Мы поближе рассмотрели меч рыцаря времен ВКЛ, который завтра покажут широкой публике в Могилеве

Бляск каштоўнага метала

Заўтра ў Музеі гісторыі Магілёва адбудзецца сенсацыйная прэзентацыя. Шырокай публіцы будзе прадстаўлены ўнікальны экспанат — 500-гадовы рыцарскі меч. Аб тым, што «чорныя дайверы» разам з рэшткамі даспехаў дасталі яго з ракі Віхра пад Мсціславам, стала вядома летам 2013-га. З таго часу, распавёў дырэктар музея Аляксей Бацюкоў, гісторыкі не пакідалі спробаў знайсці рарытэт. Пошукі выліліся ў сапраўдны дэтэктыў. Намаганні аказаліся недарэмнымі: у выніку меч усё ж такі вярнуўся на радзіму.

Аляксей БАЦЮКОЎ: «Гэты артэфакт — вялікая каштоўнасць для Магілёва і ўсёй краіны».

Бясцэнны экспанат

Да зброі XV—XVI стагоддзя Аляксей Мікалаевіч дакранаецца выключна ў пальчатках. Яе каштоўнасць, лічыць гісторык, ацаніць няпроста. І для Магілёва, і для ўсёй краіны гэты экспанат не мае цаны. Бацюкоў успамінае: калі сем год таму даведаўся аб незвычайнай знаходцы, можна сказаць, страціў спакой. 

— Праз нейкі час, — кажа, — да нас патрапіла фота гэтага мяча. Яго ўладальнікі шукалі пакупнікоў і распаўсюдзілі здымкі сярод аматараў. Аднак звязацца з імі, як ні стараліся, не змаглі.

Пасля сенсацыйнай знаходкі на Віхры была зладжана экспедыцыя, якую ўзначаліў археолаг, краязнавец, гісторык, зараз кіраўнік Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прафесар Ігар Марзалюк. Дайверы мінскага клуба «Марскі пегас» са дна ракі паднялі сярэдневяковы шлем, часткі стальных даспехаў з падшыўкай са скуры буйвала, элементы кальчугі, шпоры. Вада захавала нават пальчаткі і кавалкі льнянога і скуранога адзення рыцара! Знойдзеныя рарытэты папоўнілі калекцыю Музея гісторыі Магілёва.

Што тычыцца мяча, то ён аднойчы ўсплыў на адным з замежных аўкцыёнаў. «Мы, — канстатаваў Аляксей Бацюкоў, — даведаліся аб гэтым ужо пасля таго, як рарытэт быў прададзены». Але ў мінулым верасні клінок з Мсціслава ізноў быў прадстаўлены на аўкцыёне ў адной з еўрапейскіх краін — аб гэтым магілёўскім гісторыкам паведаміў даследчык з Расіі Аляксандр Мікалаеў. Лот з лінейкі іншых мячоў каштаваў каля 16 тысяч беларускіх рублёў.

— У «нашага» мяча сярод іншых ёсць такая характэрная адметнасць, як абламаны мыс, — адзначыў Аляксей Бацюкоў. — Ні з якім іншым пераблытаць яго мы не маглі, хаця яго канец у дадатак быў яшчэ і падпілены, а на аўкцыёне ён праходзіў як меч для катавання.

Так меч выглядаў, калі яго дасталі з Віхры.
Пошукі мяча ператварыліся ў дэтэктыўную гсіторыю.
Знакавыя падзеі

Аднак дарагую рэч трэба было выкупіць і даставіць на радзіму. Як гэта зрабіць? Праблему аплаты напачатку дапамог вырашыць адзін з мінскіх бізнесменаў, потым — Магілёўскі гарвыканкам і Магілёўскае гарадское прадпрыемства цеплаэнергетыкі. Пытанні з лагістыкай і дастаўкай — Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры і Дзяржаўны мытны камітэт краіны. «Гэты меч належыць рыцару ВКЛ, які загінуў пад Мсціславам у 1501 годзе», — удакладніў Аляксей Бацюкоў. Да слова, з вады былі падняты і рэшткі самога рыцара. Іх перазахавалі на Замкавай гары ў Мсціславе.

Аляксей Бацюкоў дадаў, што знойдзеныя на дне Віхры рарытэты маюць сусветную каштоўнасць: 

 — Мы ўдзячны ўсім, хто дапамагаў у пошуках. Хто ўсе гэтыя гады верыў: меч будзе знойдзены, што ў выніку і здарылася. Дарэчы, гэта не адзіны каштоўны экспанат, які нам давялося набыць пры падтрымцы (у тым ліку матэрыяльнай) неабыякавых людзей. Вяртанне рэліквій, якія шмат чаго могуць расказаць пра мінулае роднай краіны, — гэта, без сумнення, знакавыя падзеі. І вельмі здорава, што ёсць аднадумцы, якія робяць усё, каб яны вярталіся на радзіму. 

З такой кропкай гледжання салідарны і Ігар Марзалюк:

 — Гэты меч унікальны і сам па сабе, і тым, што захаваўся да нашага часу ў добрым стане. Некалькі год таму «чорныя дайверы» скралі гэтую нацыянальную каштоўнасць. Але дзякуючы настойлівасці гісторыкаў, прадстаўнікоў улады, бізнесу рарытэт ізноў у Беларусі. Такім чынам, у нас сабраны поўны камплект рыцарскага абмундзіравання канца XV — пачатку XVI стагоддзя.

markova@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter