Бог пасяліўся ў нас

Святкаванне нараджэння Хрыста, якое каталікі ў Беларусі адзначаюць 25 снежня, звязана з самым прыемным
Святкаванне нараджэння Хрыста, якое каталікі ў Беларусі адзначаюць 25 снежня, звязана з самым прыемным. Гэта сямейнае свята, калі нас наведваюць многія з тых, з кім мы даўно не бачыліся і не размаўлялі. Тыя, з кім у нас былі непаразуменні, знаходзяць сілы памірыцца з намі.


Аднак часта святкаванне нават такой вялікай урачыстасці зводзіцца толькі да каляднай мітусні: набыць падарункі, прыгатаваць смачныя стравы, павіншаваць як мага больш людзей... У такім выпадку для нас можа быць больш важна стварыць толькі святочную атмасферу, якая мае нейкае адценне рэлігійнасці: вянок, свечкі, сена пад абрусам, аплатак, пабожныя фігуркі ў батлейцы, упрыгожаная ёлка і гэтак далей.

Калі нашае святкаванне зводзіцца толькі да гэтага, то ў чым розніца нашай хрысціянскай веры ад паганства і прымітыўнага магізму? Якая вялікая тады прорва паміж намі і тымі, хто ў цяжкія часы пераследу не баяўся адмовіцца ад чагосьці, каб застацца верным сваім перакананням? У гэтым мы часам вельмі адрозніваемся ад першых хрысціян, якія былі гатовыя памерці за сваю веру.

Бог жыве ў сэрцы чалавека — гэта любяць паўтараць многія вернікі. Аднак некаторыя робяць са свайго сэрца турму для Хрыста, Богачалавека, паколькі жывуць так, як быццам Бога няма. Жыццё па інерцыі, ад свята да свята, не ўласцівае хрысціянскаму духу. Аўтаматычнае паўтарэнне аднаго і таго ж небяспечнае тым, што мы паўтараем тыя самыя няправільныя выбары. Лёгка забыцца, што чалавек важны не тым, што ён мае, не тым, якое ён робіць уражанне, а тым, кім ён сапраўды з’яўляецца. Хрыстовае нараджэнне запрашае нас дзяліцца дабром так, каб у наступным годзе яго было хаця б трошку больш.

Ксёндз Кірыл Бардонаў

Фота Максіма Вечара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter