В Национальной академии наук представили свыше 150 новейших разработок отечественных ученых

Бліснулі інтэлектам!

Учора ў Нацыянальнай акадэміі навук адкрылася выстаўка «Беларусь інтэлектуальная». У экспазіцыі прадстаўлена звыш 150 найноўшых распрацовак і тэхналогій айчынных вучоных. Усе экспанаты падзялілі на тры кластары: «ІТ-краіна. Навуковае забеспячэнне цыфравізацыі эканомікі», «Пераадоленне COVID-19» і «Тэхналогіі будучыні». Мерапрыемства арганізавана сумесна з Беларускай гандлёва-прамысловай палатай.

На выстаўцы прадэманстравалі найбольш яркія з апошніх айчынных распрацовак вучоных.

Шырокае кола інтарэсаў

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў асабліва падкрэсліў, што Нацыянальная акадэмія навук працуе ў вялікай колькасці навуковых напрамкаў і змясціць усе распрацоўкі на адной выстаўцы вельмі складана:

— Мы пастаянна працуем над новымі праектамі. На гэтай выстаўцы мы прадэманстравалі найбольш яркія з нашых напрацовак, якія прызначаны для розных галін эканомікі. Працуем у сферах пачынаючы ад космасу — напрыклад, над новым спадарожнікам, які дэманструем у экспазіцыі, — да зямлі, дзе пакажам унікальныя гатункі сельскагаспадарчых культур, угнаенні і тэхніку. Дыяпазон шырокі. Таксама прысутнічаюць і найноўшыя прэпараты для аховы здароўя.

З адной з найбольш цікавых распрацовак журналістаў пазнаёміў дырэктар Інстытута фізікі НАН Беларусі Максім Багдановіч. Ён прадставіў устаноўку для вызначэння і аналізу кропкавых дэфектаў на паверхні паўправадніковых пласцін:

— Яна створана ў межах выканання саюзнай праграмы. Асноўнае прызначэнне —пабудова карты дэфектаў на паўправадніковых пласцінах, якія выкарыстоўваюцца для стварэння транзістараў, мікрасхем. Вельмі важна для электроннай прамысловасці. Устаноўкі такога класа за мяжой каштуюць некалькі мільёнаў долараў. А мы пры захаванні ўсіх тэхнічных параметраў можам выйсці на ўзровень некалькіх соцень тысяч долараў.

Адразу пасля выстаўкі ўстаноўка паедзе на вопытную эксплуатацыю на «Інтэграл». Калі пройдуць дапрацоўкі, яе будуць прадаваць на экспарт у краіны Паўднёва-Усходняй Азіі.

Яшчэ адзін не менш цікавы праект Інстытута фізікі НАН — мініяцюрныя лазерныя выпраменьвальнікі, якія прымяняюць у дальнаметрыі і спектраскапіі. Прылады здольныя працаваць у тэмпературным дыяпазоне ад +60 да -50 градусаў Цэльсія. Прысутнічалі і вялікія лазеры для тэхналагічных прымяненняў. Адна з падобных прылад зараз працуе ў Антарк-тыдзе ў складзе атмасфернага лідара. Дзякуючы лазернаму промню сістэма дазваляе атрымаць даныя аб зменах атмасферы.

Касмічная сфера з’яўляецца адным з перспектыўных напрамкаў для даследаванняў НАН.

Здаровае супрацоўнiцтва

Вялікую цікавасць выклікаў стэнд з прэпаратамі і прыладамі для супрацьдзеяння COVID-19. Навукоўцы РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Міністэрства аховы здароўя прадставілі высокаэфек-тыўную імунную плазму. Яна апрабавана ў розных клініках і стацыянарах. Былі прадэманстраваны таксама рэспіратары і ахоўныя экранныя маскі айчыннай распрацоўкі, медыцынскія прэпараты.

У сваю чаргу, прадстаўнікі ГА «НПЦ НАН Беларусі па матэрыя-лазнаўстве» прадэманстравалі электрамагнітныя і радыяцыйныя ахоўныя экраны на аснове кампазіцыйных матэрыялаў. Яны дазволяць паменшыць уздзеянне іанізуючага выпраменьвання (электроны, пратоны, гама-кванты) на паўправадніковую кампанентную базу, якая працуе ў экстрэмальных умовах зямной і калязямной прасторы, напрыклад, на геастацыянарнай арбіце Зямлі.

Таксама ў межах мерапрыемства БелГПП прадставілі канцэпцыю пастаянна дзеючай выстаўкі дасягненняў беларускай навукі «Беларусь інтэлектуальная» — для прасоўвання высокатэхна-лагічнай айчыннай прадукцыі на экспарт. Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч адзначыў, што гэта ўнікальны сумесны праект.

— Беларуская гандлёва-прамысловая палата і Нацыянальная акадэмія навук у канцы 2017 года падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. У 2018-м БелГПП стала каардынатарам выставачна-кірмашовай дзейнасці Беларусі за мяжой. У Акадэміі навук ёсць каласальны патэнцыял, рэсурс, напрацоўкі, у нас — свае магчымасці, сетка партнёраў па ўсім свеце. Таму ў супрацоўніцтве нарадзіўся сумесны праект «Беларусь інтэлектуальная».

Так за два з паловай гады БелГПП сумесна з НАН правялі 24 выстаўкi. На іх было падпісана звыш 120 кантрактаў, пагадненняў і мемарандумаў.

— Прывяду адну лічбу: толькі на гэтых выстаўках арганізацыі НАН падпісалі кантракты на пастаўку беларускай прадукцыі на розныя рынкі на суму, большую за 0,5 млрд долараў.

kryzhevich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter