Блакітныя вочы азёр. Мядзельшчына — край блакітных азёр і спакойных рэк, бярозавых гаёў і сасновых бароў, каласістых ніў і квітнеючых лугоў.

Тут, можа, і не сустрэнеш экзатычных ландшафтаў, але ціхая і някідкая, афарбаваная ў мяккія таны прыгажосць прыроды скарае назаўсёды. Плошча раёна — 196,7 тысячы гектараў, з іх больш як палова (105,7 тысячы гектараў) належыць Нацыянальнаму парку “Нарачанскі”, 8,4 працэнта тэрыторыі раёна займаюць азёры (52 возеры), 41,6 працэнта — лясы.

Тут, можа, і не сустрэнеш экзатычных ландшафтаў, але ціхая і някідкая, афарбаваная ў мяккія таны прыгажосць прыроды скарае назаўсёды. Плошча раёна — 196,7 тысячы гектараў, з іх больш як палова (105,7 тысячы гектараў) належыць Нацыянальнаму парку “Нарачанскі”, 8,4 працэнта тэрыторыі раёна займаюць азёры (52 возеры), 41,6 працэнта — лясы.

Жамчужына Беларусі

Сапраўдная жамчужына Беларусі і самы вялікі яе натуральны вадаём — возера Нарач — уражвае велічынёй сваіх водных прасцягаў, якія займаюць усю бачную да самага гарызонта прастору. Яго плошча — 79,6 кв. км, максімальная глыбіня — 24,8 метра. Возера Нарач займае ў Беларусі першае месца па чысціні і празрыстасці вады. Дно, усланае пяском і каменьчыкамі, праглядаецца на глыбіню 7—10 метраў. Празрыстая вада, праз якую глыбока пранікаюць сонечныя промні, дазваляе водным раслінам утвараць густыя падводныя лугі з урэчніку, эладэі, рагалісніка, водарасцей. У асобных месцах утварыліся зараснікі трыснягу і чароту. У чым прычына чысціні возера?  Мае ўплыў яго вялікая плошча і аб’ём вады, шырокае распаўсюджанне пясчаных адкладаў, бедных на гліністыя часцінкі, якія робяць ваду мутнай, і нарэшце накапленне на дне светлай азёрнай вапны. Тут водзіцца 19 відаў рыб. Пераважаюць лешч, шчупак, верхаводка, плотка, водзіцца вугор, а таксама нарачанская рапушка — сялява. Высокая якасць вады дазваляе разводзіць сігавых рыб, якіх інкубацыйным шляхам выводзяць з ікры ў спецыяльных рыбных гадавальніках — сажалках на паўднёвым беразе возера.

Малая базіліка ў беларускай глыбінцы

У Будславе — вёсцы Мядзельскага раёна на рацэ Сервель (56 км ад Мядзеля) знаходзіцца помнік архітэктуры позняга барока — бернардзінскі касцёл, пабудаваны ў 1783 годзе з выкарыстаннем асобных частак пабудовы сярэдзіны XVII стагоддзя.
У касцёле захоўваецца напісаны ў 1598 годзе абраз, падараваны Папай Рымскім Кліментам XVIII. У капліцы св.Варвары, створанай пры будаўніцтве храма ў 1643 годзе, захаваўся ўнікальны драўляны алтар. Улічваючы гісторыю і ролю храма ў жыцці беларускіх каталікоў, Папа Рымскі Іаан Павел II у 1994 годзе прысвоіў касцёлу ў Будславе тытул “базіліка малая”. Маецца на ўвазе не тып архітэктурнай пабудовы, а асаблівая роля храма, што падкрэслівае яго вялікае значэнне для хрысціянства. Базілікі бываюць вялікія і малыя. Пры гэтым першыя, якія называюць яшчэ патрыяршымі, знаходзяцца ў непасрэднай юрысдыкцыі Папы Рымскага. Вялікіх базілік толькі пяць — чатыры ў Рыме і адна ў Іерусаліме. Тытул жа малой базілікі прысвойваецца Ватыканам асобным храмам, тым самым падкрэсліваючы іх асаблівую сувязь са святым прастолам. Пасля кафедральных сабораў яны з’яўляюцца найважнейшымі храмамі ў сваіх епархіях. 2 ліпеня 1995 года ў Будславе адбыўся вялікі каталіцкі фэст, на якім прысутнічаў апостальскі нунцый Аўгуст Маркета. 2 ліпеня 2004 года ля касцёла прайшоў яшчэ адзін фэст у гонар 500-годдзя Будслава.

Чакае дзяцей “Зубраня”

Круглы год адчынены для дзіцячага адпачынку Нацыянальны дзіцячы аздараўленчы лагер “Зубраня”. Размешчаны ў сасновым бары на маляўнічым беразе возера Нарач, ён уяўляе сабой комплекс з шасці спальных карпусоў — “Блакітны востраў”, “Лясны дом”, “Азёрны прычал”, “Сонечны горад”, “Зоркавы свет”, “Зялёная паляна”, медыцынскага корпуса, Дома дзіцячай творчасці, адміністрацыйна-прыёмнага комплексу, школы, сталовай, гаспадарчых аб’ектаў і жылых пабудоў. Яго плошча — 76 гектараў. Адначасова ў лагеры могуць адпачываць у асенне-вясновы перыяд 640 дзяцей і падлеткаў, а ў летні — 1050.

Ветракі

Дзве ветраэнергетычныя ўстаноўкі знаходзяцца ля вёскі Занарач.  Узведзены яны ў рамках праекта, што ажыццявілі нямецкая дабрачынная арганізацыя “Дамы замест Чарнобыля” і яе беларускі партнёр — міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “ЭкаДом”.
Першы вятрак над Нараччу запрацаваў у 2000 годзе — фінансаваўся ён за кошт добраахвотных ахвяраванняў нямецкіх грамадзян. Гэта ўстаноўка магутнасцю 250 кВт з’яўляецца першай у Беларусі. Другі вятрак запушчаны ў маі 2002 года. Размешчаны ён за 250 метраў ад першага. Ён вышэйшы, мае большую магутнасць — 600 кВт. Электраэнергія, якую выпрацоўваюць устаноўкі, пастаўляецца ў агульную сетку. Прыбыткі ад продажу электраэнергіі накіроўваюцца на дабрачынную дзейнасць.

Сядзіба ў Камарове

Сядзіба ў Камарове фарміравалася на мяжы XIX і XX стагоддзяў. Адразу належала Хамінскім, а потым перайшла да графа Старжыньскага. Сядзіба налічвала звыш 30 розных пабудоў: дзве афіцыні (там жыла абслуга), жылыя дамы, бровар, млын, вазоўня, стайня, кароўнік і г. д. Меўся парк, які першапачаткова займаў 20 гектараў. Былі там тры сажалкі для развядзення рыбы. Адну з іх выкарыстоўвалі і для адпачынку. У парку меліся сад, аранжарэя, дзе вырошчвалі экзатычныя кветкі.

Партызанскія базы

Размешчаны яны ў лесе каля вёскі Чарэмшыцы. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут знаходзіўся штаб партызанскай брыгады імя Варашылава (камандзір — Фёдар Рыгоравіч Маркаў). Пры штабе дыслацыраваліся Вілейскія падпольныя абкамы КП(б)Б і ЛКСМБ. Тут жа размяшчалася рэдакцыя падпольнай “Сялянскай газеты”. У 1963 годзе ў памятным месцы адноўлены тры зямлянкі, а ў 1980 годзе пастаўлены два мемарыяльныя знакі.
Комплекс актыўна выкарыстоўваецца ў справе патрыятычнага выхавання. Так, на “Партызанскіх базах” пастаянна ладзяцца сустрэчы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і моладзі. Малодшым школьнікам ветэраны павязваюць піянерскія гальштукі, старэйшым — уручаюць білеты БРСМ. І гэта вельмі сімвалічна: у гады вайны менавіта тут многія партызаны атрымлівалі свае камсамольскія і партыйныя білеты.

Дзяржаўны ландшафтны заказнік “Блакітныя азёры”

Прыродны комплекс “Блакітныя азёры” недарэмна называюць жамчужынай у каралях Паазер’я. Выглядае мясцовасць дужа маляўніча: абкружаная лясамі цёмна-блакітная роўнядзь вады змяняецца ўзгоркамі, вышыня якіх перавышае 50 метраў. Аснова прыроднага комплексу — Балдукская група азёр. У яе ўваходзяць азёры: Глубля, Глубелька, Мёртвае, Ячмянёк, Карасік, Куелі, Балдук, Балдучыца, Імшарэц, Ільгінія, Глухое.
Кожнае з азёраў мае сваю асаблівасць: Глубля вызначаецца зялёна-блакітным колерам вады, Балдук — глыбінёй, у Мёртвым не водзіцца рыба. Прыгожыя і нехарактэрныя для Беларусі пейзажы, чысціня азёр прывабліваюць сюды шматлікіх турыстаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter