Ведущий проекта «Суразмоўцы» Наум Гальперович - о волнении первых эфиров, дружбе с гаджетами и удививших героях

Без дыстанцый

За шмат гадоў працы на радыё i тэлебачаннi Навум Гальпяровiч працаваў у розных фарматах i жанрах, але так цi iнакш у аснове кожнага з iх — iнтэрв’ю з цiкавым суразмоўцам. Два гады таму на змену папярэднiм праектам Гальпяровiча «Дыяблог. Пра мову» i «Дыяблог. PS» на тэлеканале «Беларусь 3» прыйшоў новы — аўтарская праграма з простай назвай «Суразмоўцы». У адрозненнi ад некаторых калег з iншых каналаў, дзе вядучыя стараюцца весцi дыялог у энергiчным наступальным тэмпе, Навум Якаўлевiч нiколi не ставiць свайго героя ў стан абараняючагася. «А навошта? Я не хачу падкiдваць яму колкiя пытаннi, бо хачу, каб госць быў маiм аднадумцам, а я — яго», — гэтай пазiцыi папулярны вядучы прытрымлiваецца, нiколi не саступаючы.

— Навум Якаўлевiч, два гады — досыць вялiкi срок для аўтарскай публiцыстычнай праграмы. Цi лёгка вам раз на тыдзень знаходзiць усё новых i новых герояў?

— Безумоўна, любая праграма мае свой рэсурс. I я вельмi хваляваўся, што калi‑небудзь гэты рэсурс закончыцца. Але ж, здаецца, на пэўны час, дастаткова вялiкi, герояў яшчэ хопiць. Калi «Суразмоўцы» толькi пачыналiся, у мяне былi некаторыя хваляваннi: а цi здолею я знайсцi столькi цiкавых суразмоўцаў, якiя любяць беларускую культуру, працуюць на яе карысць? Аказалася, што два гады — гэта яшчэ толькi пачатак таго, аб чым можна i трэба гаварыць i расказваць. Яшчэ мяне цешыць тое, што раз за разам з’яўляюцца жадаючыя прыйсцi да мяне ў «Суразмоўцы». Яны тэлефануюць, пiшуць у iнтэрнэце: «Спадар Навум, у мяне ёсць што сказаць гледачам». Таксама хачу адзначыць, што гэта праграма — не чыста лiтаратурная. Бо я размаўляю не толькi з пiсьменнiкамi, а ўвогуле з людзьмi, якiя любяць родную культуру i служаць роднаму слову. З тымi, што ўжо шмат чаго зрабiў, i з тымi, хто толькi паказвае свой патэнцыял.

— У першых выпусках вы арыентавалiся выключна на тых асоб, якiх па розных прычынах добра ведалi. У гэтым выпадку як аддзяляць асабiстае ад публiчнага?

— А я i не аддзяляю. Бо ў першую чаргу я ставiў задачу не толькi раскрыць асобу чалавека, але i паразмаўляць з iм, як з добрым знаёмым. Таму першым госцем праграмы стаў пiсьменнiк, публiцыст Алесь Карлюкевiч, якога я ведаў, калi ён яшчэ працаваў у «Чырвонай змене». Пасля прыходзiў Дзянiс Дук — калiсьцi ён быў аднакурснiкам майго сына, я ведаў Дзянiса яшчэ хлапчуком. Зараз ён рэктар Магiлёўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя А. Куляшова. Былi ў «Суразмоўцах» i мае калегi‑пiсьменнiкi: Мiкола Мятлiцкi, Леанiд Дранько‑Майсюк, Георгiй Марчук, Мiхась Пазнякоў i iншыя, а таксама кiраўнiкi лiтаратурна‑мастацкiх выданняў: Юлiя Алейчанка, Аляксей Чарота. Яшчэ мне было цiкава паклiкаць людзей, якiя не жывуць у сталiцы. На запiс прыязджаў цiкавы бiблiёграф i краязнаўца Мiхась Казлоўскi, якi жыве i працуе ў Маладзечна, а таксама краязнаўца з Мiёр Вiтольд Ермалёнак, настаўнiк з Пастаў Iгар Пракаповiч. I нават не гледзячы на тое, што мы знаёмы шмат гадоў, мне ўсё роўна пры падрыхтоўцы праграмы давялося шмат чаго шукаць, гуглiць: цытаты, творы...

Нечакана для мяне аказалася, што «Суразмоўцы» маюць дастаткова многа праглядаў i з цягам часу праграма стала досыць папулярнай. I зараз мне ўжо хочацца знаёмiць гледачоў з тымi, хто яшчэ не надта раскручаны.

Многiя з гэтых людзей становяцца не толькi добрымi суразмоўцамi перад тэлекамерамi, але i пасля маiмi сябрамi ў жыццi.

— Цi былi тыя, хто прыходзiў да вас двойчы цi, можа, нават тройчы?

— Пакуль што такiх не вельмi багата. Але былi. Той жа Алесь Карлюкевiч быў двойчы напярэдаднi Дзён беларускага пiсьменства. Але гэта хутчэй выключэнне. У мяне такi прынцып: кожны раз шукаць новых герояў.

— I хто з апошнiх асаблiва ўразiў?

— Дзiцячая пiсьменнiца Кацярына Хадасевiч‑Лiсавая прышла на эфiр са сваiм персанажам — самаробнай лялькай па мянушцы Вухуцiк. I я размаўляў не толькi з аўтаркай, але i яе героем. Таксама прыемна здзiвiла сваiм арыгiнальным падыходам да лiтаратуры Аксана Бязлепкiна‑Чарнякевiч — крытык, лiтаратуразнаўца, выкладчыца факультэта журналiстыкi БДУ. Яна так ярка i самабытна расказвала пра беларускую лiтаратуру, што я нават заслухаўся. Гэты эфiр сабраў шмат праглядаў на YouTube i лайкаў у «Фэйсбуку». Дарэчы, Аксана напiсала цудоўную кнiгу, яна называецца «100 слоў пра сучасную беларускую лiтаратуру». Вельмi раю! Здзiвiў i Аляксей Дудараў, якi сказаў на пачатку эфiра: «Навум, адкладзi пытаннi ўбок, давай проста пагаворым». Я нават прадставiў яго як жывога класiка, але ён адразу ад гэтага «звання» адмахнуўся. Разам з тым былi i героi, ад якiх я чакаў значна большага. Яны, на жаль, так i не сталi маiмi «суразмоўцамi».


— Глядач праекта абавязкова павiнен быць чалавекам, блiзкiм да беларускай культуры, мовы?

— Спачатку я думаў, што так. Разлiчваў на кола iнтэлектуальнай элiты, але мне было вельмi прыемна, што гэтае кола значна пашырылася, i праграму сталi глядзець абсалютна розныя людзi.

Неяк на вулiцы да мяне падышоў глядач, падзякаваў за праект i сказаў: «Мы с женой плохо знаем белорусский язык, но всегда стараемся смотреть вашу программу. Она такая теплая, человечная, в ней нет агрессии».

I я падумаў, што можа менавiта гэта мяккасць i чалавечнасць кранае гледачоў? Для мяне галоўнае ў героях — iх чалавечыя роздумы, якiя павiнны выклiкаць у гледачоў цiкавасць, думкi i пачуццi. Часам сёння нам не хапае гэтай дабрынi, памяркоўнасцi, лагоднасцi. I я хачу несцi iх у людзi.

— Гуглiць, шэрыць, лайкi, «Фэйсбук». Прызнацца шчыра, для чалавека вашага ўзросту лексiка не надта характэрная. Адкуль cтолькi ведаў?

— У свой час, калi я яшчэ быў студэнтам, ехаў неяк у тралейбусе. Заўважыў хлопца гадоў пятнаццацi i яго бацьку гадоў шасцiдзесяцi. I яны нешта абмяркоўвалi, ажыўлённа размаўляючы. Я тады падумаў, што таксама хачу ў любым узросце быць чалавекам сучасным, якi можа на роўных размаўляць з маладымi. Канешне, калi першы раз я толькi дакрануўся да камп’ютара, вельмi яго баяўся. А зараз ужо лёгка карыстаюся ўсiмi гаджэтамi, на тэлефоне актыўна перапiсваюся ў мэсэнджэрах. Часам нават прыходзiцца сябе стрымлiваць, каб лiшнi раз не заходзiць у iнтэрнэт i не атрымлiваць шмат негатыўнай i фэйкавай iнфармацыi.

— Праз два тыднi ў Бялынiчах пройдзе чарговае свята беларускага пiсьменства. Ужо рыхтуецеся нейкiм чынам?

— Я быў членам журы Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii i такiм чынам, як я смяюся, ужо завочна прыняў удзел у свяце. Цi паеду ў Бялынiчы, пакуль дакладна не ведаю, праграма яшчэ складаецца. Дарэчы, у тым годзе па прапанове дырэктара тэлеканала «Беларусь 3» я разам з Дзiмай Карасём каментаваў прамую трансляцыю падчас цырымонii адкрыцця свята. Як будзе ў гэтым годзе, сказаць складана. Пажывём — убачым.

leonovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter