Больш пабудуеш — менш заплацiш?

Жыллё ў Беларусi, як i ў цэлым нерухомасць у свеце, няўмольна расце ў цане. Рыначных механiзмаў для знiжэння кошту квадратнага метра недастаткова. Трэба адмiнiстрацыйнымi метадамi рэзка павялiчваць аб’ём жыллёвага будаўнiцтва.

Жыллё ў Беларусi, як i ў цэлым нерухомасць у свеце, няўмольна расце ў цане. Рыначных механiзмаў для знiжэння кошту квадратнага метра недастаткова. Трэба адмiнiстрацыйнымi метадамi рэзка павялiчваць аб’ём жыллёвага будаўнiцтва.

На працягу апошнiх трох гадоў жыллё няўмольна даражэла. Цяпер, каб вырашыць кватэрнае пытанне ўласнымi сiламi, без падтрымкi дзяржавы, у Мiнску за квадратны метр трэба выкласцi не менш чым 700 долараў, у iншых абласных цэнтрах — 350—400. Летась у краiне пабудавалi каля 3,5 мiльёна квадратных метраў жылля, сёлета плануецца 4 мiльёны. Мiж тым, калi арыентавацца на сярэднiя еўрапейскiя паказчыкi, трэба будаваць не менш як 10 мiльёнаў.
У Мiнску, напрыклад, цяпер за год узводзяць менш за 1 мiльён “квадратаў”, а патрэба ацэньваецца ў 1,8 мiльёна, адзначае старшыня савета рэспублiканскага грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя “Нерухомасць” Мiкалай Прасталупаў. Сёння, па яго падлiках, у сталiцы патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў мае прыблiзна кожны трэцi жыхар. Выдаткi будаўнiчых арганiзацый няўмольна растуць, прапановы новых кватэр i жылля на другасным рынку ў адносiнах да попыту надзвычай малыя — таму i маем “завоблачныя” цэны.
Па яго словах, у свой час шмат праблем дапамаглi зняць “хрушчоўкi”. Цяпер жа беларускай сталiцы трэба iсцi па шляху Масквы i актыўна будаваць, улiчваючы даражыню зямлi, 18—20-павярховыя дамы, поўнасцю адмовiцца ад 9-павярховак. Для прыросту аб’ёмаў вельмi важна i тое, каб будаўнiчыя арганiзацыi хутка пераарыентавалiся на новыя тэхналогii, а гарадскiя ўлады аператыўна выдзялялi ўчасткi, прычым у належным выглядзе, падрыхтаваныя для пачатку работы.
Рост жыллёвага будаўнiцтва здольны “збiць” цэны i ў рэгiёнах. А сёння, адзначыў Мiкалай Прасталупаў, мясцовыя жыхары ў параўнаннi з мiнчанамi могуць дастаткова паспяхова вырашаць свае праблемы, набываючы кватэры на другасным рынку. Людзi з абласных, раённых цэнтраў цi яшчэ меншых населеных пунктаў у пошуках больш высокiх заробкаў нярэдка мяняюць месца жыхарства. Яны прадаюць кватэры, прапаноў аб рэалiзацыi досыць шмат, таму i цана квадратнага метра такога жылля, як правiла, на 50—100 долараў нiжэйшая, чым для новабудоўляў.
Важнасць “цэнавай праблемы” разумеюць i ва ўрадзе нашай краiны. Па iнiцыятыве Саўмiна дзейнiчае рабочая група, якая рыхтуе рэкамендацыi. Якiя “рэцэпты” нам выдадуць i наколькi iх прымяненне будзе плённым — убачым.
Калi ж казаць пра цяперашнюю сiтуацыю, то, як адзначылi спецыялiсты ў некалькiх агенцтвах нерухомасцi, летнi сезон з’яўляецца, як правiла, адным з самых спрыяльных перыядаў для тых, хто вырашыў набыць кватэру цi зняць яе. Далейшую дынамiку цэн спрагназаваць пакуль што дастаткова цяжка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter