Палітычныя тэхналогіі сёння ўмела прымяняюцца ў выбарчых кампаніях

Без чорнага піяру

Палітычныя тэхналогіі сёння ўмела прымяняюцца ў выбарчых кампаніях. Гэтай навукай займаюцца цэлыя інстытуты, якія ператвараюць выбары ў сапраўднае шоу.


Пра тое, да якіх прыёмаў звяртаюцца палітыкі ў розных краінах і як на гэта рэагуе электарат, мы пагутарылі з палітолагам, старшым аналітыкам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзянісам Мельянцовым.

— Ёсць меркаванне, што ў складаныя часы выбаршчыкі асабліва вераць у перадвыбарныя абяцанні. Няхай нават абсалютна нерэальныя. У выніку папулізм становіцца рычагом для дасягнення тых ці іншых палітычных мэт.

— Усё залежыць ад кожнага канкрэтнага выбаршчыка, а не ад складаных ці лёгкіх часоў. Ёсць грамадзяне, якія абапіраюцца на рацыянальнае крытычнае мысленне падчас выбараў. У той жа час ёсць і тыя, хто прымае рашэнне, зірнуўшы на фатаграфію кандыдата на выбарчым стэндзе непасрэдна перад тым, як апусціць бюлетэнь. Гэта значыць у літаральным сэнсе ацэньваюць па знешнасці. Выбаршчыкі з аналітычным мысленнем у меншасці. Гэта датычыцца большасці краін. Розніца толькі ў тым, як тая ці іншая палітычная сістэма функцыянуе. Напрыклад, у ЗША двухпартыйная сістэма. Адпаведна ролю фільтраў там выконваюць партыі, якія не дапускаюць з’яўлення на палітычнай ніве выпадковых людзей. Беспартыйны наўрад ці будзе абраны на высокі пост. У кожнай краіне свае стрымліваючыя фільтры. І ад таго, наколькі яны развітыя, залежыць шанц праходжання палітыка-папуліста на тую або іншую пасаду. Чым гэтая сістэма менш наладжаная, тым верагоднасць таго, што да ўлады прыйдзе папуліст, вышэйшая.

— Варта дэталёва вывучаць прадстаўленую палітыкам праграму ці ж трэба звяртаць увагу у першую чаргу на біяграфію, дасягненні прэтэндэнта?


— Праграмы кандыдатаў чытае пераважная меншасць. Добра, калі набярэцца 10-15 працэнтаў такіх дапытлівых грамадзян. Хутчэй, гэта доля палітолагаў і аналітыкаў. Што датычыцца біяграфіі, то яе сапраўды чытаюць. Біяграфію можна знайсці, як правіла, і ў прэсе, і на тэлебачанні, і на саміх выбарчых участках. Важны нюанс: калі ў выбаршчыкаў пытаюць, якога кандыдата яны хацелі б бачыць, тыя адказваюць, што гэта павінен быць чалавек з кіраўніцкім досведам. Дапусцім, ёсць дырэктар буйнога прадпрыемства і настаўнік біялогіі. Верагодней за ўсё, выбар будзе зроблены на карысць першага, бо ён умее кіраваць вялікім калектывам, арганізацыяй.

— Да якіх хітрасцяў звяртаюцца палітыкі, каб паўплываць на выбар выбаршчыкаў на сваю карысць?

— Палітычных тэхналогій безліч. Адна з іх — белы піяр. Калі палітык як мага часцей і больш з’яўляецца ў СМІ, прычым не важна, з якой нагоды. Паводле законаў піяр-тэхналогій трэба засвяціцца пэўную колькасць разоў, каб яго запомнілі і прозвішча было пастаянна на слыху. Ёсць чорны піяр, накіраваны на дыскрэдытацыю кандыдатаў. У ход ідуць, напрыклад, фіктыў-ныя лістоўкі кандыдата-канкурэнта, дзе наўмысна дапускаюцца памылкі і пішуцца правакацыйныя рэчы. Іх таксама могуць проста клеіць на лабавое шкло аўтамабіляў. Натуральна, гэта выклікае раздражненне.

— У многіх краінах выбары ператвараюцца ў сапраўднае шоу. У спісах сталі часта з’яўляцца эпатажныя кандыдаты. У нашай краіне могуць з’явіцца такія персоны?


— У гэтым плане наш электарат кансерватыўны і вельмі сур’ёзна ставіцца да выбараў. Несур’ёзныя прэтэндэнты могуць заявіць пра сябе, але верагоднасць таго, што набяруць неабходную колькасць подпісаў, вельмі малая. Наўрад ці яны выклічуць давер. Мала быць яркім, трэба, каб за гэтым стаяла палітычная сіла.

У той жа час неардынарныя асобы заўсёды выклікаюць непадробную цікавасць. І для гэтага неабавязкова апранацца ў касцюм вядомага героя “Зорных войнаў” Дарта Вейдэра, як гэта было ва Украіне. Да прыкладу, цяперашні прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выйграў на кантрасце. У адрозненне ад свайго канкурэнта Камароўскага ён прымяняў тэхналогіі, не ўласцівыя польскаму палітычнаму полю. Аб’ехаў на аўтобусе практычна ўсе рэгіёны, меў непасрэдныя зносіны з народам, паводзіў сябе нязмушана, нават каву раздаваў. Задумаў гэтакі “ажыўляж”, які стымуляваў цікавасць электарату і прыцягваў увагу.

— Як можна ахарактарызаваць нашага выбаршчыка?

— Галоўная яго рыса — кансерватызм, які выяўляецца нават у тым, што наш народ пакуль не гатовы галасаваць за кандыдатаў-жанчын. Пераважней палітык-мужчына. Акрамя таго, наш выбаршчык не адносіцца да галасавання як да права. Для яго гэта часткова пачэсны абавязак, часткова прывычка. Таму падчас любых выбарчых кампаній, у тым ліку рэгіянальных, людзі спраўна ходзяць і галасуюць. Яўка, як правіла, стартуе ад 70 працэнтаў. Гэта гаворыць пра высокую актыўнасць электарату.


Бліцапытанне


Чаго не хапае партыям для папулярнасці?


Аляксандр Лазараў, прадпрымальнік:

— Перш за ўсё не хапае жадання саміх партый быць папулярнымі. Работа над іміджам не павінна весціся праз скандальныя несанкцыянаваныя мітынгі, праз парушэнні законаў — гэта толькі адштурхоўвае народ, выклікае недавер. “Раскручвацца” трэба праз сацыяльныя акцыі: дапамогу ў вырашэнні нечых праблем, добрыя справы. І такая магчымасць заўсёды ёсць.

Валерый Гузаў, намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама:

— Лічу, што на сёння яркіх партый, якія прэтэндуюць на партыі дзяржаўнага маштабу, у нас няма. Асабіста я такіх сіл не бачыў і пра іх нічога не чуў. Дзякуючы цяперашняй уладзе мы здолелі пазбегнуць узру-шэнняў, якія бачым у іншых рэгіёнах свету. У нашай краіне забяспечана палітычная і эканамічная стабільнасць. Лічу недапушчальным, каб з-за чыіхсьці празмерных амбіцый пакутаваў народ, пралівалася кроў, людзі заставаліся б без даху над галавой, вымушаныя былі б пакідаць сваю радзіму ў пошуках лепшай долі.

Таццяна Радзівіліна, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чавускага райвыканкама:

— Можа, яны і праводзяць якую-небудзь работу з насельніцтвам, у працоўных калектывах, але, калі гэта так, складваецца ўражанне, што акцыі носяць “скрыты” характар. У іх рабоце няма “яркасці”, сістэмнасці. Насельніцтва не ведае зместу іх праграм і тое, наколькі гэтыя праграмы выконваюцца. Думаю, пра існаванне некаторых большасць нашых людзей і зусім не ведае..
Ірына Судас
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter