Вандроўкі з Уладзімірам Субатам. Мястэчка Бобор на вялікім гандлёвым шляху

Бобр: другая Проараўка і першыя школьныя аграномы

Магдэбургскае права, якое ўзнікла ў ХІІІ стагоддзі, надавала паселішчам значную самастойнасць. Паводле яго, эканамічная дзейнасць, маёмасныя правы, грамадска-палітычнае жыццё, саслоўны стан жыхароў рэгуляваліся ўласнай сістэмай юрыдычных норм.

У 1762 годзе такое права і адначасова статус горада атрымала мястэчка Бобр, заснаванае на ажыўленым гандлёвым шляху паміж Мінскам і Смаленскам. Упершыню яно пісьмова ўзгадваецца ў 1516 годзе як сяло Забаброў’е Вялікага Княства Літоўскага. У розныя перыяды ім валодалі Друцкія-Красныя, Хадкевічы, Сапегі, Глінскія, Комары, Лендорфы, Агінскія, Друцкія-Любецкія.

На пачатку ХVІІ стагоддзя ўпершыню ў дакументах узгадваецца царква ў Бабры. Дзейнічалі вадзяны млын, гасцінны двор. Найбольшы росквіт мястэчка набыло ў другой палове ХVІІІ стагоддзя, калі колькасць падворкаў наблізілася да сотні. З’явіўся касцёл Божай Маці. Менавіта ў гэты перыяд вялікі князь Аўгуст ІІІ надзяліў Бобр Магдэбургскім правам і гербам — у блакітным полі дзве ўзброеныя фігуры святых Глеба і Барыса  ў каронах.


У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай правінцыяльнае паселішча адыйшло да Сенненскага павета Магілёўскай губерніі Расійскай імперыі. У 1803 годзе гаспадаром яго стаў Міхал Клеафас Агінскі. Восенню 1812 года пры адступленні французскіх войск у мястэчку начаваў Напалеон. Не абмінулі Бобр ваенныя падзеі мінулага стагоддзя. Неаднойчы ворагі знішчалі сядзібы. У Вялікую Айчынную гітлераўцы спалілі 273 падворка, загубілі 1237 жыхароў. Пры вызваленні паселішча ад акупантаў мучаніцкі загінуў савецкі афіцэр Васіль Чабатароў, якому пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У Бабры нарадзіліся Героі Савецкага Саюза Міхаіл Конанаў і Васіль Князеў, воін-інтэрнацыяналіст Мікалай Ляшкоў, пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

У 1938 годзе Бобр атрымаў статус пасёлка сельскага тыпу, а ў 1941-м  — гарпасёлка. У ім дзейнічаюць лясніцтва, філіял аблдарупраўлення, вытворчыя падраздзяленні ААТ «Кляновічы» і ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі».


Прыдарожная крынічка паміж Крупкамі і Талачыном нястомным раўчуком цурчыць да рэчкі Бобр, якая нясе свае воды да сястрыцы Беразіны. Побач абуладжана аўтастаянка, каб спадарожнікі маглі спыніцца і падбадзёрыцца гаючай вадзіцай. Заўжды свежая сцежка да вытока. Крутыя берагі рачулкі аблюбавалі няўрымслівыя бабры, ад якіх, пэўна, пайшла назва паселішча. Багатыя на прыродную даніну навакольныя лясы. Сёлетняя восень шчодра адорвае збіральнікаў журавін. Поўныя кашы спелых ягад жанчыны неслі з электрычкі, якою прыехаў на чыгуначную станцыю Бобр. Побач з вакзалам перад уваходам на падворак на таблічцы пазначаны цэны на прыродную даніну. Журавіны прымаюць па 4 рублі за кілаграм. За поўны кошык можна паўсотні рублёў атрымаць. Добрая цана і на грыбы.

Па шляху ад чыгуначнай станцыі да гарпасёлка, які на два кіламетры пралягае праз лес і поле, пачуў ад тутэйшага спадарожніка, што Бобр здаўна славіўся багатымі кірмашамі. Яблыку недзе было ўпасці на цэнтральнай плошчы ў базарны дзень. Не ўсім выпадала са сваім таварам уціснуцца ў гандлёвыя рады. З Оршы і Барысава, Чашнікаў і Бабруйску, больш дальніх мясцін ехалі сюды гандляваць.

Старшыня cельвыканкама Сяргей ГУР.

Жанчыны, што крочылі з электрычкі ў гарпасёлак, скардзіліся, што не грыбны выдаўся год. З-за сухога лета нават многія студні ў Бабры перасохлі. Ніна Бабіцкая, якую сустрэлі на ўскрайку гарпасёлка з вазком і малочным бідонам, пацвердзіла гэта. Праз некалькі хат на падворку, дзе прабіта свідравіна, бярэ пенсіянерка ваду. Перасох калодзеж, які паўвека таму на глыбіню 20 мураваных кольцаў выкапаў бацька Ніны Іванаўны. Гаспадыня адкрыла драўляную накрыўку, і мы ледзьве ўбачылі сухое пясчанае дно. Вазком таксама возіць ваду пенсіянер Генадзь Валодзькін, поіць некалькі разоў на дзень сваю кабылку.

Старшыня сельвыканкама Сяргей Гур паведаміў, што часткова ў гарпасёлку пракладзены водаправод. На вуліцах, дзе яго няма, гаспадары самі бураць свідравіны. Узровень грунтовых вод рэзка ўпаў напрыканцы мінулага стагоддзя пасля масавага асушэння навакольных балот. Паменшала крыніц.

Дзевяностагадовая ветэран працы Таісія Валодзькіна ўзгадала: калі яна пасля вайны прыехала ў Бобр працаваць майстрам на хлебапякарню, не было праблем з вадою. Гарпасёлак толькі адраджаўся. Узводзіліся жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы. Успомніла Таісія Антонаўна, як фашысты дашчэнту спалілі яе родныя мясціны, што каля Халопеніч. Адразу пасля нападу фашысцкай Германіі на нашу краіну яе бацьку Антона Яковіна прызвалі ў армію. Франтавымі дарогамі прайшоў ён да Перамогі. Фашысты на трэці дзень вайны на матацыклах ўварваліся ў іх глухую вёсачку і пачалі рабаваць усё, што бачылі на сялянскіх падворках. Маці засталася з пяццю дзецьмі. Ад знаёмых пачулі, што ў лесе арганізоўваецца партызанскі атрад. Старэйшая сястра Валянціна наладзіла кантакт з народнымі мсціўцамі. Стала сувязною.

Ветэран працы Таісія Антонаўна ВАЛОДЗЬКІНА.

Памятае Таісія Антонаўна, як з боку Барысава па некалькі разоў на дзень наляталі “чорныя вораны” і бязлітасна бамбілі вёску. З больш як сотні падворкаў уцалелі толькі чатыры хаты. Гаспадыня адной з іх прыняла пагарэльцаў. Разам і жылі да лета 1944 года, калі савецкія войскі з партызанамі вызвалілі вёску ад акупантаў.

Гарэзлівая іскрынка мільганула ў вачах жанчыны, калі ўзгадала вучобу на пекара ў пасляваенным Мінску. Пасля адкрыцця хлебапякарні ў Бабры прыехала працаваць майстрам. Ад гаспадыні, да якой уладкавалася на кватэру, шмат чула пра вар’яцкія здекі акупантаў над людзьмі. Фашысты знішчылі амаль палову жыхароў. Мемарыялам у цэнтры ўшанавана памяць ахвяр вайны.

Дарагою цаной далося вызваленне Бабра ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Летам 1944 года адступаючыя гітлераўцы танкамі ўзмацнілі свае пазіцыі на высокім прыбярэжным полі, з якога добра праглядваліся подступы да ракі Бобр. Мясцовыя сведкі бачылі, як пад палаючымі танкамі плавілася зямля.

Айцец Віктар БЕЛАЦАРКОЎСКІ.

Слухаючы расповяд Таісіі Антонаўны, старшыня сельвыканкама Сяргей Гур адзначыў, што другой Прохараўкай увайшла ў гісторыю танкавая бітва пад Бабром. Расказаў Сяргей Сцяпанавіч пра подзвіг савецкага афіцэра Васіля Чабатарова, якому разам з дэсантнікамі “Смерша” удалося захапіць “языка”. Баец узяў у палон афіцэра. Гітлераўцы ўсхапіліся і пачаўся рукапашны бой. Разведчыка акружылі і захапілі жывым. Па-зверску катавалі. Нескароны патрыёт Васіль Чабатароў пасмяротна ўганараваны званнем Героя Савецкага Саюза. На яго магіле ля рэчкі Бобр усталяваны помнік. Бюст мужнага франтавіка ўзвышаецца на пастаменце каля школы. Яго імем названы вуліца і школа на радзіме, у далёкім казахстанскім сяле Рузаеўка.

У краязнаўчым пакоі Бобрскага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад – сярэдняя школа імя А. В. Луначарскага адважнаму афіцэру прысвечаны стэнд. Мінулым летам у Бабры прымалі яго землякоў. Васьмідзесяцігадовы Сагыдал Топін у другі раз прыязджаў з Казахстана ў Беларусь. Чатырохгадовым хлопчыкам ён запомніў, як праводзілі на фронт суседа Васіля Чабатарова. Праз дзесяцігоддзі пасля вайны па інтэрнэце адшукаў, дзе пахаваны мужны зямляк. Пакланіцца магіле героя прыехала і нявестка Сыгыдала Гульбаршын Топіна.

Шмат цікавага пра бой на беразе ракі Бобр пачулі яны ад школьнага педагога Людмілы Ярамянок, якая займаецца пошукавай дзейнасцю. Дзякуючы Людміле Пятроўне створаны ўнікальны краязнаўчы музей, дзе праводзяцца ўрокі гісторыі. Пачынаў збор краязнаўчых экспанатаў яе бацька, настаўнік фізікі Пётр Граковіч.  

Жыхар пасёлка Генадзь ВАЛОДЗЬКІН.

Са старшынёю сельвыканкама завіталі да юных следапытаў. На сцяне перад парадным уваходам у школьны будынак усталявана мемарыяльная дошка з партрэтам выпускніка Мікалая Ляшкова, які ў 1980 годзе загінуў пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу ў Афганістане. Здымак воіна-інтэрнацыяналіста ўбычылі і ў краязнаўчым музеі. Людміла Ярамянок расказала, што ў Бабры жывуць маці і сястра загінуўшага воіна. Юныя краяведы перапісваліся з землякамі Героямі Савецкага Саюза Міхаілам Конанавым і Васілём Князевым. Пры жыцці слынныя франтавікі наведвалі малую радзіму, ладзілі сустрэчы з меснымі жыхарамі.

Паўтары сотні навучэнцаў у школе. Заўважны іх прырост. Упершыню за апошнія гады ў першым класе 21 вучань. Старшакласнікі дадаткова засвойваюць увядзенне ў агранамію. Заключана дамова з Беларускай дзяржсельгасакадэміяй на арыентацыю выпускнікоў для паступлення на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. Выхаванцы школы авалодваюць рабочымі прафесіямі ў Коханаўскім дзяржсельгасліцэі. Дзмітрый Пятрушын, Раман Папаў’ян і Уладзіслаў Палякоў пасля заканчэння ліцэя вярнуліся дамоў і працуюць механізатарамі ў ААТ “Кляновічы”.

Будаўнічую спецыяльнасць атрымала ў Мінскім дзяржаўным будкаледжы Кацярына Саянок, з якою сустрэліся на малочна-таварным комплексе гаспадаркі. Не спакусіла дзяўчыну сталічнае жыццё. У Бабры выйшла замуж. Дачцэ Святлане дзевяць гадоў. Бацькі дапамаглі маладой сям’і займець дом.

Жывёлаводка Кацярына САЯНОК з маці — загадчыцай МТФ Святланай КАЛІНІНАЙ.

З дзвюх тысяч галоў буйной рагатай жывёлы комплексу трэцяя частка — дойныя каровы. Даглядаюць іх жывёлаводы, сярод якіх палова моладзі. У час размовы ў пакой зайшла яго загадчыца Святлана Калініна, як потым даведаліся — маці Кацярыны Саянок. Тут жа працуе і бацька Сяргей Канстанцінавіч. Брат Канстанцін — вадзіцель у гаспадарцы. Купіў дом у Бабры для сваёй сям’і.

Святлана Барысаўна задаволена, што дзеці і ўнукі побач. Кінуўшы позірк на дачку, яна не ўтрымалася і адзначыла, што вялікае шчасце — жыць там, дзе нарадзіўся. Бацька яе Барыс Антонавіч пас калгасны статак. На падворку трымалі жыўнасць. З малых гадоў навучылася даіць карову. Прывілася любоў да жывёл, асабліва ціка- вілася коньмі. Марыла пасля заканчэння Віцебскай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміі размеркавацца на Маскоўскі конны завод. Лёс распарадзіўся па-свойму. Амаль два дзесяцігоддзі працуе ў гаспадарцы.

Пацікавіўся ў старшыні сельвыканкама пра жывёлу на прыватных падворках сельсавета. У адказ пачуў, што з кожным годам колькасць яе змяншаецца.

Урок у першым класе вядзе настаўніца Ірына КІСЛЯКОВА.

Цудоўны педагог і руплівая гаспадыня Валянціна КАРНЕЙКА.

Тры кароўкі, кабанчыкаў трымалі Валянціна і Міхаіл Карнейкі, да якіх мы завіталі. У Бобр маладая сям’я прыехала з Гродзеншчыны. Міхаіла Уладзіміравіча пасля заканчэння Гродзенскага сельгасінстытута накіравалі энергетыкам у былы саўгас “Бобр”. Валянціна Васільеўна пасля філфака БДУ выкладае родную мову і літаратуру ў сярэдняй школе. Пакуль падрасталі дзеці, на стале заўжды былі свежае малако, тварог, смятана. Раз’ехаліся дачка Аксана і сын Алесь, адпала неабходнасць трымаць карову. На акуратна прыбраным двары корпаліся толькі пярэстыя куры. У садзе пад цяжарам пладоў долу згіналіся галіны позніх яблыкаў і груш. Гаспадыня пачаставала салодкімі сакавітымі каштэлямі, грушамі.

Шырокая вуліца вывяла да дому святара Віктара Белацаркоўскага. Доўгі час у Бабры не было праваслаўнага прыходу. Вернікам даводзілася ў святы дабірацца на набажэнствы ў райцэнтр. Чвэрць стагоддзя таму талакою ўзвялі драўляную царкву, на асвячэнне якой прыязджаў Мітрапаліт Філарэт. Але неўзабаве ў храме ўспыхнуў пажар, і ён згарэў. Новую святыню змуравалі з цэглы.

На тэрыторыі сельсавета ёсць дзе бавіць вольны час аматарам спорту. У аграгарадку Замкі, што ў пяці кіламетрах ад Бабра, дзейнічаюць тры спартыўныя залы. У адной з іх ёсць і басейн.

Загадчыца школьнага музея педагог Людміла ЯРАМЯНОК з вучнямі малодшых класаў.

Старшыня сельвыканкама адзначыў, што вырашана праблема забеспячэння жыллём. Некалькі катэджаў, пабудаваных за сродкі ААТ “Кляновічы”, чакаюць гаспадароў. Аграгарадок Замкі газіфікаваны, пракладваецца газаправод у гарпасёлку Бобр. Усе спецыялісты, жывёлаводы, механізатары забяспечаны камфартабельным жыллём.

Новы дом у шматдзетнай сям’і Вольгі і Васіля Дылянкоў. Гаспадар працуе трактарыстам. Маладая сям’я сёлета прызнана пераможцам раённага конкурсу “Уладар сяла” і прадстаўляла Крупшчыну на абласным конкурсе.

Тры дзясяткі вёсак на тэрыторыі сельсавета. Вырашаць надзённыя пытанні дапамагаюць старасты, якіх выбіраюць жыхары. Вяскоўцы Красноўкі гэту справу даверылі маладому Андрэю Машкову, які працуе рабочым у Бобрскім лясніцтве. Яго жонка Наталля займаецца козамі. З малака вырабляе сыры, ладзіць імпрэзы з дэгустацыяй малочных вырабаў.

Прадавец Ларыса КОНАНАВА.

ПАД жураўліны покліч, што даносіўся з вышыні асенняга неба, завяршалася вандроўка па гарпасёлку Бобр, так шчодра багатым на гісторыю, розныя паданні, традыцыі. Два гады таму жыхары па-святочнаму адзначылі яго паўтысячны юбілей. Няхай жа плённым на добрыя падзеі, мірных герояў складаецца будучае гэтага светлага куточка Беларусі.

Крупскі раён. 

Фота аўтара. 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter