Без рэпетыцыі далёка не заедзеш

Рэпетыцыйнае тэсціраванне павышае вынік на 10—20 балаў

Тыя, хто прайшоў рэпетыцыйнае тэсціраванне, пасля павышаюць вынік па прадмеце на 10—20 балаў

Дзесяць дзён засталося да заканчэння рэгістрацыі для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні-2013. Калі за першыя два тыдні было прынята толькі 36 тысяч заяў, то за наступны тыдзень гэтая лічба павялічылася практычна ўдвая і склала 68 559 абітурыентаў, якія будуць здаваць амаль 200 тысяч чалавекатэстаў.

Разам з тым, нягледзячы на тое, што павялічылася актыўнасць абітурыентаў, дырэктар установы адукацыі «Рэспублі-канскі інстытут кантролю ведаў» Мікалай Фяськоў адзначыў, што ў параўнанні з гэтым жа перыядам мінулага года колькасць удзельнікаў тэсціравання скарацілася на 20 тысяч чалавек.

У пераліку тэставых прадметаў першае месца па традыцыі займае руская мова: для здачы гэтага прадмета ўжо зарэгістравалася больш за 47 800 чалавек. Для параўнання: здаць экзамен па другой дзяржаўнай мове пажадалі амаль удвая менш абітурыентаў — каля 20,5 тысячы. Услед за рускай мовай другое месца адведзена матэматыцы: для здачы яе зарэгістравалася больш за 43 тысячы чалавек. Далей па спісе ідуць фізіка — каля 20,5 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, біялогія — каля 15 тысяч і хімія — каля 10 тысяч. У сярэднім каля 6 працэнтаў ад колькасці зарэгістраваных па прадметах пажадалі здаваць экзамены на беларускай мове. Лідзіруе па гэтым паказчыку гісторыя Беларусі — на беларускай мове гэты прадмет жадаюць здаваць ужо больш за 20 працэнтаў ад колькасці зарэгістраваных.

Сама працэдура цэнтралізаванага тэсціравання запланавана на 14—28 чэрвеня. Але магчымасць патрэніравацца ёсць ужо зараз. Як распавёў Мікалай Фяськоў, за навучальны год удзел у рэпетыцыйным тэсціраванні прынялі больш за 276 800 чалавек, што перавышае паказчык мінулага года. Акрамя таго, з гэтага года з’явілася і паспела ўжо стаць папулярным рэпетыцыйнае віртуальнае тэсціраванне. Так, кожны жадаючы можа прайсці экзамен па выбары на сайце РІКВ. Пытанні забяспечаны адказамі і каментарыямі. Гэтай магчымасцю ўжо скарысталіся больш за 600 чалавек. Як падкрэсліў суразмоўца, галоўная задача рэпетыцыйнага тэсціравання — навучыць абітурыента правільна запаўняць бланкi адказаў, а таксама даць яму магчымасць выявіць і ліквідаваць прабелы ў ведах. «Мы высветлілі, што тыя, хто прайшоў рэпетыцыйнае тэсціраванне, пасля павышаюць вынік па прадмеце на 10—20 балаў», — адзначыў ён.

Таксама Мікалай Фяськоў нагадаў, што абітурыенты, якія напісалі нецэнзурныя словы на бланках адказаў, аўтаматычна пазбавяць сябе магчымасці працягваць удзел ва ўступнай кампаніі, паколькі не атрымаюць сертыфікаты ЦТ. Такая норма змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў № 371 ад 13 мая 2013 года. «Жартаўнікі» з года ў год выпрабоўвалі цярпенне РІКВ і Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, і цяпер яны атрымаюць па заслугах. Як растлумачыў суразмоўца, нават калі два тэсты з трох абавязковых будуць выкананы адпаведным чынам, а ў трэцім абітурыент дазволіць сабе вольнасці, пра сертыфікат ЦТ ён можа забыцца. Дарэчы, у мінулым годзе за «свавольствы» такім чынам былі пакараны 24 чалавекі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter