Свечкі і кветкі нясуць беларусы да Пасольства Францыі ў Мінску — у памяць пра загінулых ад тэрактаў у французкай сталіцы

Болем адгукаецца Парыж

Свечкі і кветкі нясуць беларусы да Пасольства Францыі ў Мінску — у памяць пра загінулых ад тэрактаў у французкай сталіцы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванні прэзідэнту Францыі Франсуа Аланду, французкаму народу, родным і блізкім загінулых і тых, хто пацярпеў ад серыі тэрактаў у Парыжы. Пра тое паведаміла прэс-служба Прэзідэнта. “З вялікім болем успрынялі ў Беларусі вестку пра шматлікія чалавечыя ахвяры ў выніку тэрарыстычных актаў, якія адбыліся ў Парыжы ў ноч з 13 на 14 лістапада 2015 года. Ад імя беларускага народа і сябе асабіста выказваю самыя глыбокія спачуванні і словы падтрымкі родным і блізкім загінулых і пацярпелых, а таксама ўсяму французкаму народу”, — гаворыцца ў тэксце спачування. Боль ад трагедыі ў Парыжы падзяляюць жыхары Беларусі: ля Пасольства Францыі ў Мінску шмат кветак, свечак, ікон. Словы падрымкі беларусы пакідаюць у Кнізе спачуванняў, якая знаходзіцца ў дыппрадстаўніцтве, дасылаюць па электроннай пошце. “Шчырыя і сардэчныя спачуванні народу Францыі. Міру, спакою, цярпімасці і любові ўсім людзям на зямлі! Беражыце адзін аднаго…”; “Я не Шарли... Но я несу цветы/ И зажигаю скорбные лампады,/ Склонившись на минуту у ограды/ И выпав из обычной суеты”, — радкі спачування ёсць і на старонцы Культурнага цэнтра Беларусі ў Францыі.

Дарэчы, паводле дадзеных Пасольства Беларусі ў Францыі, ніводзін беларускі грамадзянін не пацярпеў ад тэрактаў у Парыжы. Як заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі ды Іспаніі (па сумяшчальніцтве) Павел Латушка, грамадзяне Беларусі звяртаюцца ў Пасольства на гарачую лінію з просьбай аказаць ім садзеянне. Большасць пытанняў, што трывожаць беларусаў, звязаны з магчымасцю вярнуцца на Радзіму. У Пасольстве ім паведамляюць: ніводзін з авіярэйсаў кампаніі “Белавія” не адменены. І грамадзяне Беларусі могуць спакойна і бяспечна вярнуцца дадому.

Павел Латушка адзначыў таксама, што беларускае пасольства ў Францыі гатова аказаць садзеянне ўсім грамадзянам Беларусі, якія просяць аб дапамозе, а таксама іх родным. З-за некаторых перабояў у працы электроннай пошты беларусы могуць у любы час звязацца з Пасольствам па тэлефонным нумары дзяжурнага +33 144146975 або консула Беларусі ў Францыі +33 609784140.

Нагадаем. Увечары 13 лістапада ў Парыжы адбылася серыя тэрактаў. На час подпісу газеты ў друк вядома, што ў іх загінула 129 чалавек, яшчэ 352 паранены. Больш за ўсё людзей загінула ў канцэртнай зале “Батаклан”, дзе тэрарысты адкрылі агонь па гледачах. Паводле дадзеных беларускага Пасольства, на канцэрце знаходзіўся адзін грамадзянін Беларусі. Ён застаўся жывы, у хуткім часе вернецца дадому. Выбухі прагучалі таксама каля аднаго з рэстаранаў і стадыёна, дзе ішоў футбольны матч паміж  зборнымі камандамі Францыі ды Германіі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter