Бліскучыя «Белыя Росы»

25-годдзе адзначыў аднайменны ансамбль музыкі, песні і танца

25-годдзе адзначыў аднайменны ансамбль музыкі, песні і танца

«Белыя Росы» сёння можна, без перабольшання, назваць адной з візітовак беларускай культуры. Лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», гэты калектыў прадстаўляў мастацтва нашай краіны на Днях культуры Беларусі ў Краснадары, у Сербіі, прымаў удзел у культурнай праграме Міжнароднага эканамічнага форуму ў Давосе.

Насычаным выдаўся для гродзенскіх артыстаў і сёлетні, юбілейны год, важнай падзеяй якога стаў гастрольны тур па ўсіх абласцях Беларусі. Акрамя роднай краіны, дзе ансамбль добра ведаюць, «Белыя Росы» выступілі на фестывалі «Культура Падляшша» ў Польшчы, прынялі ўдзел у Днях культуры Беларусі ў Кітаі, далі некалькі канцэртаў у Растове-на-Доне, Сочы і Краснадары. Дарэчы, у апошнім з пералічаных гарадоў творчыя калектывы з Беларусі не былі ўжо некалькі гадоў, таму іх з’яўленне вельмі ўразіла расійскіх гледачоў. Як вынік — запрашэнне выступіць з гастрольным турам з дванаццаці канцэртаў у наступным годзе. Ды і ў Кітаі да мастацтва гродзенскіх зорак не засталіся абыякавымі. Ужо вясной будучага года танцавальная група ансамбля адправіцца ў Паднябесную.

— Па добрай традыцыі мы выступілі таксама на «Славянскім базары ў Віцебску», — распавядае мастацкі кіраўнік калектыву Вера Чычына. — Дзялілі сцэну з Дзяржаўным ансамблем танца Беларусі, Аляксандрам Рыбаком, Сасо Паўліяшвілі.

Юбілейны год для творчага калектыву — знакавы і адказны ўдвая. Упершыню ансамбль выйшаў па-за склад абласной філармоніі і працаваў самастойна, як дзяржаўная ўстанова культуры.

— Мы імкнуліся да гэтага даўно, — дзеліцца ўражаннямі Вера Іванаўна. — Салідную падтрымку нам аказаў Гродзенскі аблвыканкам — гэта стала для ўсіх нас магутным стымулам. Задаволіўшы максімальна насычаны гастрольны графік, здолелі больш чым удвая перавыканаць намечаныя планы. Разам з тым актыўна працавалі над новай праграмай, заснаванай на беларускім фальклоры. І хоць цалкам яе завяршыць не паспелі, усё ж здолелі паказаць нямала новых нумароў у юбілейным канцэрце на сцэне абласнога драмтэатра.

Калектыў і надалей будзе знаходзіць падтрымку ў рэгіёне, адзначыў у сваім віншаванні старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра. Важна стварыць годныя ўмовы для артыстаў, каб яны маглі дарыць людзям свята.

Як глядач, які пабываў на гэтай праграме, не магу не адзначыць: у калектыву, можна сказаць, адкрылася новае дыханне. Выдатна гучаць і набытыя за сродкі з абласнога бюджэту новыя музычныя інструменты, радуюць вока сцэнічныя касцюмы, якія распрацавала вядомая беларуская мастачка Галіна Юрэвіч. У гэтых касцюмах выразна бачны беларускі акцэнт. Як заўважае Вера Іванаўна, менавіта нацыянальнае мастацтва выклікае ў гледачоў усё большую зацікаўленасць. На яго паступае ўсё больш, кажучы на камерцыйнай мове, заказаў. Гэта азначае, што рэпертуар ансамбля адпавядае патрабаванням часу.

Цяпер «Белыя Росы» працягваюць работу над новай праграмай. У наступным годзе яны плануюць паказаць яе ў Палацы Рэспублікі, дзе іх юбілейныя выступленні таксама становяцца добрай традыцыяй.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter