Блыха на ланцугу і Марысіны штаны

Адам без пярэчання верыў усяму, аб чым бы нi зайшла гаворка...

Наіўных і даверлівых людзей на свеце, вядома, шмат, але такіх, як быў мой аднавясковец Адам, за ўсё жыццё я не сустракаў больш ні разу.

Ён без пярэчання верыў усяму, аб чым бы нi зайшла гаворка. Ведаючы гэта, яго імкнуліся падмануць і старыя, і малыя, нават спаборнічалі паміж сабой, хто больш удала падмане Адама.

Адзін гаравыў, што гадзіннік-ходзікі ў яго заводзіць кот: павісне на канцы ланцужка і падцягвае гіру. І так кожны дзень у 6 гадзін раніцы. Другі — што куры нясуць па два яйкі на дзень: адно раніцай, другое — вечарам. Адам не толькі верыў, але і прасіў пару яек, каб падкласці пад сваю квахтуху на развод.

А калгасны шафёр Васіль расказаў яму аднойчы, што на выставе ў Полацку сваімі вачыма бачыў блыху велічынёй з добрую курыцу. Сядзела яна на ланцугу ў жалезнай клетцы і кідалася на людзей, калі тыя падыходзілі вельмі блізка да клеткі. Відаць, кроў чула.

«Вось дык цуд! — дзівіўся Адам. — Але ж як такую вялікую блыху можна было выгадаваць?»

«Мы таксама пра гэта пыталіся, — адказваў Васіль, — і нам сказалі, што знайшоўся ў Полацку адзін добраахвотнік, які за тысячу рублёў 9 месяцаў насіў яе пад пахай».

«Як ён толькі на гэта адважыўся, яна ж магла ў яго ўсю кроў высмактаць», — пашкадаваў невядомага героя Адам.

«А яму спецпаёк выдавалі», — тут жа зрэагаваў Васіль.

«Ну, хіба што так», — пагадзіўся Адам, прыняўшы чарговую лухту за чыстую праўду.

Але ў хуткім часе «творчы працэс» маіх аднавяскоўцаў спыніўся, бо Адама асудзілі на 5 гадоў. Ён неяк нёс здаваць яйкі (быў тады такі натуральны падатак) і праходзіў міма помніка Сталіну, зірнуўшы на яго працягнутую руку, ціха сказаў: «Нашу, нашу, а ён усё просіць». Нейкі нядобрык пачуў гэта і данёс куды трэба.

Абвінавацілі даверлівага Адама ў «абразе правадыра», і апынуўся ён аж у Казахстане.

Праўда, праз год небараку вызвалілі па амністыі, а калі вярнуўся ў родную вёску, мужыкі пачалі дапякаць яго тым, што ўсе бачылі, як да ягонай жонкі час ад часу наведваўся сусед Міхась, намякаючы самі ведаеце на што.

«Праўда, праўда, — не пярэчыў Адам, — Марыся мне сама казала, што некалькі разоў запрашала Міхася то серп навастрыць, то касу набіць, то жорны наладзіць. А больш, браточкі, нічога не было, ды і быць не магло, бо на ёй заўсёды былі брызентавыя штаны, што пашыла яна з пакінутага немцамі танкавага чахла. А брызент, я вам скажу, гэта не які-небудзь там паркаль».

Гэта быў першы і бадай адзіны выпадак, калі Адам паверыў не аднавяскоўцам, а ў жалезную логіку сваёй Марысі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter