Благаславі нашу Бацькаўшчыну – Беларусь!

Пастырскае Пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2012 года

«Абвяшчаю вам вялікую радасць: нарадзіўся сёння Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (Пар. Лк 2, 10-11).

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Гэтымі словамі Евангелля ад усяго сэрца вітаю вас у радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння, свята нашай хрысціянскай веры, свята, якое з’яўляецца адным з найбольш славутых і любімых ва ўсім свеце. У касцёлах яслі з Немаўляткам, Марыяй, Юзафам і хатнімі жывёламі. Над яслямі мігаціць Бэтлеемская зорка, заклікаючы іх наведаць. У дамах упрыгожаныя ёлкі з падарункамі пад імі. Вясёлыя і прыгожыя калядкі і ціхая мелодыя Божага Нараджэння. Усё гэта зачароўвае і напаўняе чалавека радасцю і супакоем. Усе мы, нягледзячы на наш узрост і пасаду, у гэтае свята становімся падобнымі да дзяцей, якія асабліва яго любяць.

Але ці вонкавая прыгажосць гэтага свята на самай справе адгукаецца рэхам рэальнай падзеі, якая павінна мець месца ў нашых душах? Радасць і супакой Божага Нараджэння — гэта толькі вонкавае выражэнне святочнага настрою ці сапраўднае праяўленне актуальнай падзеі нараджэння Збаўцы Яго ласкай у нашых сэрцах? Божае Нараджэнне — гэта свята рэлігійнае ці толькі традыцыйнае? Такія і падобныя пытанні мы павінны задаваць сабе сёння, калі свет перажывае крызіс веры і калі цунамі секулярызму з традыцыйна хрысціянскіх краін чыніць духоўную пустыню.

Год веры, які мы адзначаем, заклікае нас глядзець на ўсё вачыма веры. Таму ў яе святле адносна свята Божага Нараджэння можа быць толькі адзін адказ — гэта боска-чалавечае свята. Нягледзячы на ўсё тое, што нам найбольш падабаецца ў свяце Божага Нараджэння, яно, тым не менш, з’яўляецца рэальнасцю і павінна быць часткай нашага жыцця. Бо хрысціянства, як навучае Папа Бэнэдыкт XVI, — гэта не этычны выбар ці нейкая вялікая ідэя, але спатканне з Хрыстом, які надае жыццю новую перспектыву. Таму хрысціянская вера адносіцца да асобы Езуса Хрыста і праяўляецца ў асабістых адносінах з Ім, які праз таямніцу ўцелаўлення Бога прыходзіць да нас.

У цэнтры свята Божага Нараджэння знаходзіцца Немаўлятка Езус — уцелаўлёны Сын Божы, — і ўсё павінна канцэнтравацца вакол Яго. Сутнасць Божага Нараджэння ў тым, што Бог прыйшоў у гэты свет у вобразе чалавека і перамяніў духоўную цемру ў святло Евангелля. Праз гэтае свята падзея, якая адбылася больш за 2000 гадоў таму ў Бэтлееме, павінна стаць рэальнасцю у нашых сэрцах і заставацца там, каб праз веру ў таямніцу ўцелаўлення Бога сфармаваць новы погляд на жыццё…

Праз сваё ўцелаўленне Бог прамовіў да чалавека найбольш прыгожымі словамі: «Я люблю цябе, люблю гэты свет, люблю ўсё чалавецтва!» Гэтая любоў патрабуе адказу з боку чалавека. Пры гэтым Бог нікога не змушае гэтага чыніць. Бог дае чалавеку магчымасць сказаць «так» ці «не».

Дзякуючы ўваходу Бога ў жыццё чалавека гэты свет змяніўся і працягвае змяняцца, бо ў ім ёсць прысутны ў чалавечым вобразе Бог, які не дазваляе, каб нашыя цяжкасці былі большымі, чым Яго, і дае сілы іх перамагчы. Гэтым самым Ён пацвярджае, што ноч гэтага свету скончылася і настаў доўгачаканы дзень.

На жаль, нашыя сэрцы не заўсёды хочуць прызнаць гэты факт. У выніку чаго паранак Божага Нараджэння не світае ў нашым жыцці. Імкненне ж да грахоўных задавальненняў з’яўляецца толькі пацвярджэннем неразумення неабходнасці прысутнасці Божага Нараджэння ў нашым жыцці.

Трэба зразумець таксама і тое, што Божае Нараджэнне — гэта не сентыментальнасць, не паэзія і не дзіцячы рамантызм, але вера, якая збаўляе чалавека; вера ў тое, што Бог стаў чалавекам для нас і для нашага збаўлення і сваёй крыжовай смерцю і ўваскрасеннем сказаў апошняе слова ў драме гісторыі гэтага свету. Таму святкаванне Божага Нараджэння павінна адбіцца моцным рэхам ў глыбіні нашых сэрцаў. Тады Бог народзіцца ў іх, падобна таму, як Ён нарадзіўся ў Бэтлееме, каб свята Божага Нараджэння працягвалася вечна…

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Сёння мы святкуем прыйсце Бога ў свет, каб яго асвяціць і даць нам вечнае жыццё. Гэтая падзея, якая адбылася больш за 2000 гадоў таму, адбываецца і ў наш час і завершыцца другім прыйсцем Хрыста напрыканцы часоў. Хрысціянства — гэта сустрэча з асобай, з Богачалавекам, вера ў якога з’яўляецца фундаментам нашага аптымізму. Дзякуючы свайму ўцелаўленню Бог напаўняе сабой нашае жыццё. Таму Нараджэнне Хрыста — гэта праўда нашай веры. Мы павінны яе вызнаваць усё наша жыццё, каб яно стала нашым Бэтлеемам, каб праз нас Бог быў прысутны на зямлі.

Божае Нараджэнне, будучы бясцэнным дарам, адначасова з’яўляецца і заданнем. Самай вялікай трагедыяй будзе тое, калі ў мітусні сучаснага свету мы не ўбачым нованароджанага Збаўцу і не дазволім Яму ўвайсці да нас, каб нас перамяніць. Няхай жа Бог дае нам прастату сэрца і імкненне да пазнання праўды, каб вачыма веры мы маглі ў Немаўляці, якое знаходзіцца ў яслях, убачыць бязмежнага Бога, які ў чалавечым целе прыйшоў у гэты свет, каб сваёй прысутнасцю яго змяніць. Тады мы вернемся да нашых дамоў з узмоцненай верай і з радасцю праслаўляючы Бога за ўсё, што чулі і бачылі.

Са святам, дарагія!

Віншую католікаў і тых хрысціян, якія сёння адзначаюць Нараджэнне Хрыста. Віншую праваслаўных, якія перажываюць пост і рыхтуюць дарогу прыходзячаму Збаўцу. Праўда аб уцелаўленні Бога павінна аб’ядноўваць нас у веры і змаганнях дзеля яе чысціні, захавання хрысціянскіх каранёў, будавання жыцця на духоўных каштоўнасцях, што з’яўляецца нашым самым вялікім і актуальным заданнем у час крызісу веры.

Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Няхай свята Божага Нараджэння стане святам усіх людзей! Няхай унясе ў нашае асабістае жыццё і жыццё нашага грамадства супакой і ўзаемнае разуменне! Няхай прынесенае Хрыстом святло асвятляе наш жыццёвы шлях! Няхай усім нам спадарожнічаюць радасць і шчасце!

Божае Дзіцятка, падымі сваю руку і благаславі нашу Бацькаўшчыну — Беларусь!

На знак духоўнай еднасці з усімі вамі, браты і сёстры, дзялюся аплаткай і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter