Боль уласны, боль супольны

Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік — так пададзены аўтары на знакавай для беларусаў кнізе “Я з вогненнай вёскі”. Як вядома, сябры-пісьменнікі разам ездзілі па Беларусі, запісвалі сведчанні ўцалелых жыхароў з соцень вёсак, спаленых фашыстамі разам з людзьмі, рыхтавалі кнігу. Лёсы кожнага з трох апаліла жорсткая вайна, яны, ствараючы кнігу, укладвалі ў радкі і ўласны жыццёвы досвед: франтавы і партызанскі. Можа, і таму балючыя споведзі і цяпер нікога не пакідаюць раўнадушнымі. А сёлета ёсць нагода добрым словам згадаць аднаго з аўтараў: 17 верасня адзначаліся 90-я ўгодкі Уладзіміра Калесніка.Ён нарадзіўся ў вёсцы Сіняўская Слабада Карэліцкага раёна Гродзеншчыны ў сялянскай сям’і ў 1922 годзе — яшчэ “за польскім часам”, як кажуць у заходніх рэгіёнах Беларусі. З дзяцінства добра маляваў акварэлямі, любіў сталярыць, майстраваць, нават сваімі рукамі, згадваў, зрабіў скрыпку. Паступіў ў 1936 годзе ў Наваградскую гімназію імя Адама Міцкевіча, марыў стаць мастацтвазнаўцам. Аднак, чытаючы палескія аповесці Якуба Коласа, вырашыў: лепш будзе вучыць сялянскіх дзяцей, як Андрэй Лабановіч, а маляваць — толькі для сябе. У планы ўварвалася Вялікая Айчынная вайна, якая застала будучага пісьменніка на трэцім курсе педвучылішча.
Уладзімір КалеснікАлесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік — так пададзены аўтары на знакавай для беларусаў кнізе “Я з вогненнай вёскі”. Як вядома, сябры-пісьменнікі разам ездзілі па Беларусі, запісвалі сведчанні ўцалелых жыхароў з соцень вёсак, спаленых фашыстамі разам з людзьмі, рыхтавалі кнігу. Лёсы кожнага з трох апаліла жорсткая вайна, яны, ствараючы кнігу, укладвалі ў радкі і ўласны жыццёвы досвед: франтавы і партызанскі. Можа, і таму балючыя споведзі і цяпер нікога не пакідаюць раўнадушнымі. А сёлета ёсць нагода добрым словам згадаць аднаго з аўтараў: 17 верасня адзначаліся 90-я ўгодкі Уладзіміра Калесніка.
Ён нарадзіўся ў вёсцы Сіняўская Слабада Карэліцкага раёна Гродзеншчыны ў сялянскай сям’і ў 1922 годзе — яшчэ “за польскім часам”, як кажуць у заходніх рэгіёнах Беларусі. З дзяцінства добра маляваў акварэлямі, любіў сталярыць, майстраваць, нават сваімі рукамі, згадваў, зрабіў скрыпку. Паступіў ў 1936 годзе ў Наваградскую гімназію імя Адама Міцкевіча, марыў стаць мастацтвазнаўцам. Аднак, чытаючы палескія аповесці Якуба Коласа, вырашыў: лепш будзе вучыць сялянскіх дзяцей, як Андрэй Лабановіч, а маляваць — толькі для сябе. У планы ўварвалася Вялікая Айчынная вайна, якая застала будучага пісьменніка на трэцім курсе педвучылішча. Уладзімір Калеснік удзельнічаў у падпольным антыфашысцкім руху ў Мірскім раёне, пазней быў кулямётчыкам, падрыўніком. З восені 1942-га камандаваў узводам, а праз год стаў начальнікам штаба атрада “Другі Камсамольскі” брыгады “Камсамолец” Баранавіцкага злучэння. У вайну атрымаў два раненні, з тых часоў і яго туберкулёз…
Сваю мару Уладзімір Калеснік усё ж ажыццявіў: пасля вайны скончыў педінстытут і заняўся выкладчыцкай працай. Застаўся ў гісторыі і як крытык, літаратуразнавец, празаік. Сярод яго вучняў — вядомыя навукоўцы-беларусісты Вера Ляшук, Аляксей Майсейчык, Галіна Малажай, пісьменнік-акадэмік Уладзімір Гніламёдаў і іншыя. Гэта Калеснік ладзіў літаратурныя экскурсіі для сваіх студэнтаў яшчэ ў 60-я гады. Распрацоўваў цікавыя маршруты, каб наведаць паболей знакамітых мясцін ды пабачыць помнікі дойлідства. Сам і праводзіў экскурсіі да канца 70-х. Яго клопатамі праходзілі сустрэчы студэнтаў і мастакоў слова, прычым у вечарынах удзельнічалі Іван Мележ, Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль, Іван Чыгрынаў і многія іншыя літаратары. А які ён быў педагог? Заўсёды справядлівы ў ацэнцы ведаў, але часам рэзкі, нават запальчывы ў зносінах са студэнтамі: у ваенны час фарміраваўся характар.
У літаратуру яго прывёў сябар, Янка Брыль, яны ж пазнаёміліся яшчэ ў партызанах. Спачатку Уладзімір Калеснік пачаў выступаць у перыядычным друку як літаратурны крытык. Потым свет пабачыла кніга ”Паэзія змагання” — грунтоўнае навуковае даследванне. Увогуле ж у каталогах знаходзім звыш 600 публікацый пісьменніка. Гэта літаратурныя партрэты, дакументальна-мастацкія аповесці, рэцэнзіі, падручнікі і дапаможнікі для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, палемічныя артыкулы. А самыя вядомыя з яго выданняў — ужо згаданая кніга “Я з вогненнай вёскі” (у сааўтарстве з А. Адамовічам і Я. Брылём), “Усё чалавечае”, “Тварэнне легенды”, “Янка Брыль: нарыс жыцця і творчасці” і іншыя. Апошняя кніга “Доўг памяці” вышла праз дзевяць гадоў пасля смерці аўтара агульнымі намаганнямі яго калег і вучняў — супрацоўнікаў кафедры беларускага літаратуразнаўства, філалагічнага факультэта і рэктара Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дарэчы, доўгі час, з 1956 да 1970 года У. Калеснік узначальваў Брэсцкае абласное літаб’яднанне.
Варта дадаць, што ветэран, пісьменнік Уладзімір Калеснік быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, “Знак Пашаны”, Дружбы народаў, ордэнам Францыска Скарыны, медалямі. Ушанаваны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа у 1980 годзе — за ўдзел ў напісанні двухтомнага даследвання “Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры” і “Гісторыі беларускай савецкай літаратуры”.
Цяпер у Брэсце на доме, дзе жыў пісьменнік, усталявана мемарыяльная дошка, з 2007 года там ёсць і вуліца яго імя. Саюз пісьменнікаў Беларусі заснаваў прэмію імя Уладзіміра Калесніка. У Брэсцкім дзяржуніверсітэце лепшыя студэнты-філолагі атрымліваюць стыпендыю імя У. Калесніка. Ладзіліся, ужо тройчы, навуковыя рэспубліканскія Калеснікаўскія чытанні, матэрыялы выйшлі асобнымі выданнямі.
Цяпер у зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі праходзіць кніжная выстава “Яркая постаць літаратуразнаўчай навукі”, прысвечаная Уладзіміру Калесніку.

Анёла Азарнская, супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
На здымку:
Уладзімір Калеснік
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter