Без «кашуль» засталiся

Якiх толькi дзiвосных гiсторый iншы раз не пачуеш. Нават часам паверыць цяжка, было гэта на самай справе цi не было...

Якiх толькi дзiвосных гiсторый iншы раз не пачуеш. Нават часам паверыць цяжка, было гэта на самай справе цi не было.

Адна з такiх бывалiц дужа пацешная. Хоць цяпер i ў магазiне гарэлкi — ажно вочы разбягаюцца, некаторыя вяскоўцы прызнаюць толькi самагонку. Асаблiва калi зроблена па старадаўнiх рэцэптах. Гэта калi брага робiцца на прарошчаным жыце i з тоўчанай бульбай. Трэба разумець, што тонкiм працэсам якраз займаюцца не горкiя прапойцы, а зусiм прыстойныя i ў цэлым законапаслухмяныя грамадзяне. У тым сэнсе, што гоняць не на продаж, не для спекуляцыi, а для ўласных патрэб. Ведама, колькi работ на падворку сялянскiм. У сезон i бульбу трэба пасадзiць, i сена нарыхтаваць, i дровы прывезцi. Лепшы разлiк за любую паслугу на вёсцы – пляшка хлебнага першаку. За кожнай бутэлькай у сельмаг не набегаешся. I традыцыю такую не звесцi, мабыць, да скону вякоў.

Дык вось, выгналi адны гаспадары добрую самагонку. А засталiся спецыфiчныя адходы з прарошчанага жыта з бульбай. Шкада стала гаспадынi выкiдваць такое дабро на сметнiк. Намяшала яна яшчэ ў тое хмяльное сусла розных рэшткаў са стала, аб’едкаў, хлебных скарынак ды i шуганула ў гусiнае карыта. Парадавалася нават, калi дзесятак птушак дружна накiнулiся на «фiрменную» вячэру.

А ранкам глядзiць кабета на свой вывадак — i вачам не верыць. Ляжаць усе гусi разам з гусаком покатам нежывыя на двары. Адну-другую птушку нагой пiхнула – нiякай рэакцыi. Загаласiла баба на ўвесь двор: «Гусi вы мае, гусi, што ж з вамi, родненькiя, зрабiлася?» 

Што рабiць кабеце, скажыце? Закопваць шкада, у страву ўжываць боязна: а раптам якая зараза. Таму рашыла хоць абскубцi небарак, каб пяро на падушкi скарыстаць. Як кажуць у народзе, з паганай авечкi хоць воўны жменьку… Таму наспех абскубла кабета гусака i гусак збольшага, затым выкiнула «асвежаваныя» тушкi ў глыбокi роў непадалёку ад хаты.

Пагаравала-пагаравала яшчэ ды занялася хатнiмi справамi. А пад вечар чуе знаёмае гагатанне за варотамi. Выйшла за веснiчкi — i за галаву ўхапiлася, а затым за сэрца. Вочы працёрла: цi не мроiцца ёй такое? Але ж не, вярнулiся дадому абскубаныя нагала гусi на чале з гусаком. Аказваецца, былi яны п’яныя да непрытомнасцi, не чулi нават, як iх «раздзявалi».

А цяперака вось працвярэзiлiся, праспалiся, як i людзi-прапойцы, i дахаты прыцягнулiся. Смешныя, нават брыдкiя на выгляд. Добра яшчэ, што на двары быў пачатак лета, дык не пазамярзалi без «вопраткi».

Уся вёска хадзiла на той бясплатны спектакль. Рагаталi нават самыя змрочныя ды ваўкаватыя. Праўда, да восенi «артысты» зноўку абраслi натуральным пяром. А пацешка i дагэтуль у памяцi народнай жыве.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter