Благадатнае святло над вёскай

У вёсцы Стары Свержань на Стаўбцоўшчыне, на вулiцы якой вялiкi валун-помнiк абвяшчае, што паселiшча вядома з 1482 года, у сонечныя чэрвеньскiя днi адбылася падзея, якая сабрала ўсiх мясцовых жыхароў.
З XVIII стагоддзя тут стаяла царква ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзiцы. Але ў вынiку лiхiх падзей, самавольства атэiстычных улад засталося ад яе пустое месца, абгароджанае мураваным парканам. Ды знайшлiся людзi, якiя ўзялi на сябе нялёгкую справу — вярнуць вяскоўцам страчанае. Сем гадоў назад у суседнiя Скамарошкi, дзе вяскоўцы як маглi абсталявалi з клуба царкву, вярнуўшы гэтаму будынку першапачатковае святое прызначэнне, прыехаў з Мiнска служыць айцец Сергiй Iваноў. З Сяргеем Кавалёвым, таксама мiнчанiнам, праекцiроўшчыкам з вышэйшай адукацыяй, у айца Сергiя быў ужо сумесны вопыт храмабудаўнiцтва — працавалi разам на ўзвядзеннi царквы ў Пакроўскiм прыходзе ў Крупцах. Ускладваючы надзеi на дапамогу Божую, яны вырашылi пачаць аднаўленне святынi ў старажытным Старым Свержанi — на царкоўных мурах. На працягу сямi гадоў гэтыя людзi ўдвух будуюць храм. Яны перанеслi на сваiх руках тоны бетону, працавалi ў непагадзь, холад, сiвер, спёку — нi зiмой, нi летам не прыпыняючы будаўнiцтва. Храм сёння мае ўжо тыя абрысы, якiя ў сваiм сэрцы любоўна вынасiў праекцiроўшчык Сяргей Кавалёў. I цi трэба казаць, якой падзеяй стала ўздзвiжанне крыжа на купал храма! Вышыня царквы 24 метры — у Стоўбцах не знайшлося такога крана. Прыйшлося яго заказаць у сталiцы.
На ўрачысты малебен асвячэння крыжа прыехалi благачынны прыходаў Стаўбцоўскай акругi айцец Аляксандр Марцiнчык, госцi з Мiнска i райцэнтра, прыхаджане з усiх навакольных вёсак. Крыж зроблены рукамi Сяргея Кавалёва, а вось пакрыць яго сусальным золатам быў запрошаны залатых спраў майстра з Мiнска. У малiтоўным настроi радасцi, захаплення ўсе прысутныя назiралi, як крыж уздымаўся пад нябёсы, каб увянчаць царкву, а промнi сонца, якiя зiхацелi на пазалоце, асвячалi наваколле благадатным святлом.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter