Без капусты на агародзе пуста

Капуста — адна з асноўных раслін на агародзе славян. Асабліва шырока капуста ўжывалася ў пост. У народнай вусна-паэтычнай творчасці капуста — расліна з загорнутымі лістамі — сімвалізавала жаночы нараджаючы пачатак, радзей — каханне, часам грахоўнае. Невыпадкова, на пытанні дзяцей аб іх з’яўленні на свет, дарослыя адказваюць: “у капусце”, г.зн. у шчыльна загорнутых пялёнках. Часцей за ўсё на градкі з капустай прыходзілі ласавацца заяц або казёл — сімвалы мужчынскага пачатку. Таму адказ цікаўнаму дзіцяці мог гучаць і так: “Зайчык прынёс і на капуснай градзе пакінуў”. А пра мужчыну, які быў не стрыманым у сваіх адносінах да жанчын, нездарма казалі: “Пусцілі казла на капусту (агарод)”.

* Этапы вырошчвання капусты ў народным уяўленні былі рытуалізаваны і заснаваны на прынцыпе падабенства: качан капусты параўноўвалі з галавой чалавека (таму падчас каляднай вячэры, калі елі капусту, галаву адзін аднаму сціскалі рукамі), каб капуста была “цвёрдай”, быццам камень, на граду абавязкова прыносілі адзін-два вялікія валуны, часам іх загортвалі ў белую хустку або ручнік, каб капуста была белая, чыстая.
* Адзін з першых этапаў вырошчвання капусты — высеў насення на расаду. Для гэтага ў кожным рэгіёне абіраўся найбольш спрыяльны тэрмін у адпаведнасці з кліматам мясцовасці, але ў той жа час былі і строга прызначаныя для гэтага дні: 
* Лічылася, што капуста не будзе баяцца маразоў і дасць вялікі ўраджай, калі насенне на расаду пасадзіць у дзень святой Еўдакіі (14 сакавіка), у пост, перамяшаўшы насенне з зямлёй і пасеяўшы іх нават па снезе. 
* Пасеянае на Аляксея Цёплага (30 сакавіка) насенне ўвосень дасць багаты ўраджай.
* 8 красавіка — дзень пасля Благавешчання, таксама лічыўся спрыяльным для высадкі капусты. 
* На Украіне самым спрыяльным днём для высадкі насення капусты лічылася субота на Пахавальным (пятым) тыдні Вялікага паста: “Капуста вырасце рахманая, г.зн. вялікая, белая, цвёрдая і вусені яе не крануць”. 
* Таксама сеялі насенне капусты на расаду ў апошнія дні Страснога тыдня, часцей у суботу, пасля таго як пасадзяць булкі ў печ — “каб капуста была здарова, як паска”.
* У паўночных раёнах чакалі дня святога Ягорыя (6 мая): “Сей расаду да Ягорыя — будзе капусты даволі, калі ж спознішся з пасевам, галовы не заўюцца”. 
* Паўсюдна прытрымлі-валіся правіла сеяць насенне капусты да ўзыходу сонца на поўню ці растучы месяц, моцна абвязаўшы галаву хусткай. 
* Перад высевам насенне капусты трэба было некалькі разоў перакінуць з адной рукі ў другую, “каб з капусты не вырасла бручка”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter