Блізкі шлях да сэрцаў

Штогадовы дзіцячы фестываль “Беларусь — мая песня!” стаў своеасаблівай візітнай карткай нашай краіны ў Самарскай вобласці РасііВосеньскае надвор’е не перашкодзіла гаспадарам стварыць цёплую атмасферу свята ў 82-й школе Самары, дзе яркім гала-канцэртам завяршаўся фэст. Ужо ў восьмы раз юныя таленты з Паволжа, якія любяць беларускую культуру, мелі магчымасць паказаць свае здольнасці. Мы расказвалі ўжо, што творчы форум традыцыйна ладзіцца як адна з імпрэз беларускага Свята апошняга снапа, ці Дажынак. Асаблівасць фэсту сёлетняга, зазначыла яго заснавальнік, прэзідэнт Самарскай абласной суполкі беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірына Глуская, у тым, што Беларусь ушаноўвае памяць пра пісьменнікаў-юбіляраў Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Танка, а таксама справамі сцвярджае Год кнігі. Таму і ўключэнне твораў класікаў айчыннай літаратуры ў конкурсныя нумары ўдзельнікаў было абавязковым. А сабраў фэст дзясяткі дзяцей — з самадзейных гуртоў, салістаў розных школ Самарскай вобласці. Яны прадставілі ў сваіх нумарах багацце фальклору, традыцый і звычаяў беларусаў.
Беларускія традыцыі ў Паволжы маюць працягШтогадовы дзіцячы фестываль “Беларусь — мая песня!” стаў своеасаблівай візітнай карткай нашай краіны ў Самарскай вобласці Расіі
Восеньскае надвор’е не перашкодзіла гаспадарам стварыць цёплую атмасферу свята ў 82-й школе Самары, дзе яркім гала-канцэртам завяршаўся фэст. Ужо ў восьмы раз юныя таленты з Паволжа, якія любяць беларускую культуру, мелі магчымасць паказаць свае здольнасці. Мы расказвалі ўжо, што творчы форум традыцыйна ладзіцца як адна з імпрэз беларускага Свята апошняга снапа, ці Дажынак. Асаблівасць фэсту сёлетняга, зазначыла яго заснавальнік, прэзідэнт Самарскай абласной суполкі беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірына Глуская, у тым, што Беларусь ушаноўвае памяць пра пісьменнікаў-юбіляраў Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Танка, а таксама справамі сцвярджае Год кнігі. Таму і ўключэнне твораў класікаў айчыннай літаратуры ў конкурсныя нумары ўдзельнікаў было абавязковым. А сабраў фэст дзясяткі дзяцей — з самадзейных гуртоў, салістаў розных школ Самарскай вобласці. Яны прадставілі ў сваіх нумарах багацце фальклору, традыцый і звычаяў беларусаў.
Перад пачаткам гала-канцэрта зачытваліся прывітанні ўдзельнікам і гасцям фестывалю, якія даслалі прадстаўнікі пасольства Беларусі ў Расіі, мясцовай улады і Дома дружбы народаў. Сяброў павіншавалі кіраўнікі этнадыяспар рэгіёна. Канцэрт вяла педагог Іна Сухачэўская, у ім было шмат народных танцаў, песень, сучасных кампазіцый.
Хто ж спявае-танцуе ў Самары на славу Бацькаўшчыны? Харэаграфічны ансамбль “Вясёлка” з 124-й школы атрымаў нямала апладысментаў за танец “Бульба”, гурт “Сяброўкі” (створаны пры суполцы “Руска-Беларускае Братэрства 2000”) вытанцоўваў “Падарунак”, знакамітую “Беларускую польку” прадставіў гурт “Натхненне” з 82-й школы, а рамантычны танец “Купалінка” паказаў гурт “Серпантын” з 101-й школы. Былі ў гуртоў і іншыя, не менш яркія танцавальныя нумары. На канцэрце адзначалася, што танчыць на Беларусі вельмі любяць, і на святах розным танцам заўсёды знаходзілася месца.
Цёпла сустракалі гледачы і выканаўцаў народных песень. Усе былі ў захапленні ад таго, як пранікнёна гурт “Элегія” з 82-й школы акапэльна выканаў знакаміты твор “Ой, рэчанька”. А беларускі вакальны ансамбль “Каданс” з той жа школы спяваў песню “Чатыры сыны”, потым і “Бульбачку”, ужо з харэаграфічнай кампазіцыяй згаданага раней гурта “Натхненне”.
Прыгожа ўпісаліся ў плынь гала-канцэрта гурты “Зачараванне” і “Вікторыя” з Цэнтра пазашкольнай адукацыі “Творчасць”, фальклорны ансамбль “Калінка” з 7-й дзіцячай музычнай школы, гурт лыжкароў “Рытм і К” з 20-й дзіцячай музычнай школы. Заслужылі апладысменты гледачоў і салісты Захар Фядотаў, сёстры Юлія і Дар’я Сакаловы, Аліна Жэваева, Ангеліна Бялова, Алеся Аблыгіна, Дарына Кудраўцава. Асабліва ж вызначыліся Раман Труханоў з песняй “Явар з калінаю” на словы Янкі Купалы і Анастасія Бындава з народнай песняй “Саўка ды Грышка”.
Кампазіцыю “Бульбачка” выконваюць гурты “Каданс” і “Натхненне”Увогуле гала-канцэрт, у якім было амаль 30 нумароў і ўдзельнічала больш за 200 дзяцей, запомніцца ўсім як яркі, шматнацыянальны творчы форум. Выступалі напрыклад, дуэтам Ілона Далуханян з армянскай дыяспары і Крысціна Сухачэўская з беларускай. Дзяўчаты выканалі песню “Ляці за мной” — як знак таго, што ўмацоўваецца дружба паміж народамі.
Пад час фэсту “Беларусь — мая песня!” праходзіў конкурс “Восеньская мазаіка”. Усе ўдзельнікі атрымалі падарункі, лаўрэаты адзначаны дыпломамі фестывалю “За высокае выканальніцкае майстэрства і ўнёсак у папулярызацыю беларускай культуры на Самарскай зямлі”, каштоўнымі падарункамі. Ушанаваны і тры пераможцы віктарыны, якая па традыцыі ладзіцца на гала-канцэрце сярод прысутных у зале. А першым правільна на ўсе пытанні адказаў намеснік дырэктара Дома дружбы народаў Андрэй Кірылюк, наш суайчыннік.
Асаблівы прыз — ноўтбук — ад суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” атрымала кіраўнік беларускага вакальнага гурта “Каданс” Алена Дзмітрыева. Школе-творчаму партнёру беларусы падарылі незвычайны восеньскі сувенір: вялікую плеценую вазу і букет са штучных макаў і сланечнікаў. Асобна адзначаны і ўсе іншыя школы, што ўдзельнічалі ў фэсце. “Чым больш будзе падобных імпрэз — тым лепш для дзяцей, — пераканана Ірына Глуская. — У Самарскай вобласці шмат юных талентаў, якія любяць беларускую культуру. Часам варта дапамагчы ім зрабіць першы крок на шляху да поспеху. Хай і не стане нехта вялікім артыстам ці мастаком — не бяда: галоўнае, каб дзеці дакрануліся да свету прыгожага, да беларускага мастацтва”.
Праз газету праўленне суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” выказвае ўдзячнасць дэпутату Самарскай губернскай думы Аляксею Чэгінёву, які матэрыяльна падтрымаў удзельнікаў фэсту. Суайчыннікі ўдзячны і кіраўніцтву кампаній “Выбар” і “Біеліта-Вiтэкс”, якія парадавалі дзяцей падарункамі. Тым часам беларуская дыяспара ў Самарскай вобласці, якая актыўна дзейнічае ўжо 13 гадоў, вельмі спадзяецца на падтрымку сваіх сацыяльна важных праектаў і з боку абласной і гарадской адміністрацый.

Мікалай Бойка, г. Самара
На здымках:
Беларускія традыцыі ў Паволжы маюць працяг
Кампазіцыю “Бульбачка” выконваюць гурты “Каданс” і “Натхненне”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter