Бліскучы вынік

Каб атрымаць яго, патрэбны тонкі густ, вялікае цярпенне, зоркае вока і цвёрдая рука Гэта асноўныя, самыя моцныя звёны ў ланцужку прафесійных якасцей. Так лічыць ювелір Ігар САКАЛОЎСКІ (на здымку). Пярсцёнкі, завушніцы, бранзалеты, кулоны, ланцужкі... Мара кожнай жанчыны, а для яго гэта штодзённая праца. 23 гады — стаж, які пацвярджае майстэрства, бо без здольнасцей, працавітасці і заснаванай на іх рэпутацыі ў прафесіі доўга не ўтрымаешся. Усе гэтыя гады працуе Ігар Сакалоўскі ў ювелірнай майстэрні ААТ «Завод «Рамбыттэхніка», што ў Маладзечне. Цікава, як нараджаецца ювелірнае ўпрыгажэнне? За бліскучым у прамым сэнсе гэтага слова вынікам стаіць вельмі складаная праца. «Сапраўды, ювелір — гэта не чараўнік у незвычайнай лабараторыі, а звычайны чалавек у звычайным вытворчым памяшканні. Паглядзіце, на рабочым месцы шмат розных прыстасаванняў і прылад, але асноўнай застаецца ручная праца. Выходзіць, што галоўны наш інструмент — гэта рукі, таму не дзіва, што яны ў ювеліраў заўсёды чорныя», — усміхаецца Ігар. Гэта проза. А майстар дэманструе ўжо заключны этап вытворчага працэсу — перад намі некалькі вырабаў, амаль гатовых. Ёсць форма, але няма жаданага бляску — яны не прайшлі паліроўку і прамыўку. І вось пасля некалькіх маніпуляцый — чароўнае пераўтварэнне, пярсцёнак у руках пачынае зіхацець і пералівацца. А гэта ўжо свята!..

Каб атрымаць яго, патрэбны тонкі густ, вялікае цярпенне, зоркае вока і цвёрдая рука

Гэта асноўныя, самыя моцныя звёны ў ланцужку прафесійных якасцей. Так лічыць ювелір Ігар САКАЛОЎСКІ (на здымку). Пярсцёнкі, завушніцы, бранзалеты, кулоны, ланцужкі... Мара кожнай жанчыны, а для яго гэта штодзённая праца.

23 гады — стаж, які пацвярджае майстэрства, бо без здольнасцей, працавітасці і заснаванай на іх рэпутацыі ў прафесіі доўга не ўтрымаешся. Усе гэтыя гады працуе Ігар Сакалоўскі ў ювелірнай майстэрні ААТ «Завод «Рамбыттэхніка», што ў Маладзечне. Цікава, як нараджаецца ювелірнае ўпрыгажэнне? За бліскучым у прамым сэнсе гэтага слова вынікам стаіць вельмі складаная праца. «Сапраўды, ювелір — гэта не чараўнік у незвычайнай лабараторыі, а звычайны чалавек у звычайным вытворчым памяшканні. Паглядзіце, на рабочым месцы шмат розных прыстасаванняў і прылад, але асноўнай застаецца ручная праца. Выходзіць, што галоўны наш інструмент — гэта рукі, таму не дзіва, што яны ў ювеліраў заўсёды чорныя», — усміхаецца Ігар.

Гэта проза. А майстар дэманструе ўжо заключны этап вытворчага працэсу — перад намі некалькі вырабаў, амаль гатовых. Ёсць форма, але няма жаданага бляску — яны не прайшлі паліроўку і прамыўку. І вось пасля некалькіх маніпуляцый — чароўнае пераўтварэнне, пярсцёнак у руках пачынае зіхацець і пералівацца. А гэта ўжо свята!

Відавочна, што майстар па-сапраўднаму любіць сваю справу. Як прызнаецца сам, больш за два дзясяткі гадоў таму назад азы асвойваў з вялікай цікавасцю і жаданнем. Найбольш складанай тады была менавіта тэхнічная частка. З дызайнерскімі задумамі — прасцей, бо ў свой час скончыў мастацкую школу па спецыяльнасці «выяўленчае мастацтва». Арыгінальныя задумы патрабавалі адпаведных уменняў, вось ён і стараўся. «Мне падабаецца працаваць з любымі металамі, люблю вырабляць рэчы з каштоўнымі камянямі. Часцяком заказчыкі просяць зрабіць нешта незвычайнае, так бы мовіць, эксклюзіўную рэч, якой няма нават у іх фантазіі. Вось гэта задача», — расказвае Ігар. А тут не так проста зразумець, адчуць нюансы, але вопытнаму майстру, які валодае прафесіяналізмам, тонкім густам і разуменнем чалавечай натуры, гэта падуладна.

Ювелірнае ўпрыгажэнне — рэч не танная, і спрактыкаваны заказчык ставіцца вельмі патрабавальна да майстра і выніку яго працы. Менавіта таму трэба заўсёды трымаць руку на пульсе часу, валодаць рознымі тэхналогіямі, ведаць сучасныя модныя тэндэнцыі. Як правіла, калі працуеш з кліентам, даводзіцца быць кансультантам па самых розных пытаннях. І тут недапушчальны дылетантызм, бо калі ўзнікне нейкі недавер да майстра — гэта ўжо ўдар па рэпутацыі. А яна таксама справа тонкая. Таму Ігар увесь час сочыць за публікацыямі, інфармацыяй у Інтэрнэце, наведвае выставы. Даводзілася выстаўляцца і самому, быць адзначаным на гэтай ніве. І зараз партрэт майстра змешчаны на Дошцы гонару прадпрыемства.

Цяжка падлічыць, колькі прыгажосці вырабіў Ігар Сакалоўскі, колькі радасці падарыў яе ўладальнікам. А для яго самога любімае ўпрыгажэнне — заручальны пярсцёнак.

Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter