Бог нас любіць

Біскуп Юрый Касабуцкі аб Божым пакліканні, духоўнай пустцы ХХІ стагоддзя і хрысціянскай моладзі

Біскуп Юрый Касабуцкі аб Божым пакліканні, духоўнай пустцы ХХІ стагоддзя і хрысціянскай моладзі

Зусім нядаўна ў беларускім Каталіцкім Касцёле з’явіліся тры новыя біскупы, дарэчы, усе яны маладога ўзросту і паходзяць з Беларусі. Алег Буткевіч узначаліў Віцебскую дыяцэзію, Юрый Касабуцкі стаў дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а Іосіф Станеўскі — дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. Новых біскупаў прызначыў сам Папа Рымскі Францішак напрыканцы мінулага года, а епіскапскае пасвячэнне намінантаў адбылося нядаўна.

Карэспандэнт “НГ” сустрэлася з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім і даведалася, што ён збіраецца зрабіць на новай пасадзе, як ацэньвае адносіны Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла і якія праблемы сучаснага свету лічыць найбольш небяспечнымі для чалавека.

— Вы з’яўляецеся адным з трох новых біскупаў Беларусі, якіх прызначыў Папа Францішак. Памятаеце свае першыя адчуванні ад гэтай навіны?

— Вядома, рашэнне Папы для ўсіх нас было крыху нечаканым. З хваляваннем успрыняў навіну аб тым, што Папа прызначае мяне біскупам. Для мяне гэта было крыху шокам.

— Калі толькі станавіліся на шлях служэння Богу, ці думалі, што станеце біскупам?

— Ніколі. Я паходжу з сям’і вернікаў. Не скажу, што мы вельмі часта ездзілі ў касцёл — былі розныя ўмовы. Але вера ўспаівалася бацькамі, дзядулем і бабуляй яшчэ ў дзяцінстве. А ісці на служэнне Богу я вырашыў ужо пасля войска. Родным было нялёгка ўспрыняць такое маё рашэнне. Напачатку я сам сабе павінен быў даць адказ, наколькі гэта свядома, наколькі я ўсё гэта разумею. А пасля, калі ўбачылі, што я свядома зрабіў такі выбар, былі задаволеныя.

— Што вам больш за ўсё хацелася б зрабіць або данесці да людзей, будучы біскупам?

— Хацелася б зрабіць тое, пра што сёння гаворыць Папа Францішак, — данесці да чалавека ўсведамленне таго, што Бог яго любіць. Усё, што робіцца ў Касцёле, накіравана на тое, каб чалавек пазнаў Бога, прыняў Яго і атрымаў збаўленне, якое Бог яму прапануе.

— Апошнім часам у беларускім Касцёле павялічваецца колькасць святароў родам з Беларусі. Наколькі паказальная гэтая з’ява? Ці існуюць сёння праблемы з маладымі кадрамі?

— Па сутнасці, справа паклікання да службы Божай знаходзіцца ў руках Божых. Бог дае сваё пакліканне. Гэта таямніца, якую мы не можам раскрыць. Бог сам рэгулюе, колькі павінна быць святароў, ён дае гэтыя пакліканні. Праўда, сучаснаму чалавеку вельмі складана адказаць Богу “так”. Справы сучаснага свету вырываюць чалавека з гэтай сцяжынкі. Сёння ў нас ёсць вельмі шмат святароў мясцовага паходжання. У часы майго дзяцінства іх было некалькі дзясяткаў, зараз ужо некалькі соцень. Нас становіцца больш, але і працы больш — Касцёл адраджаецца, развіваецца. Таму недахоп святароў і манахінь крыху яшчэ адчуваецца. Вось чаму ў нас пакуль ёсць крышачку святароў з-за мяжы. 

— Сёння вельмі часта можна пачуць, што свет мяняецца не ў лепшы бок, страчваюць каштоўнасць маральныя прынцыпы, чалавечыя адносіны. На вашу думку, гэта сапраўды так?

— Тэндэнцыі такія ёсць. Можа, у Беларусі гэта і не так заўважна. Усё ж такі наш народ мае традыцыйныя маральныя каштоўнасці і прытрымліваецца іх. Але, калі паглядзець на Заходнюю Еўропу, іншыя краіны свету, — насамрэч пераацэнка маральных каштоўнасцяў там адбываецца. Ёсць розныя структуры, якія спрабуюць увесці ў жыццё прынцыпы не толькі амаральныя, але і накіраваныя супраць жыцця чалавека. Свет на гэта клюе. Сучасны чалавек вельмі моцна прывязаны да пэўных матэрыяльных каштоўнасцяў. На першае месца ён ставіць паняцці “здабываць” і “мець”. Ствараецца пэўная духоўная пустка. А на яе месца павінна штосьці прыйсці. Часам прыходзяць ідэалогіі, якія накіраваны супраць чалавека, не на жыццё, а на забойства — эўтаназія, аборты і гэтак далей.

— Ведаю, што нядаўна ў вас быў дзень нараджэння. Што вам хацелася б пажадаць сабе і які падарунак атрымаць?

— Незалежна ад дня нараджэння ці нейкага іншага канкрэтнага дня хацелася б пажадаць сабе той Божай ласкі, каб вытрымаць у пакліканні, якое Бог мне даў. Бо сам я яшчэ не магу прызвычаіцца да новай функцыі, місіі. Хачу, каб Бог даў мне зразумець, што ён ад мяне хоча, каб я ўмеў адказваць яму так, як мы молімся ў штодзённай малітве: “Няхай станецца Твая воля”.

— Ці складана сёння прыцягнуць да рэлігіі моладзь? Якія новыя сучасныя метады практыкуе ў гэтым плане Каталіцкі Касцёл?

— Моладзі ў Касцёле хапае. Яе нават вельмі шмат. Душпастырскія акцыі, якія адбываюцца ў Касцёле, канцэрты, з’езды моладзі дапамагаюць ёй нейкім чынам рэалізавацца, быць разам. Той, хто любіць спяваць, можа займацца гэтым у хорах і розных групах, з тымі, хто любіць тэатр, ладзім розныя пастаноўкі. Але гэтыя акцыі не з’яўляюцца чымсьці, што накіравана менавіта на прыцягненне моладзі ў Касцёл.

— У многіх краінах часта здараюцца рэлігійныя сутычкі, нават войны. У Беларусі, дзякуй богу, такога не адбываецца. Як узаемадзейнічаюць у нас Праваслаўная Царква і Каталіцкі Касцёл?

— Беларусы заўсёды былі міралюбівым народам. Мы не любім войны і сутычкі. Калі ідзе гаворка пра суіснаванне розных рэлігій, то сёння Беларусь з’яўляецца адной з тых краін, дзе абсалютна мірна жывуць і хрысціяне розных канфесій, і  мусульмане, і іўдзеі... Мы не маем ніякіх непаразуменняў на рэлігійнай глебе. Супрацоўніцтва паміж праваслаўнымі і каталікамі ў нас таксама ёсць у пэўных галінах. Адбываюцца сумесныя канферэнцыі, сустрэчы, якія дапамагаюць абменьвацца вопытам у розных кірунках сучаснага жыцця.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter