Не жалели ни женщин, ни детей: село Лабецкие на Браславщине было уничтожено за то, что его жители прятали старого еврея

Без віны вінаватыя

Прыгожае вогненна-жоўтае поле рапсу рассцiлаецца за ваколiцай. Над помнiкам, дзе ўвекавечаны iмёны 28 жыхароў вёскi Лабецкiя, нiзка-нiзка пралятаюць жураўлi. Але вось яны ўзнiмаюцца ўверх, спалоханыя прысутнасцю чалавека. Так, птушкi ўжо прывыклi да таго, што людзi з’яўляюцца тут рэдка. Кажуць, велiчных жураўлiкаў у гэтых прыгожых мясцiнах бачаць амаль заўсёды, калi браслаўчане або госцi раёна прыязджаюць сюды пакланiцца нявiнным ахвярам вайны. Помнiк, пастаўлены на месцы знiшчанай карнiкамi вёскi, стаў сiмвалам усiх спаленых у Браслаўскiм раёне сёл. А iх амаль сотня. Лабецкiя — асобным радком на «Могiлках вёсак» у Хатынi.

Адна з вёсак, знiшчаных нямецка-фашысцкiмi захопнiкамi.

На месцы трагедыi

— Ву-у-нь там па полi бегла шматдзетная мацi з хлапчукамi, ратуючыся ад палiцаяў-карнiкаў. Хтосьцi паспеў шапнуць жанчыне: «Ты невiнаватая, бяжы», — распавядае гiсторык-краязнаўца Вiктар Бунта. — Яна i рванула напрасткi праз балота да сваякоў. А трэба было далей ад вёскi. Але хто ж ведаў…

Карнiкi, якiя прыбылi для расправы ў вёску Лабецкiя на падводах, стралялi з кулямёта разрыўнымi кулямi. Адна з iх i падкасiла жанчыну, другая трапiла ў Янука, якi разам з братамi працягваў уцякаць. У вынiку трое спалоханых хлапчукоў, у тым лiку паранены ў жывот, дабралiся да суседняй вёскi i сталi стукацца ў дамы. Iх не пускалi, баючыся помсты. Нават родная цётка адмовiлася адчынiць дзверы. I толькi сябар бацькi рызыкнуў даць прытулак дзецям. Яго жонка аказала дапамогу хлопчыку, якi сыходзiў кроўю, да ночы схавала ўцекачоў у падпечку, а затым вывезла ў санях далей.

Ужо потым сталi шукаць малодшага члена гэтай сям’i. Аказалася, што дзевяцiмесячны Войтак не трапiў у зону абстрэлу, закрыты целам забiтай мацi. Не паспеўшы малога апрануць перад уцёкамi, яна схавала яго пад фуфайкай. Але калi людзi знайшлi немаўля побач з загiнулай, ратаваць было ўжо позна — яно замёрзла. На двары стаяў люты…

З гэтай сям’i ў жывых засталася i 13-гадовая Гелена. Яна i расказала ў падрабязнасцях сумную гiсторыю нашчадкам. На жаль, самой сведкi ваенных гадоў, апошняй ураджэнкi вёскi Лабецкiя з тых, хто выжыў, таксама ўжо няма — памерла некалькi месяцаў таму. Але да глыбокай старасцi Гелена Кiюц (Станкевiч у дзявоцтве) старалася бываць тут, на брацкай магiле сваiх родных.

Выратавацца Гелене тады ўдалося толькi дзякуючы шчаслiвай выпадковасцi. Бацька, калi ад’язджаў у Опсу, дзе працаваў на млыне, завёз яе да бабулi ў суседнюю вёску Кемянцы. Нiхто не падазраваў, што ў Лабецкiя ў той дзень нечакана з’явяцца фашысты.

Жыхароў вёскi стралялi разрыўнымi кулямi прама каля хат. Сведкi ўспамiнаюць: жудаснае вiдовiшча. Разарваныя целы так i пакiнулi ляжаць для застрашвання акругi. I нiбыта нават святар пабаяўся прыехаць, каб правесцi малебен па забiтых. Толькi праз тыдзень камендант мясцовага гарнiзона задаволiў просьбу браслаўчан i дазволiў пахаваць астанкi людзей. Пасля адлiгi, а затым марозу целы прыйшлося высякаць сякерамi... Iх клалi ў брацкую магiлу без труны, сем’ямi. Зверху — салома i дошкi. Потым засыпалi…

Гелену Станкевiч таксама прывезлi на пахаванне. Але калi вяскоўцы ўбачылi калёсы з палiцаямi, схавалi дзяўчынку пад паўкажушкам у снезе — раптам фашысты даведаюцца, што нехта з Лабецкiх выжыў.

Як успамiнаюць вiдавочцы, доўга шукалi сваякi Марыю — 15-гадовую дачку Юльяна Пятровiча. Была надзея, што дзяўчына жывая. Але праз два тыднi пасля расправы на полi ўдалечынi ўбачылi чараду птушак. Нядобрыя прадчуваннi апраўдалiся — там знайшлi склёванае варонамi цела Манi. Аказалася, дзеўчанё на момант прыезду карнiкаў працавала ў аддаленым хляве. Спрабавала ўцячы, але яе дагнала куля…

Хто хаваў?

Дык што на самай справе стала прычынай трагедыi? Версiй было некалькi. Вiктар Бунта доўгi час вывучаў гiсторыю вёскi Лабецкiя, якая значыцца ў кнiзе «Памяць» як сястра Хатынi. Ён разам са сваiмi вучнямi — юнымi даследчыкамi Кансталiнскай школы — апытаў больш за 120 чалавек i задакументаваў iх успамiны.

— Я размаўляў нават з тымi, хто на падводах даставiў сюды карнiкаў, — успамiнае суразмоўца. — У Браслаўскiм раёне тады было ўсяго пяць немцаў. Усе астатнiя — беларускiя, лiтоўскiя i латышскiя калабарацыянiсты. Для мясцовага насельнiцтва ўвялi так званую падводную павiннасць — людзi былi вымушаны дзяжурыць з прывязанымi коньмi каля камендатур, каб па загадзе акупантаў везцi iх, куды спатрэбiцца. Пасля гэтыя паднявольныя возчыкi распавялi шмат жахлiвых гiсторый, сведкамi якiх давялося быць.

Вядома, што на Браслаўшчыне ў даваенныя гады пражывала вялiкая колькасць яўрэяў — каля 20 тысяч. У дачыненнi да iх у гады акупацыi праводзiлiся масавыя акцыi знiшчэння. Лiчы, кожны пяты жыхар раёна быў падвергнуты рэпрэсiям па нацыянальнай прыкмеце. Умовы ўтрымання ў шматлiкiх гета, куды зганялi мужчын, жанчын i дзяцей перад забойствам, адрознiвалiся асаблiвай жорсткасцю. Вiдаць, з аднаго такога гета i збег стары яўрэй Iзраiль. Iмя чалавека, якога хавалi жыхары знiшчанай вёскі, дагэтуль на слыху.

Начальнiк аддзела iдэалагiчнай работы, культуры i па справах моладзi Браслаўскага райвыканкама Юлiя Чагарына.

— Пажылога яўрэя ў рэшце рэшт злавiлi. На допыце доўга спрабавалi высветлiць, хто канкрэтна яго хаваў, — вяртаецца да падзей тых вогненных гадоў Вiктар Елiсеевiч. — А той усё ўвiльваў ад адказу, не жадаў падвяргаць пагрозе добрых вяскоўцаў. У вынiку сказаў: усе. Вось усiх i пакаралi... Хоць па iншай версii яго сапраўды хавалi ўсе па чарзе.

...На помнiку 28 прозвiшчаў i iмён. Аказваецца, вёска была ўсяго з шасцi хат. Усе яе жыхары — сваякi. Касiнскiя, Пятровiчы, Стомы i больш за дзясятак Станкевiчаў. Узрост ад 5 да 70 гадоў. Амаль кожны другi — дзiця або падлетак. Без вiны вiнаватыя... Расстралялi i гасцей. Саракагадовая Ганна Радзевiч наведвала сваiх родных, якiя пражывалi ў Лабецкiх, разам з сямiгадовай дачкой Марыяй. Так яны тут i засталiся. Назаўжды…

Попел як памяць зямлi

У акрузе, распавядае Вiктар Бунта, шмат спаленых вёсак. Большасць з iх былi адноўлены ў пасляваенныя гады. А там, дзе знаходзiлася сяло Лабецкiя, цяпер не засталося нават напамiну пра сядзiбы-хутары. Калi, вядома, не лiчыць маленькiх пагоркаў на месцы дамоў i старых яблынь, якiя ўсё яшчэ спрабуюць стварыць iлюзiю аселасцi. Чырвоныя макi, што вiднеюцца на лузе, — таксама хутчэй водгукi далёкага жыцця на гэтай зямлi.

Так дзякуючы юным даследчыкам i iх настаўнiку адкрыта шмат невядомых раней старонак гiсторыi вёскi Лабецкiя. Яны захавалi ўспамiны жыхароў суседнiх вёсак. Напрыклад, адны з iх распавялi, як фашысты пыталiся пра дарогу да асуджанага на гiбель сяла i пагражалi расстрэлам усёй сям’i таго, хто надумае папярэдзiць.

Iншыя бачылi, як карнiкi падзялiлiся на тры атрады, каб акружыць Лабецкiя з усiх бакоў i не даць выратавацца нiкому. Расказалi вiдавочцы i пра юнака Юзiка Пятровiча, якi вазiў малако ў палiцэйскi гарнiзон i даведаўся, што ў яго вёску адправiлiся палiцаi. Ён паспяшаўся дадому ў надзеi выратаваць блiзкiх — як-нiяк сам працаваў на новую ўладу. Раптам памiлуюць? Але фашысты перагарадзiлi яму дарогу i параiлi павярнуць назад. Той настойваў... У вынiку хлопца забiлi — дастаткова было таго, што ён сам родам з гэтага сяла.

...На помнiку пазначана: жыхароў вёскi Лабецкiя 18 лютага 1943 года расстралялi нямецкiя акупанты. А вось сведкi сцвярджаюць: гэта былi не немцы — палiцаi. Iх атрад звалi сотняй. У яго ўваходзiлi ўкраiнцы, магчыма, эсэсаўцы. I насiлi байцы атрада чорныя шынялi з малюнкам чэрапа i касцей на рукавах.

Помнік расстраляным жыхарам вёскі.

begunova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter