Блізкія суседзі ўшаноўваюць памяць песняра

У польскім Гданьску адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака, прысвечанага класіку беларускай літаратуры Янку Купале. На знаку, які ўяўляе сабой камень, замацавана памятная дошка з імем пісьменніка, гадамі жыцця і словамі паэта “Мне сняцца сны аб Беларусі”. На дошцы таксама адліты вядомы верш Купалы “О так! Я — пралетар!..”.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі прэзідэнт горада Павел Адамовіч, Генеральны консул Беларусі ў Гданьску Руслан Есін, прадстаўнікі беларускай дыяспары, дзелавых колаў, журналісты, дыпламаты.
Павел Адамовіч падкрэсліў блізкасць беларускай і польскай культур, а таксама адзначыў уклад Янкі Купалы ў агульнаеўрапейскую духоўную спадчыну. Па словах прэзідэнта горада Гданьска, неабходна папулярызаваць сярод моладзі універсальныя каштоўнасці, пра якія некалі пісаў беларускі класік.

Генеральны консул Руслан Есін у сваю чаргу сказаў пра важнасць адкрыцця помніка на тэрыторыі суседняй дзяржавы. Па словах дыпламата, мясцовыя ўлады надаюць вялікую ўвагу дзейнасці беларускай дыяспары ў рэгіёне і ствараюць умовы для падтрымкі нацыянальных традыцый і культуры на Памор’і.

У Генеральным консульстве Беларусі ў Гданьску з нагоды 125-годдзя са дня нараджэння Янкі Купалы адкрыта выстава работ Васіля Шаранговіча. Вядомы беларускі мастак прысвяціў свае палотны жыццю і творчасці Янкі Купалы, ёсць там і карціны, напісаныя па матывах твораў пісьменніка.

Памятны знак Янку Купале знаходзіцца на названай у гонар класіка беларускай літаратуры вуліцы. Напярэдадні адкрыцця помніка Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Польшчы Павел Латушка правёў у Гданьску сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.

Вольга Карнеева
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter