Без бiлета за бiлетам

На сёлетнiм кнiжным кiрмашы разыграюць 2 бiлеты на канцэрт Каас

У наведвальнiкаў сёлетняй кнiжнай выставы-кiрмаша, акрамя iншага, будзе шанс трапiць на канцэрт Патрысii Каас

Апошнiя пяць гадоў Мiнская мiжнародная кнiжная выстава-кiрмаш толькi расце. Сёлета, нягледзячы на эканамiчныя цяжкасцi, яна iдзе на чарговы рэкорд. З 10-га да 14 лютага ў Нацыянальным выставачным цэнтры «Белэкспа» чакаецца не менш за дваццаць пяць краiн-удзельнiц i больш за шэсцьсот экспанентаў. Незвычайныя мерапрыемствы падрыхтаваў i ганаровы госць – Францыя.

Французы ўпершыню будуць знаходзiцца ў такiм статусе на выставе. Яны некалькi гадоў назiралi за iншымi ганаровымi гасцямi i цяпер рыхтуюцца здзiвiць наведвальнiкаў. Плошча iх павiльёна — больш за дзвесце квадратных метраў. Значную яго частку зоймуць навiнкi сучаснай французскай лiтаратуры, як перакладной, так i арыгiнальнай. Дарэчы, у Беларусi пакуль няма нiводнай гандлёвай арганiзацыi, дзе можна было б набыць кнiгу на гэтай замежнай мове. Так што выстава-кiрмаш – гэта унiкальны шанс. Больш таго, усе пакупнiкi стануць удзельнiкамi розыгрышу двух бiлетаў на канцэрт Патрысii Каас, што адбудзецца ў Мiнску акурат 13 лютага. Акрамя таго, на працягу чатырох дзён на стэндзе Францыi будуць праходзiць аўтограф-сесii знакамiтых пiсьменнiкаў, дэгустацыi нацыянальных прадуктаў, iншыя акцыi.

Па традыцыi ў рамках выставы плануецца шмат творчых сустрэч. Сярод званых гасцей будуць не толькi прадстаўнiкi суседнiх краiн. Генеральную рэпетыцыю, паводле слоў выканаўчага дырэктара XVII Мiнскай мiжнароднай кнiжнай выставы-кiрмашу Дзмiтрыя Макарава, правядзе Германiя: хутчэй за ўсё, менавiта гэта краiна стане наступным ганаровым госцем. Упершыню ў гэтым годзе вялiкую плошчу зойме Iран, прадстаўнiкi якога таксама абяцаюць насычаную праграму. Нiколi дагэтуль не выстаўлялiся ў Беларусi кнiгавыдаўцы з Туркменiстана. Астатнiя ўдзельнiкi – старыя знаёмыя: Расiя, Украiна, Казахстан, Польшча, Кiтай, Лiтва, ЗША i iншыя, чые кнiгi заўсёды карыстаюцца попытам у нашай краiне. Вядома ж, сваiмi навiнкамi рыхтуюцца здзiвiць i беларускiя выдавецтвы.

Нагадаем, што, як звычайна, кнiгi будуць прадавацца без гандлёвай надбаўкi. Уваход бясплатны. 

-------------------------------------

Дарэчы

Як расказаў намеснiк мiнiстра iнфармацыi Беларусi Iгар Лапцёнак, у мiнулым годзе ў краiне было выдадзена 12 885 назваў кнiг i брашур агульным тыражом 52,8 мiльёна экземпляраў. Гэта крыху менш, чым у 2008-м. Цiкава, што дзесятая частка друкаванай прадукцыi (па назвах i тыражы) — на беларускай мове. Гэта сведчыць аб тым, што цiкавасць да такiх кнiг пастаянна расце.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter