — Праз некалькі дзён па вёсцы сталі стракатаць матацыклы з чужакамі. Яны дабраліся і да нашага падворка. Гітлераўцы занялі пярэднюю частку хаты, а мы сям’ёй таўкліся ў кухні за печчу. Аднойчы маці паліла ў печы, і худы высокі нямецкі афіцэр прынёс з двара жэрдку, стаў яе ў печ піхаць, а яна не ўмяшчалася. Маці запярэчыла, што хата можа згарэць. Фашыст раз’юшыўся і, каб не мясцовы, з суседніх Шышчыц, перакладчык, забіў бы яе. Зямляк ціхенька прашаптаў, каб маці маўчала, а сам супакойваў акупанта.


Кіраўнік Гацукоўскага падполля Уладзімір ЗАЯЦ.

— Так вайна ўварвалася ў ваша мірнае жыццё.

— Вайна перакрэсліла ўсё. Мне заставаўся год да заканчэння сямігодкі, збіралася далей вучыцца.

Зямля нас выручала: карміла і апранала. Вясною поле засявалі, збіралі ўраджай, употай партызан падтрымлівалі. Да Гацука падступалі непраходныя балоты, за якімі пачынаўся лес, і там з першых дзён вайны збіраліся народныя мсціўцы. Арганізатарам партызанскага руху быў мой стрыечны брат Уладзімір Іванавіч Заяц. Партызаніла і яго сястра Алеся, якую ў атрадзе звалі Шурай. 

ЯК расказваў мой муж, які ў пачатку вайны быў непрызыўнога ўзросту, калі фашысты акупіравалі нашу вёску, у акно ноччу пастукалі. Канстанцін Заяц усхапіўся, адчыніў дзверы, і ў хату ўвайшоў сваяк Уладзімір Іванавіч Заяц. Пабудзілі старэйшага брата Івана, які па стану здароўя не быў прызваны ў Чырвоную Армію.

Размова была сакрэтнай і кароткай. Уладзімір Іванавіч даручыў братам збіраць зброю, дапамагаць чырвонаармейцам, якія трапілі ў акружэнне, сачыць за перамяшчэннем варожай тэхнікі на шашы Слуцк—Мінск. На развітанне дадаў, каб былі гатовы трымаць сувязь з прадстаўнікамі падпольнай группы. Так мой будучы муж Канстанцін Заяц і яго брат Іван уключыліся ў барацьбу з ворагам. Начамі перавозілі харчы і адзенне для народных мсціўцаў. Днём назіралі за рухам на слуцкай шашы, употай перадавалі звесткі ў атрад. Імкнуліся і самі ў атрад, але кіраўнікі падполля пераконвалі іх, што яны патрэбны ў вёсцы. Ноччу смелыя браты наведвалі суседнія вёскі Белую Лужу, Буду, Шышчыцы і мястэчка Грэск, дзе размяшчаліся варожыя гарнізоны, і збіралі там звесткі. Насілі і распаўсюджвалі лістоўкі, якія ім перадавалі з лесу. 

Мясцовыя радыёаматары Юльян Каляда і Анатоль Дубовік, Станіслаў Крэўскі і Мікалай Пакалевіч сабралі прыёмнік. Хавалі ў вёсцы Залессе, куды прыходзілі сувязныя і даведваліся па радыё пра сітуацыю на франтах. Дзяліліся з людзьмі пачутым. Моладзь з навакольных вёсак папаўняла партызанскі атрад.


Былы партызан Канстанцін ЗАЯЦ (злева).

— А вашы бацькі падтрымлівалі сувязь з народнымі мсціўцамі?

— Як і ўсе вяскоўцы, знаходзілі магчымасць адзеннем, харчамі цішком дапамагаць партызанам. Пераказвалі адзін аднаму ўсё, што ведалі пра падзеі на фронце.

Праз год пасля акупацыі нехта данёс фашыстам пра сувязь Івана і Канстанціна Зайцаў з партызанамі. Старэйшы Іван з сям’ёю быў ужо ў лесе, а халасцяк Канстанцін выконваў заданні сувязнога. Не ведаючы пра здрадніцкае данясенне, на досвітку адправіўся ў тайнік забраць патроны і перанесці ў Вераб’ёўскія лясы, дзе размяшчаўся атрад. Маці яго Лукер’я Фёдараўна запрагла каня і павезла малоць зерне ў будаўскі млын. Як толькі выехала за аколіцу, на падворку з’явіліся карнікі. Перавярнулі ўсё ў хляве, выламалі дзверы ў хаце і паўзрывалі падлогу, распаролі падушкі. Павыбівалі цэглу ў печы, але так нічога і не знайшлі. Пакінулі засаду, і як толькі гаспадыня вярнулася, схапілі яе і павезлі на допыт у бункер, што стаяў каля слуцкай шашы. Катавалі, каб даведацца, дзе партызаняць сыны. Маці сцвярджала, што яны на фронце. Невядома, чым гэта закончылася б, каб не знаёмы паліцай, які пацвердзіў словы Лукер’і Фёдараўны. Змучаную сялянку адпусцілі, і ў тую ж ноч вяскоўцы пераправілі яе ў партызанскі атрад імя Суворава.

Па даносе здраднікаў арыштавалі гітлераўцы гацукоўскіх падпольшчыкаў Васіля Нямковіча, Івана Крэпскага, Алеся Бурака з жонкаю Аўдоццяй і сынамі Анатолем і Канстанцінам. Усіх адправілі ў мінскую турму, адкуль Бурак з сынамі не вярнуліся. 

Гацукоўскае падполле, у якое ўваходзілі адважныя вяскоўцы, дзейнічала да самага вызвалення Случчыны. Многія сяляне сталі байцамі партызанскага атрада імя Суворава, якім спачатку кіраваў Леанід Пятровіч Сцефанюк. Яго замяніў Уладзімір Еўстаф’евіч Шпакоўскі. Апошнім камандзірам атрада быў Іван Фёдаравіч Шпакоўскі. 

Вясковыя падпольшчыкі трымалі сувязь з кіраўнікамі партызанскага руху. Былы старшыня гацукоўскага калгаса імя Варашылава Анатоль Нямковіч, рызыкуючы жыццём, доўгі час пастаўляў у атрад прадукты. Наладзіў Анатоль Фёдаравіч сувязь з урачамі Уздзенскай бальніцы і дастаўляў партызанам медыкаменты. Здабываў і перапраўляў боепрыпасы. За адзін вясновы месяц яму ўдалося папоўніць партызанскі арсенал дзесяццю гранатамі і дваццаццю двума вінтоўкамі.

Праз вяскоўца Тараса Беразоўскага падпольшчыкі наладзілі сувязь з медыкамі Грэскай бальніцы, якою кіраваў урач Юрый Рыгоравіч Войчык. Яго актыўная памочніца медсястра Ірына Каліноўская, якая з параненымі салдатамі прабралася ў Грэск у першыя дні вайны з прысталічнай вёскі Станькава, арганізоўвала адпраўку іх ў партызанскія атрады Случчыны.

КІРАЎНІКА падполля Уладзіміра Іванавіча Зайца абралі членам утворанага ў гады акупацыі Слуцкага міжрайкама партыі, а потым і сакратаром адноўленага Грэскага райкама партыі. 

Вясною 1942 года на дапамогу народным мсціўцам у Вераб’ёўскі лес прыбыў з тылу дыверсійна-разведвальны атрад асобнага прызначэння “Мясцовыя” на чале з вопытным камандзірам Станіславам Ваўпшасавым, які меў падпольную мянушку Градаў. (Адна з вуліц беларускай сталіцы названа ў яго гонар.) 

— Бацька часта ўзгадваў смелага камандзіра, — распавядае Валянціна Канстанцінаўна, дачка Соф’і Пятроўны Заяц. — Градаў узначальваў інтэрнацыянальны атрад, у якім змагаўся і наш аднафамілец з Чэхіі. Мы з маці думалі, што бацька памыляўся, калі расказваў пра чэха Зайца. Але ў кнізе Станіслава Ваўпшасава “Партызанская хроніка” прачытала прозвішча чэшскага байца Зайца і заплакала ад нечаканасці. 

Нахлынулі ўспаміны бацькі пра рызыкоўныя баявыя аперацыі “градаўцаў” непадалёку ад нашай вёскі. Ён расказваў, як разведчыкі данеслі, што варожы гарнізон у суседняй Белай Лужы атрымаў падмацаванне і рыхтуецца да наступлення на атрад Градава. Камандаванню партызанскага атрада імя Суворава, байцом якога быў бацька, медсястра Ірына Каліноўская паведаміла таксама пра карніцкія задумы варожых гарнізонаў Грэска і Слуцка. Фашысты планавалі адначасова напасці на партызан некалькімі гарнізонамі. Камандзір Градаў дэталёва распрацаваў план, па якім непадалёку ад моста праз раку Случ, на бальшаку Асіповічы—Бабоўня, байцы занялі лінію абароны. Сумесны атрад “градаўцаў” і партызан тварам у твар сустрэліся з моцна ўзброенымі варожымі фарміраваннямі. Ваўпшасаў сам асабіста павёў байцоў у атаку. Гітлераўцы адступілі. 

Народныя мсціўцы не давалі спакою акупантам. Даведаліся, што ў суседнюю вёску Белая Лужа, дзе базіраваўся варожы гарнізон, гітлераўцы прыгналі жывёлу, прывезлі сала, масла, яйкі, муку. Вырашылі ўсё гэта забраць, не выклікаючы ніякай падазронасці і без лішняга перапалоху. Два дзясяткі байцоў з надыходам цемры падабраліся да вясковай аколіцы і пасля апоўначы пад прыкрыццём густога туману, што ахутаў наваколле, пагрузілі на павозкі ўвесь харч і вывелі з хлява кароў.

— Не толькі поспехі, але і страты падсцерагалі змагароў, — адзначае Соф’я Пятроўна Заяц. — Цяжкае асабістае выпрабаванне выпала на долю кіраўніка падполля Уладзіміра Іванавіча Зайца. Па даносе правакатара карнікі зімою 1942 года высачылі яго жонку Галіну Якаўлеўну і яе старэнькую маці Хрысціну Пятроўну Хоцька. Уладзімір Іванавіч даведаўся пра данос і кінуўся ў вёску, каб забраць іх у атрад, але не паспеў. Фашысты схапілі іх. Катавалі жонку і цёшчу. Нічога не дабіліся і расстралялі каля слуцкай вёскі Палікараўка. Дваіх маленькіх дзетак партызанскага камісара забілі, стукнуўшы аб вугал хаты галавой. Сяляне пахавалі іх усіх у адной магіле. Паставілі ім помнік.

— Пасля вайны Уладзімір Іванавіч завёў новую сям’ю, — распавядае яго пляменніца Валянціна Канстанцінаўна Заяц. — Разам з жонкай выхавалі сына і дачку. Часта гасцявалі ў нас. І пры кожнай сустрэчы вочы Уладзіміра Іванавіча напаўняліся слязамі... 

ПА запавеце яго пахавалі ў той жа магіле каля Палікараўкі. Трыццаць пяць гадоў яны ўжо разам. А ў нашым школьным музеі арганізатару Гацукоўскага падполля прысвечана асобная экспазіцыя. Уладзімір Іванавіч Заяц усе пасляваенныя гады аднаўляў народную гаспадарку. Працаваў на кіруючай пасадзе і быў выдатным майстрам. У нашым доме пакінуў памяць аб сабе: сваімі рукамі змайстраваў аконную раму на верандзе, якая і цяпер як новая. 

— Баявы паплечнік яго па падполлі і партызанскім атрадзе імя Суворава Канстанцін Васільевіч Заяц стаў маім мужам, — ганарыцца Соф’я Пятроўна. — Пасля вайны сваталіся і іншыя кавалеры. Адзін з фронту прыйшоў без рукі і настаўнічаў. У другога ногі моцна параненыя. Прыкра было адмаўляць ім, але сэрцу не загадаеш. Думала, што застануся адна. 

Каля нашай вёскі ў першыя пасляваенныя гады стаялі вайскоўцы, і малады салдацік упадабаў мяне. Невысокі, прыгожы і нават пісьмы пісаў. А я паехала ў Германію забіраць кароў, што ў вайну акупанты вывезлі. Пакуль пешшу праз усю Польшчу гнала іх, так і размінуліся. 

Расла сціплай, сарамлівай. Хадзіла з сяброўкамі ў сельскі клуб на танцы і ў кіно. Тады вялікіх гулянак не ладзілі. Хлопцаў мала было, многія з вайны не вярнуліся. Канстанцін у партызанах быў, пасля перамогі служыў яшчэ ў арміі. Пасватала яго цётка і запэўніла, што будзем добра жыць. Так і пайшла замуж. Дом збудавалі, яблыні і грушы пасадзілі, дзяцей выхавалі. Унукі працягваюць ужо наш род.

— Свята Перамогі светлае і шчымлівае ў нашай сям’і, — змахвае слязу з вачэй дачка Валянціна. — Звычайна бацьку ў такі дзень віншавалі, а цяпер кветкі яму аднясём. І да магілы ў Палікараўцы наведаемся. У кожнай сям’і свой сум у гэты святы дзень…

Мы развітваліся з гаспадарамі на залітым сонцам падворку. 

— Лета малочным павінна выдацца, — пазіраючы на працавітых пчол, што абляпілі квітнеючую яблыню, вымавіла гаспадыня і дадала: — Галоўнае, каб шчаслівым для дзяцей і ўнукаў было.

Уладзiмiр СУБАТ

Слуцкі раён

Фота аўтара і з сямейнага архіва Соф`і ЗАЯЦ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter