Бераг паэзіі ля чыстай Нарачы

На Мядзельшчыне святкавалі 100-я ўгодкі народнага пісьменніка Беларусі Максiма Танка“Многім здаецца, што лёс паэзіі вырашаецца ў Мінску, на Парнасе. Прызнацца, самыя неверагодныя задумы ў мяне нараджаліся ў маёй глухой Пількаўшчыне. У літаратурных сталіцах я толькі іх правяраў, прымяраў, як вопратку на кірмашы...” Гэта з дзённікаў Максіма Танка. Кажуць, калi хочаш больш даведацца пра паэта, пабывай на яго радзiме. І сапраўды, без невялiкай вёскі Пiлькаўшчыны, без сiняга раздолля возера Нарач з яго легендамi i паданнямi нельга ўявiць сабе паэзiю Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко). Там пачыналіся многія яго вершы, казкi, песнi, паэмы. І хоць больш за 17 гадоў Яўген Іванавіч ужо не з намі, ды жыве яго слова: роднае, святое, незабыўнае, праўдзiвае, шчырае...
Максім ТанкНа Мядзельшчыне святкавалі 100-я ўгодкі народнага пісьменніка Беларусі Максiма Танка
“Многім здаецца, што лёс паэзіі вырашаецца ў Мінску, на Парнасе. Прызнацца, самыя неверагодныя задумы ў мяне нараджаліся ў маёй глухой Пількаўшчыне. У літаратурных сталіцах я толькі іх правяраў, прымяраў, як вопратку на кірмашы...” Гэта з дзённікаў Максіма Танка. Кажуць, калi хочаш больш даведацца пра паэта, пабывай на яго радзiме. І сапраўды, без невялiкай вёскі Пiлькаўшчыны, без сiняга раздолля возера Нарач з яго легендамi i паданнямi нельга ўявiць сабе паэзiю Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко). Там пачыналіся многія яго вершы, казкi, песнi, паэмы. І хоць больш за 17 гадоў Яўген Іванавіч ужо не з намі, ды жыве яго слова: роднае, святое, незабыўнае, праўдзiвае, шчырае...
Удумлiвы, прыветны позiрк. Імкненне дапамагчы кожнаму, хто да яго звяртаўся. Такiм простым, зямным, і ў той жа час вельмі мудрым прадстае знакаміты ўраджэнец Мядзельшчыны ва ўспамiнах знаёмых, сяброў. Ён быў сваiм, як расказвалі, і ў вясковай хаце, гасцiнным застоллi, і на сенажацi.
Кiй, боты, плашч-дажджавiк — з імі вандраваў паэт па бясконцых нарачанскiх дарогах. А яшчэ спадарожнiкамi пастаянна i неадлучна былі лірычная, а часам і гарэзлівая муза, сонца, зоры, вецер, “прыгоркi нарачанскiя i далi”... Так лёгка мне ўявіць, як ён рухаецца няспешна — і вось задумліва спыняецца, бо “Як жа iсцi/ Па вуснах пявучых траў,/ Па жывых, раскрытых вачах лотацi?” А разам з паэтам і мы нямеем, зачараваныя тым прынарачанскім хараством, баючыся парушыць казачнае суладдзе ў прыродзе.
Кожны, хто далучыўся да святкавання юбілею Максіма Танка на Мядзельшчыне, аказаўся ў палоне паэтычнай стыхii. Урачыстасці пачаліся ў Пiлькаўшчыне з ускладання кветак на магiлу славутага земляка і ягонай жонкі Любові Андрэеўны, з якой яны пражылі душа ў душу ўсё жыццё. Разам з гасцямі свята, шматлікімі прыхільнікамі танкаўскага таленту была і Марыя Янаўна Скурко, жонка Фёдара, роднага брата Яўгена Іванавіча. Менавiта гэта жанчына, жывучы адна, цяпер даглядае хату, у якой у 1912 годзе нарадзіўся, жыў, працаваў паэт. Нiзкi паклон ёй за клопаты, за памяць!
У Мядзелі адкрыты памятны знак-камень у гонар Максіма ТанкаРэспубліканскае свята песні і паэзіі “Я сэрцам пісаў сваю кожную песню...” працягвалася ў Мядзелi, дзе ў гонар юбілею паэта адкрыты помнiк-знак: вялiзны камень-валун. Яркі вобраз, бо глыба — сiмвал магутнасцi, вялiкай сiлы, неўмiручасцi, мудрай i мужнай кнiгi жыцця паэта. Ягоная муза зведала турэмнае заключэнне пад час падпольнай дзейнасці паэта яшчэ ў Заходняй Беларусі. У салдацкiм шынялi яна змагалася на франтах Вялiкай Айчыннай, бачыла кроў i пакуты, пабывала побач з бядою i смерцю, з жальбаю i смуткам. А душа паэта ад таго вялікага болю людскога толькi большала і багацела, прыдавалася ёй чуйнасцi, разумення, дабрынi.
Пра Яўгена Іванавіча як добрага чалавека, сямейнiка шмат гаварылася ў адной з лепшых бiблiятэк Мiншчыны, якая носiць iмя паэта. Там і доўжылася свята. Так хораша было бачыць і чуць, што гасцей сустракаюць не толькi шчырымi словамi, але i сярэбранымі гукамі цымбалаў. Там жа адкрылася выстава па вынiках Мiжнароднага фотапленэра “Дарогамi Максiма Танка”, а затым прэзентавалася кнiга з глыбокай фiласофскай назвай “Усё жыццё я не любiў расстанняў...”. У кнiзе сабраны ўспамiны родных, сяброў паэта. На жаль, сына Максіма Танка, Максiма Яўгенавiча Скурко, з-за хваробы не было сярод гасцей. Але ўсіх усхваляваў ягоны ўспамiн пра тое, якiя цёплыя адносiны былi памiж бацькамi: усё жыццё паэт называў жонку “Любаша”. І менавiта вобраз жонкi, мацi, жанчыны займае значнае месца ў паэзii Максіма Танка.
Запаветы бацькоў, сялян Пiлькаўшчыны, усёй Нарачаншчыны таксама вызначалі ягонае жыццёвае крэда. Ён ніколі не здраджваў блізкім людзям, нёс усяму свету і апяваў у сваiх творах мужную, мазолістую праўду селянiна-працаўнiка.
У вянок памяці паэту і чалавеку Максіму Танку прыгожа ўпляліся выступленні дзiцячых фальклорных гуртоў. Пра тое ж, наколькі і сёння шчодрая, багатая на таленты прынарачанская зямля, яскрава сведчыў вялікі кірмаш з удзелам гаспадарак, прадпрыемстваў горада i раёна. А на сцэне летняга амфiтэатра ладзілася песенна-паэтычнае свята “Я сэрцам пiсаў сваю кожную песню”.
Паэтэса Аксана Спрынчан — адна са стваральніц кнігі ўспамінаў пра Максіма ТанкаДожджык, часты госць асеннiх дзянькоў, можа, камусьцi трошкi і сапсаваў настрой. Што ж, і ягонае “слова” з прыгожай прынарачанскай песні не выкінеш… Дзякуючы яму, дарэчы, мне ўзгадаўся адзiн з белых вершаў Максіма Танка, у якiм ён раiць заўсёды быць назіральнымі. І тады — будуць як на далоні душы людзей: “А па тым,/ Як абмiнаюць/ Цi фарсiруюць лужы, гразь,/ Можна сказаць,/ Хто iдзе/ У купленым за свае грошы,/ А хто — у казённым/ Цi дармавым абутку”. Вы не згодны? Тады ёсць над чым дыскутаваць…
А 17 верасня, у дзень нараджэння паэта, у Мiнску ўскладалі кветкі да мемарыяльнай дошкi на доме па вуліцы Кульман, 15, у якiм жыў Максiм Танк. Дарэчы, сам будынак з-за адметнай формы мінчане называюць дом-долар, а духоўную каштоўнасць яму надае і класік беларускай паэзіі, у якога не раз бывалі ў гасцях вядомыя людзі з розных рэгіёнаў Беларусі і з замежжа.
Усё ж пісьменнікі — шчаслівыя людзі: плён іх працы застаецца ў кнігах. І я ўпэўнена: многім у юбілейны год Максіма Танка яшчэ захочацца паслухаць ягоны голас, ажывіць творамі, “пісанымі сэрцам”, думкі і пачуцці. З паэтам добра быць разам, хораша чытаць яго — i прыгажэць душою.

Алена Навуменка
На здымках:
Максім Танк
У Мядзелі адкрыты памятны знак-камень у гонар Максіма Танка
Паэтэса Аксана Спрынчан — адна са стваральніц кнігі ўспамінаў пра Максіма Танка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter