Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

500-годдзю беларускага кнігадрукавання прысвячаўся Навукова-культурны форум у мінскім Палацы мастацтваў

Больш ведаць — каб лепш разумець

Друкаваная кніга “Псалтыр” на старажытнай беларускай мове была першаю выдадзена Францыскам Скарынам: 6 жніўня 1517 года ў Празе. Якраз тую падзею мы адзначаем, рыхтуемся да Свята беларускага пісьменства, што да яе дастасавана. І ўжо на пачатку Года Скарыны прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, гісторыкі, мовазнаўцы, паэты і музыканты сабраліся ў мінскім Палацы мастацтваў: там прайшоў навукова-культурны форум “Ф. Скарына — наш гістарычны лёс, наша мінулае, наша цяпершчына, наша будучыня”. Гэтак ушанавана памяць беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, гэта і спроба вызначыць шляхі даследавання яго біяграфіі, духоўна-асветніцкай дзейнасці.

Вядучымі на форуме былі доктар філасофіі Ірына Дубянецкая і мастак Мікола Купава

Што паказаў форум? Хоць цікавасць да асобы вялікага палачаніна вялікая, аднак у біяграфіі Францішка Скарыны, казаў кандыдат філалагічных навук Лявон Баршчэўскі, застаюцца белыя плямы. Невядома, калі ён нарадзіўся і калі памёр, дзе пахаваны, нават Францішкам ці Георгіем зваўся, да якой канфесіі адносіўся, на старабеларускай альбо на царкоўнаславянскай мове выдаў свой пераклад Бібліі. У сёлетні Год навукі добра было б спалучыць культуру і навуку, паглыбіцца ў невядомыя старонкі ў жыцці, дзейнасці беларускага мысляра, генія беларускай нацыі — так назваў яго ў сваім дакладзе акадэмік НАН Беларусі, доктар гістарычных навук Міхаіл Касцюк. Нельга сказаць, што гэта не рабілася й раней. А новыя даследаванні біяграфіі Скарыны прадставіў на імпрэзе кандыдат гістарычных навук Алесь Жлутка, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН.

Дакладных звестак пра першадрукара не знойдзена з часу атрымання ім ступені бакалаўра ў Кракаве (1506) да 1512 года. Таксама невядома, хто накіраваў яго ў Кракаўскі ўніверсітэт, і дзе Скарына атрымаў магістарскую ступень. Мы не ведаем нават, дзе хлопец навучаўся пісьменнасці. Існуюць розныя версіі. Магчыма, ён быў звязаны з Полацкім манастыром бернардынцаў, пры якім вывучаў лацінскую мову, а веды ў праваслаўнай традыцыі і ў старабеларускай кніжнай мове — пры адным з полацкіх праваслаўных манастыроў. То можа й таму погляды вялікага палачаніна на хрысціянскія ды іншыя веравызнанні вызначаліся талерантнасцю? А Вялікае Княства Літоўскае ў тагачаснай Еўропе вылучалася тым, што ў краіне мірна ўжываліся праваслаўныя, каталікі ды іудзеі, прадстаўнікі іншых канфесій. Такія ўмовы былі надзвычай карыснымі для дзяржавы і грамадства, каб выстаяць у барацьбе з ворагамі.

Пра канфесійную прыналежнасць Скарыны і месцы ягонай магчымай першапачатковай адукацыі ў Полацку расказаў доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч. А дзейнасць першадрукара ў экуменічным кірунку, якая сведчыць пра яго верацярпімасць, адкрытасць, прааналізаваў доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс. Ён жа выказаў меркаванне, што Скарына быў адным са складальнікаў Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 года. І гэта азначае: у тым, што мы сёння існуем як нацыя, найпершая заслуга якраз Францыска Скарыны.


Францыск Скарына і ягоны асабісты знак
На працягу 1517—1519 гадоў у Празе Скарына выдаў 22 кнігі Бібліі на роднай мове, упершыню ўзняўшы яе на ўзровень мастацкай, навуковай, пра якую пісаў: “Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў”. Але што з сябе ўяўляе тая мова, на якой друкаваліся тагачасныя кнігі, якую ролю адыгралі пераклады Бібліі ў культуралагічным працэсе на беларускіх і ўсходнеславянскіх землях? На гэтыя пытанні адказала Ірына Дубянецкая — доктар філасофіі, доктар сакральнай тэалогіі. Друкуючы кнігі на роднай мове, Скарына клапаціўся, каб усё было зразумела чытачам, рабіў пераклады і тлумачэнні. Гэта былі першыя лексікаграфічныя спробы, таму можна сказаць, што Скарына — першы ў краіне лексікограф. Вялікую мастацкую каштоўнасць маюць ягоныя прадмовы і пасляслоўі да кожнай кнігі Бібліі, да самога выдання.

Мы ведаем: Скарынавы кнігі ўпрыгожваюць высакаякасныя ілюстрацыі — гравюры, партрэты, кампазіцыі. Яны дапамагаюць раскрыццю мастацкіх вобразаў. На форуме прагучалі разважанні музеязнаўцы і мастацтвазнаўцы Ірыны Зварыкі наконт прыхаваных матываў гравюры Скарыны ў Кнізе прарока Даніэля. Мікола Купава, мастак, гісторык мастацтва, адзін з арганізатараў форума, прадставіў расказ аб гравюрах у выглядзе мультымедыйнай прэзентацыі. Цікава было паглядзець на творы Скарыны вачамі мастака. Большасць гравюр пражскіх выданняў аўтар пазначыў асабістым знакам — выявамі сонца і месяца з чалавечымі тварамі. Тут меркаванні даследчыкаў разыходзяцца. Некаторыя лічаць, што яны сімвалізуюць кнігу, як крыніцу мудрасці і ведаў, іншыя — гэта асабістая манаграма Францыска Скарыны, якой ён адзначаў менавіта свае творы. Мікола Купава выказаў думку, што гэта знак адраджэння, знак святла навукі, культуры, мастацтва.

З літаратурнай спадчынай Скарыны ўдзельнікаў імпрэзы пазнаёміў лаўрэат Дзяржпрэмii Беларусi iмя Янкi Купалы, паэт Алесь Разанаў, а на словы Сяргея Панізьніка прагучала “Малітва Францыска Скарыны” ў выкананні спявачкі Ярыны.

Францыск Скарына — адзін з тытанаў эпохі Адраджэння. Ён увайшоў у гісторыю нашай дзяржавы як першадрукар і вучоны, асветнік і гуманіст, паэт і медык, філосаф і мастак, батанік і астраном. Сэнс дзейнасці сваёй бачыў ён у служэнні народу, шукаў шляхі духоўнага ўмацавання і абнаўлення, імкнуўся далучыць суайчыннікаў да набыткаў агульначалавечай культуры і рабіў гэта праз кнігі. Ягоная спадчына — гэта наш нацыянальны скарб, які трэба шанаваць і яшчэ больш дасканала вывучаць.

Удзельнікі мінскага Навукова-культурнага форуму выказалі прапанову кананізаваць Скарыну і ў праваслаўнай, і ў каталіцкай канфесіях. Але намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, кандыдат культуралогіі Алесь Суша адзначыў: гэтае пытанне выходзіць за межы кампетэнцыі ўдзельнікаў форуму. Вучоны падрабязна прааналізаваў, што варта нам супольна зрабіць у юбілейны год у памяць пра чалавека, які з’яўляецца нацыянальным сімвалам Беларусі.

Голас Радзімы № 9 (3513), чацвер, 2 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter