Какие результаты показал трехлетний проект по поддержке бизнеса в Витебской и Могилевской областях

Бізнес з мясцовым каларытам

У стварэнні новых працоўных месцаў, рэнавацыі вытворчасці, магчымасці развіваць бізнес маюць патрэбу не толькі вялікія гарады, але і аграгарадкі, пасёлкі, вёскі. Дарэчы, сярод усіх населеных пунктаў краiны 80 працэнтаў — малыя і сярэднія. Увага рэгіёнам надаецца праз дзяржаўныя праграмы. Прадпрымальнікі атрымліваюць льготы, субсідыі, падтрымку мясцовых органаў улады — усё, каб стварыць камфортныя ўмовы для вядзення бізнесу. Аднак прылады і мадэлі развіцця раённых цэнтраў і раёнаў адрозніваюцца ад тых, што прымяняюцца ў гарадах са шматлікім насельніцтвам. Таму Праграма развіцця ААН, Міністэрства эканомікі і Банк развіцця ініцыявалі трохгадовы праект «Садзейнічанне занятасці і самазанятасці ў малых і сярэдніх гарадах Беларусi», які наладзіў спрыяльнае бізнес-асяроддзе ў шасці пілотных гарадах Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Карэспандэнт «Р» разам з экспертамі падвяла вынікі гэтага трохгадовага праекта, даведалася, як сёння функцыянуюць цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва, хто атрымаў фінансаванне для развіцця ўласнай справы, і як змянілася колькасць прадпрымальнікаў.

На хакатоне для прадпрымальнікаў у Горках перамаглі тры бізнес-праекты.

Слова і справа

У вялікім горадзе стартаваць у бізнесе не складана — і кліент знойдзецца, і квадратны метр пад арэнду танней. А калі не ведаеш як, то кансультацыі і бізнес-коучы у дапамогу. У рэгіёне ж заведама ёсць абмежаванні. У скарбонку негатыўных фактараў, якія ўплываюць на мясцовыя эканомікі — нізкае канкурэнтнае асяроддзе, адток маладых людзей у гарады, невысокі ўзровень жыцця.

Хочацца расці, а як гэта зрабіць — не ведаеш. Патэнцыйны прадпрымальнік губляецца ад пытанняў, пачынаючы ад падатковых плацяжоў, i заканчваючы атрыманнем фінансавання. Праект праблему недахопу інфармацыі кампенсаваў за кошт створанай інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу. Але аб ўсiм па парадку.

Першы год праекта яго кіраўнік Марына Каліноўская адзначае як самы няпросты: першарадным пытаннем стаў выбар раёнаў, дзе праект будзе рэалізоўвацца.

— Заяўкі на ўдзел мы адбіралі па сукупнасці крытэрыяў — наяўнасць матэрыяльнай базы, памяшкання, якое не патрабуе капітальнага рамонту, людзей, якія жадаюць заснаваць новую арганізацыю, альбо дзеючай арганізацыі, якая гатова адным з сваiх кірункаў зрабіць цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва. Так, выбраны былi шэсць «пілотных» гарадоў Віцебскай і Магілёўскай абласцей — Глыбокае, Мсціслаў, Крычаў, Барань, Горкі і Чавусы, — успамінае Марына.

На працягу 2017—2019 гадоў створаны цэнтры падтрымкі ў Барані, Глыбокім, Горках, Мсціславе. У Чавусах і Крычаве ўжо дзейнічалі цэнтры. Нягледзячы на абмежаваны бюджэт, сродкі атрымалася ўкласці і ў рамонт памяшканняў, стварэнне офісаў і ў абсталяванне — мэблю, аргтэхніку. Новыя тэхнічныя магчымасці пашырылі спектр паслуг. Цяпер пад арэнду тут можна атрымаць офіс з коштам арэнды па паніжальным каэфіцыенце. Кіраўніцтва цэнтраў праводзіць розныя мерапрыемствы. Напрыклад, у Крычаве на базе цэнтра правялі два форумы пчаляроў.

Аднак аснашчэнне цэнтраў — не асноўная частка расходаў. Упор — на навучанне. Спецыялісты праекта, эксперты па маркетынгу, бізнес-планаванню, франчайзінгу і фінансах з Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва, Банка развіцця правялі больш за 110 бясплатных семінараў і трэнінгаў у пілотных гарадах. Тэмы былi абраныя такiя: алгарытмы адкрыцця бізнесу, магчымасці фінансавання, асновы прадпрымальніцкай дзейнасці для моладзі, падатковыя плацяжы, лепшыя бізнес-ідэі для маленькага горада, прадпрымальнае валоданне зямлёй і гэтак далей. Больш за 1100 індывідуальных кансультацый правялі юрысты і бухгалтары. Прадпрымальнікі і тыя, хто хоча пачаць сваю справу — усяго каля 2400 чалавек — прайшлі навучанне ў рамках праекта.

З кожнага па ідэі

Кожны пілотны горад праекта чым-небудзь унікальны, што ўлічвалася пры іх адборы. Напрыклад, Мсціслаў турыстычна прывабны. На карце раёна — 80 помнікаў, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Створаны «Рэгіянальны цэнтр развіцця» атрымаў статус цэнтра падтрымкі ў 2018 годзе. 

— За гэты час мы не толькі кансультавалі і вучылі пачаткоўцаў у бізнесе і дзеючых прадпрымальнікаў, правялі конкурс бізнес-ідэй, але і стварылі інтэрактыўны турыстычны маршрут па Мсціслаўскаму раёну, падпісалі пяць пагадненняў з расійскімі турагенцтвамі і інш. Цэнтр дапамог зарэгістравацца дзевяці прадпрымальніцкім структурам, якія адкрылі 12 новых працоўных месцаў, — распавядае дырэктар цэнтра Яўген Зуеў.

Цэнтр падтрымкі ў Горках стаў эксперыментальным па развіцці маладзёжнага прадпрымальніцтва.

У горадзе Горкі, вядомым сваёй сельгасакадэміяй, кожны трэці жыхар — студэнт. Таму цэнтр падтрымкі тут стаў эксперыментальным па развіцці маладзёжнага прадпрымальніцтва і ўвайшоў «Тэхнапарк «Горкі». У лістападзе мінулага года на базе Палаца культуры БДСГА ўрачыста адкрыўся сучасны бізнес-інкубатар з каворкінг-зонай. Акрамя кансультацый, тут праводзяць стартап-школы. Намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч падкрэсліў, што на прыкладзе гэтага цэнтра падтрымкі мы бачым добры гібрыд таго перспектыўнага суб’екта інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, які будзе ў бліжэйшы час развівацца ў Беларусі.

Будучыня цэнтраў

— Цэнтры функцыянуюць як інстытуты развіцця і маюць на мэце падтрымаць прадпрымальнікаў. Вядома, гэтая не тая сфера, дзе можна шмат зарабляць, але яна надзвычайна важная для развіцця эканомікі, — разважае Марына Каліноўская. — Многія паслугі цэнтры падтрымкі аказваюць бясплатна, таму ў іх павінны быць напрамкі, якія даюць заробак. Гэта можна разглядаць як фактар устойлівасці.

Кіраўнік праекта дадае, што ў канцы мінулага года эксперты правялі навучанне ўсіх кіраўнікоў цэнтраў падтрымкі, каб дапамагчы ў далейшым наладзіць іх працу.

Акрамя таго, створаны цэнтр падтрымкі ў Барані. Сумесна з некалькімі іншымі цэнтрамі стварылі некамерцыйную арганізацыю — Асацыяцыю суб’ектаў інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва. Удзельнікі плануюць аказваць паслугі на платнай аснове, а асацыяцыя прыцягне падтрымку, міжнародна-тэхнічную дапамогу.

Былы дырэктар КУП «Моладзевая сацыяльная служба» Рыма Епур узяла пад сваё шэфства бізнес-інкубатар у Барані. І на яго прыкладзе збіраецца зрабіць рэгіянальны кейс, які можна мульціплікаваць, як развіваць рэгіёны. Сёння яна дырэктар Бараньскага цэнтра падтрымкі, а таксама кансультант па маніторынгу выканання планаў работ бізнес-інкубатараў у гарадах Глыбокае і Крычаў.

— У сталіцы любы можа развіць бізнэс. Добра, што праект накіраваны на малыя, аддаленыя гарады. Паспяхова праведзены адукацыйныя мерапрыемствы, юрысты, ментары, коучы кансультуюць малы бізнес. Аднак вырашыць праблемы бізнэсу толькі стварэннем цэнтра падтрымкі немагчыма. Глабальна паўплываць на бізнес-асяроддзе можа толькі спецыяльная дзяржаўная праграма або законапраект. Зараз цэнтры прадастаўлены самі сабе. Іх абсталявалі, паказалі, як працаваць, далей — самі. У праектах, накіраваных на развіццё бізнесу ў рэгіёнах, павінна быць пераемнасць, — дзеліцца меркаваннем Рыма Епур.

Фінансавая дапамога

Яшчэ напярэдадні старту праекта Праграма развіцця ААН і Банк развіцця падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве і распрацавалі асобны крэдытны прадукт, накіраваны на падтрымку развіцця малога і сярэдняга бізнесу ў рэгіёнах Беларусі. З 2017 года Банк развіцця ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях прафінансаваў 605 праектаў на агульную суму 103,2 млн рублёў.

Больш за тое, падчас праекта прайшлі чатыры конкурсы бізнес-ідэй. У Чавусах пераможцамі сталі пяць прадпрымальнікаў. Фермер Артур Шапецька, які разводзіць рыбу і прадае яе на мясцовым рынку, атрымаў сродкі на куплю кантэйнера для перавозкі рыбы. Прадпрымальнік Аксана Завадская прадставіла бізнес-план, у якім прапанавала адкрыць дадатковы кірунак — фізкультурна-аздараўленчых паслуг на базе дзеючага цэнтра ранняга развіцця. За кошт фінансавання конкурсу яна купіла спартыўны інвентар і абсталяванне для заняткаў. Педагог з Крычава пасля перамогі у конкурсе зарэгістравала ІП і адкрыла цэнтр развіцця для дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця.

Фермер Артур Шапецька атрымаў фінансаванне на пакупку кантэйнера для перавозкі рыбы.

Сяргей і Таццяна Рыбаковы, уладальнікі аграсядзібы «Духмяны сад» у вёсцы Каробчына вырашылі дадаць яшчэ адзін напрамак бізнесу і стварыць цяплічную гаспадарку па гадоўлі ўнікальных для іх мясцовасці гародніны і садавіны, бо попыт на прадукцыю ёсць як у мясцовых жыхароў, так і ва ўладальнікаў іншых сядзіб у рэгіёне. Набыццё новай вялікай цяпліцы дазволіла Рыбаковым наладзіць пастаўкі ў мясцовыя райпо.

Удзельнік праекта Павел Кавалёў, дырэктар прадпрыемства па апрацоўцы драўніны і вытворчасці піламатэрыялаў, з аграгарадка Ходасы Мсціслаўскага раёна ўзяў намінацыю «Паспяховы старт» у конкурсе «Прадпрымальнік года-2019».

Удзельнік праекта, прадпрымальнік Павел Кавалёў перамог у намінацыi «Паспяховы старт» конкурсу «Прадпрымальнік года-2019».

У бізнэс Павел прыйшоў не выпадкова. Ён распавядае, як раней займаўся будаўніцтвам і пастаянна сутыкаўся з праблемамі ў закупках матэрыялаў з дрэва — мясцовы рынак невялікі. Пасля перамогі ў конкурсе бізнэс-ідэй ён набыў новы дрэваапрацоўчы станок МВ-2000. 

— Станок прадукцыйны, зроблены з ужываннем новых тэхналогій. За мінулы год у два разы павялічылася вытворчасць, палепшылася якасць дрэваапрацоўкі, з’явіліся новыя працоўныя месцы, — дзеліцца прадпрымальнік.

У большай ступені прадпрыемства арыентуецца на экспарт у Германію і Нідэрланды. Аднак цяпер, з улікам віруса, пастаўкі скараціліся. Павел не маркоціцца, бо паступова адкрывае свае заводы Кітай, актывізуюцца заказчыкі.

malyshchyts@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter