Журнал «Маладосць» проводит конкурсы и растит таланты

Больш чым часопiс

Сённяшнi слоган гэтага выдання — «Больш чым часопiс». Але так было заўсёды: мы сустракалiся ў рэдакцыi на дыскусiях, тут вiраваў своеасаблiвы маладзёжны клуб, узнiкалi задумы розных праектаў. Пра цяперашнi дзень «Маладосцi» расказвае галоўны рэдактар Святлана Воцiнава.


— Як суiснуюць электронная i папяровая версii часопiса? 

— Яны дапаўняюць адна адну. Наш сайт дзейнiчае на базе сайта выдавецкага дома «Звязда». Там можна аформiць падпiску не толькi на папяровую, але i на PDF‑версiю. Усё больш новых iнiцыятыў прыходзiць звонку, ад сур’ёзных устаноў.

— Што гэта за праекты?

— Найперш конкурс бiя­графiчных твораў, прысвечаных пiсьменнiкам XIX стагоддзя «Слаўная кампанiя: рэАNIMAцыя» — на Мiнскай мiжнароднай выставе-кiрмашы падвялi яго вынiкi. Прапанова зыходзiла ад фiлалагiчнага факультэта БДУ. Яшчэ адзiн праект iнiцыяваў Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё: конкурс «Бацькаўшчына светлая мая», прысвечаны Году малой радзiмы. Ён адбываўся ў дзвюх намiнацыях: эсэ i паэзiя, у трох узроставых катэгорыях. На святочны фiнал у вялiкую студыю прыехалi ўсе лаўрэаты, больш за семдзесят чалавек. А ўдзел узялi каля чатырохсот. Цягам 2019 года у кожным нумары друкавалася лепшае з дасланага. Таксама «Маладосць» як структура выдавецкага дома «Звязда» з’яўляецца саарганiзатарам мiжнароднага конкурсу маладых пiсьменнiкаў «Першацвет», акрамя таго — iнфармацыйным партнёрам фестывалю «Горад i кнiгi». Штогод нашы супрацоўнiкi ўваходзяць у журы Рэспублiканскага лiтаратурнага конкурсу для студэнтаў «Аўтограф», якi праводзiцца пад патранатам Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасцi дзяцей i моладзi.

Часопiс «Маладосць» — не проста выданне плюс сайт, гэта культурны цэнтр, вакол якога ўвесь час нешта ўзнiкае i рухаецца.
— А яшчэ супрацоўнiкi рэдакцыi чытаюць лекцыi…

— Так, гэта частка нашай працы. Навучальная ўстанова можа заказаць любую лекцыю з дзесяцi прапанаваных — а ўзамен студэнтам трэба прайсцi наша анкетаванне. Тэмы незвычайныя, напрыклад, «Як прымусiць рэдактара надрукаваць ваш твор?», «Адкуль лезе крэатыў? Кiраўнiцтва па эксплуатацыi», «Майстэрства i мастацтва iнтэрв’ю», «Пра што «Маладосць»? Учора i сёння часопiса‑мары», «Ад «Маладняка» да «Маладосцi». Апошняя тэма, дарэчы, звязана з праектам «На хвалi часу, у плынi жыцця». Праект здзяйсняецца па iнiцыятыве Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi i ў супрацоўнiцтве з Беларускiм дзяржаўным архiвам‑музеем лiтаратуры i мастацтва i Дзяр­жаўным музеем гiс­торыi беларускай лiтаратуры.



— Цi шмат новых аўтараў?

— З’яўляюцца i з’яўляюцца. I не толькi з лiтаратурнымi творамi, але i з цiкавымi рубрыкамi. Адна з такiх навiнак — «Код паэзii. Узламаць нельга ўтойваць». Маладая паэтэса Кацярына Масэ дае майстар‑класы па стварэннi паэтычных тэкстаў. Другая — «Маргiналii». У ёй перакладчыца Ганна Янкута расказвае, як пры перакладаннi твора можна даведацца пра тое, пра што нiколi б не даведаўся, калi б проста яго прачытаў. 

— Як маладыя ўспрымаюць крытыку?

— Не бывае так, каб нечая зорка запалiлася ад першай публiкацыi. I першая публiкацыя можа адбыцца далёка не з першага прысланага ў рэдакцыю твора. Трэба прайсцi праз пахвалу i крытыку, успрымаючы тое i другое адэкватна. Пра нашу працу з iмi аўтары выказваюцца ў рубрыцы 100slow. Гэта лiтаральна сто слоў пра шлях у «Маладосць». Вось што, напрыклад, пiшуць нашы аўтары. «Не адмялi. Не пасмяялiся. Тэксты ўзялi i ўдумлiва прачыталi. Патлумачылi, дзе памылкi. Параiлi рэсурсы, даведнiкi, слоўнiкi. Пахвалiлi, падтрымалi, у друк адправiлi. I з дзяўчынкi за тры гады атрымаўся паспяховы запатрабаваны аўтар», — так успамiнае Юльяна Пятрэнка. «Толькi ўявiце: вашы творы чытаюць, падпраўляюць, друкуюць, ага, нават на паперы. А ў паштовую скрыню ляцяць зваротныя маладосцеўскiя лiсты з прапановай наведаць iмпрэзу, даслаць штосьцi новенькае». Гэта ўражаннi Дар’i Значонак.
Не бывае так, каб нечая зорка запалiлася ад першай публiкацыi. I першая публiкацыя можа адбыцца далёка не пасля першага прысланага ў рэдакцыю твора.
— Чым адрознiваюцца маладыя лiтаратары апошняга пакалення?

— Мне падабаецца ў сучаснай моладзi, што яна не мае таго снабiзму, якi суправаджаў папярэднiя пакаленнi: «Я вучуся ва ўнiверсiтэце — i гэта мяне ўзвышае, а той, хто працуе рукамi, такой павагi не заслугоўвае». Нашы аўтары працуюць у розных месцах. Для iх нармальна, што можна вучыцца ў аспiрантуры i тынкаваць сцены, быць рабочым на заводзе i друкавацца ў «Маладосцi». Я ўсё чакаю, калi ў масавай культуры зноў стануць героямi тыя, каго ўслаўлялi ў фiльмах 1950 — 1960‑х. 

— Хто ў вас можа надрукавацца?

— Паэты i празаiкi — да 35 гадоў. Крытыка, публiцыстыка, калумнiстыка не маюць узроставага цэнзу, абы гэта было цiкава напiсана. У творы павiнна быць нейкае зерне, няхай i засыпанае шалупiннем стылiстычных неахайнасцей — мы гатовы працаваць з маладым аўтарам колькi заўгодна. Звярнiце ўвагу на маленькую рубрыку «Так не пiшыце», якая падае тыповыя стылiстычныя памылкi з рэальных тэкстаў, прапанаваных да друку. Твор нам дастаткова прыслаць па пошце, хаця мы рады вiзiтам. Абавязкова пазначце прозвiшча, iмя, узрост, род заняткаў. 

cultura@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter