Каля мінскай Ратушы ў Верхнім горадзе прайшоў Дзень украінскай культуры

Бліжэй адзін да аднаго

Каля мінскай Ратушы ў Верхнім горадзе прайшоў Дзень украінскай культуры

Яшчэ да пачатку канцэртнай праграмы даносіліся запальныя гукі музыкі, а дзяўчаты ў сярэднявяковых строях навучалі наведнікаў старадаўнім нацыянальным танцам. У міні-кафэ прапаноўвалі ўкраінскія стравы: сушы з сала па-Львоўску, зразы бульбяныя з капустай, цыбульнікі, боршч з пампушкамі, закарпацкія галубцы, варэнікі... І ўсе месцы за столікамі, дарэчы, былі занятыя.

На сцэне выступалі фальклорныя калектывы: ансамбль украінскай песні і абрадаў “Ватра”, хор “Берагіня”, квартэт “Камертон”, народны хор украінскай песні “Крыніца” і іншыя. Была прадстаўлена і фотаэкспазіцыя Міколы Лінніка “Захавальніца спадчыны”, выставы вышыўкі і традыцыйных ручнікоў, праходзіў кірмаш народных майстроў.

Адкрываў мерапрыемства начальнік галоўнага ўпраў­лення ідэалагічнай работы Мінгарвыкан­кама Павел Скалабан. Па яго словах, наведнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з культурай суседняй краіны: “На свяце прадстаўлены і народная творчасць, і фальклор, і нацыянальная кухня”.

Дарэчы, фестывалі нацыянальных культур у Верхнім горадзе каля мінскай Ратушы сталі традыцыйнымі. Сёлета прайшлі ўжо святы расійскай, армянскай, польскай, карэйскай культуры. На чарзе — грузінскі фэст.

Па дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года, у Беларусі каля 160 тысяч украінцаў. Многія з прадстаўнікоў дыяспары — жыхары сталіцы. У Мінску адзін з бульвараў носіць імя Тараса Шаўчэнкі. Тут устаноўлены барэльеф Кабзару, знаходзіцца кінатэатр “Кіеў”. Яшчэ адзін помнік украінскаму паэту размешчаны каля пасольства Украіны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter