Больш чым традыцыя

Часта можна пачуць меркаванне, што драўляная лыжка — сялянская архаіка, перажытак часу, сучасная кухня не мае патрэбы ў ёй. Маўляў, цывілізацыя пакінула лыжцы з дрэва месца толькі на паліцах этнаграфічных музеяў ды яшчэ ў якасці ўдарнага інструмента ў кампаніі балалайкі і гармоніка. Гэтыя меркаванні маюць права на існаванне, але скажыце, чаму амаль у кожнай сучаснай гаспадыні ў кухонным арсенале і дагэтуль маюцца гэтыя на дзіва дасканалыя і надзейныя сталовыя прыборы? Несумненна, прываблівае функцыянальнасць — з дапамогай драўляных лыжак вельмі зручна варыць варэнне, саліць грыбы, квасіць капусту, чэрпаць мёд. Іх форма адточвалася на працягу стагоддзяў. Акрамя таго, яны валодаюць сонечнай энергетыкай, якая сыходзіць як ад самога дрэва, так і ад працы майстра-лыжачніка. Магчыма, любоў да драўлянай лыжкі ў нас захавалася на ўзроўні падсвядомасці, а яшчэ гэта даніна традыцыі, памяць.

Народны майстар разьбы па дрэве Яўген Осіпаў са сваімі працамі ў Бярэзінскім музеі драўлянай лыжкі — адзіным у Беларусі музеі такога профілю.

Мінскі лыжачнік, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Уладзімір Сарокін на штогадовым фестывалі “Вясновы букет”.

Вядома, лыжкі — не творы народнага мастацтва, але якая асалода трымаць іх у руках, адчуваць пах натуральнага дрэва — бярозы, вольхі, ліпы, клёну. Цяпер, на жаль, не ў кожным раёне працуе ўмелец-лыжкар, які раз-пораз выносіць на мясцовы кірмаш свае саматужныя вырабы — малыя і вялікія лыжкі, чарпакі і каўшы. Для адных майстроў гэтае рамяство — магчымасць зарабіць, папоўніць сямейны бюджэт. Для кагосьці — баўленне часу, хобі, патрэбнасць прадэманстраваць свае разьбярскія здольнасці (дарэчы, тэхналогія вырабу драўлянай лыжкі надзвычай простая і даступная кожнаму). А хтосьці спрабуе даказаць, што лыжка ўсё-такі можа стаць мастацкім вобразам, творам. Але ўсе майстры тым ці іншым чынам працягваюць традыцыю вырабу беларускай лыжкі. Нездарма ў Беларусі выразанне лыжкі з дрэва разглядаецца як від рамяства. У краіне нават створаны музей, у якім сабрана вялікая калекцыя драўляных лыжак. Такую прывілею атрымаў горад Беразіно, дзе захавалася сапраўдная школа майстроў-лыжачнікаў.

Вось такое драўлянае дзіва ўбачылі жыхары Беразіно падчас прэзентацыі самай вялікай “Лыжкі-цмок”.

83-гадовы жыхар гарадскога пасёлка Івянец Валожынскага раёна Афанасій Кондрыкаў як толькі выйшаў на пенсію, успомніў рамяство свайго бацькі і захапіўся выразаннем лыжак з ліпы. Нават у халодны час яго майстэрня не пустуе.

Самабытны майстар па вырабе шумавых музычных інструментаў з вёскі Ваўканосава Круглянскага раёна Аляксандр Харкевіч робіць традыцыйныя лыжкі, якія выконваюць ударна-рытмічную функцыю ў вясковым фальклорным ансамблі.

Адна лыжка з музейнай калекцыі — сапраўдны гігант, прэтэндуе на статус самай вялікай у Еўропе: яна зроблена са старога дуба, вышыня якога дасягала 25 метраў, і называецца “Лыжка-цмок”. Яе амаль паўгода секлі, выдзёўбвалі, выразалі бярэзінскія майстры пад кіраўніцтвам вядомага лыжачніка Яўгена Осіпава.

Прафесіянальны электрык, жыхар вёскі Купічы Пружанскага раёна Уладзімір Мятліцкі ў вольны ад працы час рэжа драўляныя лыжкі і далучае сваіх унукаў да старажытнага рамяства.

Жыхар вёскі Грыгароўшчына Шаркаўшчынскага раёна майстар па апрацоўцы дрэва і выразанню лыжак Валянцін Піцько хваліцца жонцы сваёй плённай працай.

Максім Вечар

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter