Бераг левы, бераг правы...

Гістарычнае месца пераправы арміі Напалеона ў лістападзе 1812 года цераз Беразіну стала сімвалам прымірэння і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Францыяй
Гістарычнае месца пераправы арміі Напалеона ў лістападзе 1812 года
цераз Беразіну стала сімвалам прымірэння і супрацоўніцтва
паміж Беларуссю і Францыяй.

Удзельнікі гістарычных клубаў перанесліся ў падзеі 1812 годаНа беразе Беразіны ў Барысаўскім раёне адбылася жалобная цырымонія ў памяць аб салдатах арміі Напалеона, якія загінулі 196 гадоў назад на беларускай зямлі і якіх перазахавалі на могілках у вёсцы Студзенка (левы бераг ракі). Цырымонія завяршылася ўскладаннем вянкоў да трох мемарыяльных помнікаў на Брылёўскім полі ўжо ў вёсцы Весялова — правы бераг Беразіны. Нагадаем, што ў жніўні 2005 года 52-і спецыялізаваны батальён беларускіх Узброеных Сіл выявіў каля вёскі Селішчы Вілейскага раёна рэшткі 224 салдат арміі Напалеона. У лістападзе 2006-га на правым беразе Беразіны на Брылёўскім полі была сімвалічна пахавана урна з рэшткамі аднаго са знойдзеных французскіх салдат. Год таму, у лістападзе 2007-га, з удзелам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Францыі ў Беларусі спадарыні Мірэй Мюсо прайшла цырымонія перазахавання 223 салдат арміі Напалеона на могілках вёскі Студзенка. А сёлета 5 лістапада рэшткі 108 салдат арміі Напалеона, якія загінулі на беларускай зямлі падчас вайны 1812 года і выяўлены на тэрыторыі Барысаўскага раёна, былі таксама перазахаваны. На могілках вёскі Студзенка ўстаноўлены помнік.

У цырымоніі з нагоды 196-й гадавіны пераправы арміі Напалеона цераз Беразіну прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства замежных і еўрапейскіх спраў Францыі, супрацоўнікі французскай дыпмісіі ў Мінску, а таксама ўдзельнікі гістарычных клубаў з Францыі, Беларусі і Расіі. Цяпер у кнігарнях Беларусі з’явіўся раман французскага аўтара Патрыка Рамбо “Ішоў снег”, перакладзены на рускую мову. Кніга выпушчана выдавецтвам “Макбел” пры садзеянні пасольства Францыі, у творы апісваюцца падзеі трагедыі, якую перажыла армія Напалеона на Беразіне.

Галіна Громава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter