“Браму скарбаў сваіх адчыняю...”

Багацце краіны можна пабачыць не толькі ў музеіУпершыню выявы амаль усіх найкаштоўнейшых вырабаў з золата і серабра, якія з’яўляюцца нацыянальнай спадчынай Беларусі і захоўваюцца на тэрыторыі нашай краіны –- у музейных фондах, а таксама ў праваслаўных і каталіцкіх прыходах, сабраны пад адной вокладкай –- у альбоме журналістаў Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Аляксеева і Алега Лукашэвіча “Спадчына Беларусі. Скарбы”.

Выданне стала лагічным працягам мастацкага праекта “Спадчына Беларусі”, які пачаўся яшчэ ў 2004 годзе. Як вядома, альбом перавыдаваўся восем разоў агульным накладам 26 500 асобнікаў -– гэта рэкорд у беларускім кнігавыдавецтве. Гэтая праца была удастоена вышэйшай узнагароды ў кнігавыдавецкай справе -– Дыплома Францыска Скарыны. Аўтары атрымалі прэмію Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”.
Новы альбом –- таксама унікальны і па мастацкім афармленні, і па змесце. Журналісты працавалі над кнігай амаль чатыры гады.
“Адразу нам казалі, што мы не зможам знайсці ў Беларусі столькі скарбаў, каб змясціць іх выявы аж на 320 старонках, -- прызнаецца адзін з аўтараў Алег Лукашэвіч. –- Сваёй працай мы даказалі, што скарбніца беларускай зямлі не вымяраецца старонкамі. А культурных каштоўнасцей наша Радзіма мае сапраўды многа. Наша праца над альбомам дапамагла музейным работнікам больш дакладна атрыбуціраваць многія экспанаты”.
Дагэтуль многія скарбы Беларусі былі вядомы толькі вузкаму колу спецыялістаў. А цяпер падзівіцца на цуды нашай Бацькаўшчыны можа кожны, хто возьме ў рукі новы альбом Аляксандра Аляксеева і Алега Лукашэвіча. Аўтары прызнаюцца, што, даследуючы каштоўнасці,  зрабілі і для сябе шмат адкрыццяў.
...Зіхаціць на старонках фаліянта рэчавы скарб з Полацка, знойдзены ў 1984 годзе. Гэта залатыя бранзалеты з выявамі драконаў, скроневыя кольцы, ажурныя пацеркі, вырабленыя полацкімі майстрамі ў IX--X стагоддзях.
А вось упрыгожанні накшталт абруча з бронзы або серабра, якія нашы продкі насілі на грыве (так па-стараславянску называлі шыю). Грыўні шыйныя найбольшае распаўсюджанне атрымалі ў VIII–-XIII стагоддзях. Залатыя і сярэбраныя грыўні былі адзнакай улады. Яны захоўваюцца сёння ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.
Найбольш глыбокі ўплыў на развіццё беларускай культуры ў X--XIV стагоддзях зрабілі ўсходнія традыцыі, перш за ўсё візантыйскія. Аднак купцы з беларускіх гарадоў падтрымлівалі сувязі яшчэ з мусульманскім Усходам і Персіяй. Культура Усходу выклікала захапленне сваёй раскошай. Гэта знайшло адлюстраванне ў касцюме, зброі і побыце беларусаў. У альбоме –- выява унікальнага экспаната, які, магчыма, быў элементам пояса Вітаўта, падараванага вялікаму князю крымскім ханам Хаджы-Гірэем. Пояс Вітаўта быў знойдзены ў пачатку 90-х гадоў у вёсцы Літва Маладзечанскага раёна. Зараз часткі пояса знаходзяцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі.
Уражвае аздабленнем абраз Маці Божай Будслаўскай. Сярэбраную з пазалотай і каштоўнымі камянямі паверхню пакрываюць накладныя кветкі. Адзенне, упрыгожанае рубінамі, тапазамі, сапфірамі, ізумрудамі, сімвалізавала дасканаласць, паўнату мудрасці і вянец прыгажосці. Абраз абкладзены сярэбранай рамай з арабескавым арнаментам у стылі позняга Рэнесансу, у які ўпісаны фігуры святога Казіміра, магчыма, святой Ядвігі.
Падарожнічаючы па старонках фаліянта, чытач адчувае бег гісторыі, на свае вочы бачыць, як развівалася ювелірнае мастацтва ў Беларусі. Гартаючы альбом, упэўніваешся, што развіццё нашай культуры не спыняецца. У знак таго аўтары завяршылі кнігу выявай твораў, зробленых у наш час па старадаўніх тэхналогіях, -- крыжа і ракі святой Еўфрасінні Полацкай, адноўленых мастаком Мікалаем Кузьмічом.
А пакуль мы толькі адкрываем для сябе скарбы Беларусі, Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч пачынаюць работу ўжо над трэцім альбомам, прысвечаным культурнай спадчыне нашай Радзімы.
Аздабленне абраза Маці Божай Будслаўскай належыць да лепшых узораў злотніцкага майстэрства на Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter