Без бар’ераў у грамадскай свядомасці

Людзі з абмежаванасцямі павінны і самі імкнуцца да сацыялізацыі

«Большай канкрэтыкі, большай адказнасці на ўсіх узроўнях — ад рэспубліканскага да раённага», — запатрабаваў Анатоль Тозік, аналізуючы стан асяроддзя, у якім даводзіцца сёння жыць людзям з абмежаванымі магчымасцямі

Як вядома, дзяржаўная палітыка ў сацыяльнай абароне людзей з абмежаванымі магчымасцямі носіць у нашай краіне комплексны характар. Для каардынацыі работы ў гэтым накірунку створаны Рэспубліканскі міжведамасны савет па праблемах інвалідаў.

Склад яго сфарміраваны з першых асоб рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, якія займаюцца пытаннямі працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя, транспарту, сувязі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, адукацыі, культуры, буйных грамадскіх аб’яднанняў інвалідаў, АА «Беларускае таварыства інвалідаў», АА «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку», АА «Беларускае таварыства глухіх», «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» і іншых недзяржаўных арганізацый. Узначальвае савет намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік.

Прафесійная кампетэнтнасць спецыялістаў галіны рэабілітацыі інвалідаў добра бачна на прыкладзе РУП «Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр», дзе можна не толькі прайсці пэўнае лячэнне, але і набыць даступную прафесію, заняцца спортам... Нядзіўна, што менавіта гэтае месца нярэдка выбіраюць для сваіх трэніровак нашы славутыя паралімпійцы!

Аляксандр Бацян — бронзавы прызёр гульняў у Сеуле-2000. Па яго словах, тут ёсць усе ўмовы для таго, каб падтрымліваць спартыўную форму. Пахваліў Аляксандр і якасць форменнага адзення беларускай зборнай, у якім ён выступаў на спаборніцтвах: маўляў, форма дагэтуль як новенькая. Вось што значыць «Зроблена ў Беларусі»!

Гордасць за сваю марку адчуваюць і спецыялісты РУП «БПААЦ», дзе сёння ўкараняюцца найноўшыя тэхналогіі ў вытворчасці сродкаў рэабілітацыі, ствараюцца новыя кампазіцыйныя матэрыялы і як вынік — шэраг навінак, здольных скласці дастойную канкурэнцыю замежным аналагам.

«Большай канкрэтыкі, большай адказнасці на ўсіх узроўнях — ад рэспубліканскага да раённага, — запатрабаваў Анатоль Тозік, аналізуючы стан безбар’ернага асяроддзя, у якім даводзіцца сёння жыць людзям з абмежаванымі магчымасцямі. — Канкрэтыка — узровень цывілізаванасці краіны…»

На гэтым шляху Беларусі яшчэ ёсць над чым працаваць. Да прыкладу, паўней забяспечыць права інвалідаў з парушэннем слыху на атрыманне інфармацыі праз электронныя сродкі масавай інфармацыі, трансляцыю тэлеперадач з субтытрамі ці перакладам на мову жэстаў. Не пакінуць без дастойнай увагі таленавітых і адораных дзяцей-інвалідаў. Хутчэй пазбавіцца ад праблем, якія засталіся яшчэ з далёкага мінулага, каб, як вобразна зазначыў намеснік міністра адукацыі Беларусі Васіль Будкевіч, дасягнуць той самай інклюзіі, якая ўключае ў сябе ўвесь спектр узаемаадносін у атмасферы дружалюбнасці і добразычлівасці, без бар’ераў у грамадскай свядомасці.

Своеасаблівым варыянтам і альтэрнатывай дамам-інтэрнатам, дзе пражываюць інваліды псіхафізічнага профілю, у перспектыве можа стаць аналаг праекту, прадстаўленага старшынёй АА «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» Аленай Цітовай, у аснове якога — суправаджэнне пражывання асоб з інтэлектуальнымі парушэннямі развіцця.

А што да медыцынскай рэабілітацыі ў Беларусі, то яна на дастойным узроўні: нездарма ж да нас звяртаюцца па дапамогу жыхары іншых краін СНГ, а таксама Эстоніі, Латвіі, Арабскіх Эміратаў, Ізраіля. Як адзначыў дырэктар ДУ «РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі» Васіль Смычак, у сістэме Мінздрава — 324 аддзяленні рэабілітацыі. З іх 240 амбулаторна-паліклінічных і 84 стацыянарныя. Гэтая колькасць і аптымальная, і дастатковая.

Для адаптацыі, набыцця і ўдасканальвання ведаў, аднаўлення, развіцця і замацавання на практыцы працоўных здольнасцей інвалідаў, а таксама іх гарантаванага працаўладкавання па медыцынскіх паказчыках у краіне ёсць усе магчымасці. Вось толькі самі інваліды чамусьці яшчэ не надта імкнуцца да поўнай сацыялізацыі... Што за гэтым крыецца? Ці не спрацоўвае тут механізм сацыяльнага ўтрыманства, маўляў, хай дзяржава і надалей ва ўсім пра мяне клапоціцца?

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter