Белыя вежы вольнага месца. Для блакітных караляў Браслаўскага краю Слабодка самы бліскучы дыямент.

Шпілі на дзвюх спічастых белых вежах у яснае надвор’е бачны за многія дзесяткі кіламетраў. Касцёл Слабодкі вельмі адметны з любога боку. Шматлікія турысты падымаюцца на гару Маяк і праз блакітную далечыню азёр Снуды, Струста, Недрава, Поцех бачаць гэтыя танюткія шпілі, яны быццам анёлы-ахоўнікі для ўсёй грады Браслаўскіх азёр...

Шпілі на дзвюх спічастых белых вежах у яснае надвор’е бачны за многія дзесяткі кіламетраў. Касцёл Слабодкі вельмі адметны з любога боку. Шматлікія турысты падымаюцца на гару Маяк і праз блакітную далечыню азёр Снуды, Струста, Недрава, Поцех бачаць гэтыя танюткія шпілі, яны быццам анёлы-ахоўнікі для ўсёй грады Браслаўскіх азёр...

Ляцім на верталёце “Мі-2” на захад з боку бяскрайняй Ельні — самага буйнога ў цэнтральнай Еўропе верхавога балота. Толькі-толькі скончылася яго бураватае покрыва. Пілот скіроўвае наш погляд далёка наперад: там срэбрам мільгацяць пад праменямі сонца вежы касцёла ў Слабодцы. Дзіўна — у наваколлі Браслава каля дзесятка касцёлаў, але гэты найбольш ўражвае, як паўночнае ззянне, сваёй непараўнальнай энергетыкай, цудадзейным святлом і загадкавай моцай. Усё невыпадкова. Касцёл імя Божага Провіду. Праўда, тутэйшыя жыхары гавораць, што па нейкай незразумелай прычыне ў літаратуры іх касцёл часцей называюць як касцёл Сэрца Езуса. І стаіць ён вось ужо сто гадоў з таямнічым сімвалам на ўваходнай браме: “усёбачнае вока” — вока Божай апекі. Божы провід тут адчуваецца на кожным кроку на працягу ўсёй гісторыі мястэчка.

Аповед пра гадзюку

Экскурсія ў Слабодку для турыстаў Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры” заўсёды пазнавальная і рамантычная. Перад уездам у аграгарадок вы пачуеце амаль экзатычную гісторыю пра Чортаву яму. Дарэчы, яна бачна ўжо з дарогі і ўражвае сваёй празмернай глыбінёй — кубкападобная катлавіна мае паніжэнне на 20 метраў. Яма лічыцца помнікам прыроды, мае ледавіковае паходжанне: крутыя схілы і плоскае днішча сведчаць, што кальсці тут было маленькае возера. Паводле падання, у наваколлі Слабодкі вадзілася шмат гадзюк. Хмызняк аж кішэў гадамі. Людзі шукалі паратунку.
Аднойчы чалавек папрасіўся ў людзей заначаваць. Гасцінныя гаспадары накармілі, напаілі незнаёмца. А ўранку ён спытаў, чым можа аддзячыць за дабрыню. Тут і паведамілі яму пра гадзюк. Ён нічога не сказаў, пайшоў у хмызняк, сабраў усіх гадзюк у адно месца і закапаў. Неўзабаве на тым месцы ўтварылася вялізная яміна, якую людзі здаўна называюць Чортавай.
З другога боку дарогі Браслаў — Слабодка — Друя пачынаецца яшчэ адна прыродная славутасць, вартая, каб на ёй спыніцца асобна, — Слабадская озавая града. Мясцовыя жыхары называюць яе Рогам. І сапраўды, гэта ўзвышша паміж азёрамі Недрава і Поцех працягласцю некалькі кіламетраў, па якім дазволены толькі пешыя прагулкі па экалагічнай сцяжынцы. Правільныя формы схілаў гэтай грады дазваляюць спецыялістам называць яе озам. Здалёк ён нагадвае гарбаты хрыбет нейкага фантастычнага звера. Лічыцца, што 16—17 тысяч гадоў назад ледавік раскалоўся тут і тэрыторыя запоўнілася пяском і гравіем. Акрамя таго, на тэрыторыі озавай грады вядомы два гарадзішчы. Археалагічныя раскопкі на адным з іх выявілі прадметы ХI—ХІІІ стагоддзяў. Ля падножжа пагорка пабудавана некалькі катэджаў — база адпачынку “Слабодка”, якая належыць Нацыянальнаму парку “Браслаўскія азёры”.

Паселішча вольных майстроў

Геаграфічная назва Слабодка даволі пашырана на тэрыторыі Беларусі. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы сцвярджае, што Слабадой называлі пасёлак або гарадскі квартал, жыхары якога не былі прыгоннымі ці часова вызваляліся ад падаткаў і іншых павіннасцей.
Браслаўская Слабодка вядома з 1618 года як паселішча Друйскага двара. Мястэчка называлі і проста Слабада, і нават Быхаўка. Да 1868  года мясціны належалі роду паноў Мірскіх, маёнтак якіх знаходзіўся непадалёк — у Завер’і. Найбольш знаны быў Тамаш Мірскі, генерал войскаў літоўскіх і маршалак браслаўскі.
З пачатку ХІХ стагоддзя Слабодка была сапраўдным краем кавалёў, ганчароў, краўцоў, разбяроў па дрэве. Дух вольнай творчасці захаваўся ў вёсцы да гэтай пары.
Перад касцёлам, дзе калісьці была рынкавая плошча, спрытна ўвіхаецца пажылы чалавек: мяшае бетонны раствор, з камянёў выкладае аснову пад помнік. Станіслаў Шымбель гаворыць, што ён яшчэ пяцігадовым хлопчыкам пасля вайны быў памочнікам ксяндза. І зараз імкнецца зрабіць якую-небудзь добрую справу дзеля ўпрыгожання прыкасцёльнай тэрыторыі.
— Фігуру святой Еўфрасінні прывёз яшчэ колькі год таму ксёндз Уладзіслаў Пятрайціс, — распавядае Станіслаў Станіслававіч. — Вось прыйшоў час аднавіць помнік, тым больш што людзі сюды прыязджаюць з розных куткоў краіны ды замежжа. Толькі я тут на падсобных работах. Галоўны майстар — Пётр Віткоўскі, ён жа і старэйшына ў прыходзе.
Станіслаў Шымбель ведае, як размалёўваўся ўнутраны інтэр’ер касцёла ў 80-я, і ўсіх майстроў, што рабілі алтары ды касцёльную мэблю. Жыў у пачатку мінулага стагоддзя ў гэтых мясцінах каваль Пяткун. Гэта ён выкаваў непаўторныя ўзоры на дзвярах касцёла. Жалезныя завіткі, падобныя на казачныя расліны, сёння складаюць гонар кавальства на Беларусі. Паводле ацэнкі спецыялістаў, акоўка касцёльных дзвярэй з’яўляецца лепшым узорам кавальскага мастацтва.
Зараз пробашчам касцёла Божага Провіду служыць малады ксёндз Сяргей Сурыновіч. Калі два гады таму ён упершыню прыехаў у Слабодку, быў вельмі ўзрушаны тым, як многа ў касцёле зрабілі самі тутэйшыя жыхары. І што істотна — зрабілі вельмі якасна, як кажуць, з любоўю і па-майстэрску. А можа, сапраўды, гэтыя мясціны Ўсявышні надзяліў асаблівымі талентамі і якасцямі рупліўцаў і гаспадарнікаў?

Не хлебам адзіным

У Слабодцы ведаюць, як стварыць атмасферу радасці і святла для ўсіх, хто побач. Запавет “Не хлебам адзіным” тут жыве ў сэрцы кожнага верніка. На хоры да аргана ўзнімаюцца нават 80-гадовыя бабулі і дзядулі, каб спяваць пад скляпеннямі касцёла.
Яўгенія Карніцкая гаворыць, што ў свае 80 гадоў яна без касцёльных спеваў не ўяўляе ніводнага свята, бо музыка і мастацтва нам адкрываюць свет. Часам над ціхай вёскай далёка ў азёрную сінь нясецца стрыманы звон з белай вежы касцёла.
У вёсцы ўсе памятаюць Пятра Зяляўскага, што рабіў драўляныя скульптуры. Дзядзька быў і з густам, і з гумарам.
Страціўшы жонку, Пётр вырашыў у памяць аб ёй выразаць фігурку Святой Дзевы Марыі, якая прыціснула нагой змяю. Гісторыя сведчыць, быццам жонка майстра сябравала з жанчынай, якую звалі Данора. Але чамусьці пасварыліся жанчыны і разышліся, пасля гэтага жонка Зяляўскага і памерла.

Зласліўцы далі зразумець, што гэта былая сяброўка паклала жанчыну ў труну. Майстар на спіне гадзюкі выразаў словы: “Змяя ты, Данора!”. Вось дык выказаў сваю помсту!
Вакол дома Зяляўскага стаяла шмат фігур, зробленых з дрэва, паводле евангельскіх сюжэтаў. Пётр сам ставіў драўляныя крыжы на перакрыжаваннях, як гэта здаўна вялося на Беларусі. Калі майстра не стала, яго драўляныя скульптуры ўвайшлі ў залаты фонд Браслаўскага краязнаўчага музея. Дырэктар музея Аляксандр Панцялейка гаворыць, што спадчына слабодкаўскага майстра ўяўляе сабой лепшы ўзор інсітнага мастацтва. Майстар па-свойму, вольна трактаваў некаторыя біблейскія сюжэты, уводзіў у сваю творчасць элементы дахрысціянскай культуры. Свае скульптуры ён размалёўваў яркай фарбай, быццам імкнуўся наладзіць кантакт з духоўным светам. А калі зрабіў высокі крыж з Езусам Укрыжаваным, павесіў таблічку адпаведна з тагачасным савецкім лозунгам: “Міру — мір!”
Яшчэ адзін выбітны майстар — Міхаіл Чэркас. Ён славіцца вырабамі з саломкі, цудоўна малюе, піша вершы, музыку і з’яўляецца аўтарам гімна Слабодкаўскай школы, якая, між іншым, вядзе сваю гісторыю з 1843 года. Паглядзець на творы Міхаіла Баляслававіча прыязджаюць людзі з усяго свету. Дарэчы, ён стварыў саламяную копію слабодкаўскага касцёла.

Маўчанне валуноў

Слабодкаўскае паселішча раскінулася ўздоўж усходняга берага возера Поцех. У перакладзе з фіна-ўгорскіх моў “поцех” значыць “азёрны заліў”. Калі збочыць з дарогі на Друю і накіравацца ў глыбіню азёрнай звязкі, можна патрапіць у Луні.
Кажуць, што ў вёсцы Лунi пры дарозе стаяла побач сем камянёў. А чаму менавiта сем i чаму ўздоўж дарогi, тлумачаць так.
Лунi здаўна мелi дрэнную славу з-за сваiх “зубатых” ведзьмакоў. Чужакi баялiся iсцi цi ехаць праз вёску. Нездарма iснавала прымаўка: “Ужо Лунi — каней ганi!”
Аднойчы вярталiся, павянчаўшыся ў слабодскiм касцёле, маладыя. Хутка iмчаў вясельны поезд з некалькiх вазкоў. Ехалi са спевамi, музыкай, шчаслiвыя маладыя пазiралi адзiн на аднаго i не заўважылi, як з адной хаты ў акно высунулася баба. Што ёй не спадабалася — невядома, але баба пачала праклiнаць маладых, сватоў, дружак, музыкаў. Раптам усё сцiхла, вазкi з людзьмi ператварылiся ў ланцужок валуноў. Калi прыгледзецца да iх, то можна было пазнаць па iх форме коней, маладых, музыкантаў з iнструментамі...
А тая баба таксама пацярпела. Хутчэй за ўсё, на вазках быў вядзьмак, якi паспеў зачараваць злую бабу — у яе на галаве выраслi рогi, i яна ніяк не магла выцягнуць галаву назад з акна.
Старыя паданні жывуць у гэтым краі дагэтуль. Здаецца, гісторыя тут пакінула свой выразны след, разгадаць які немагчыма падчас адной вандроўкі.
Перад вайной каля касцёла быў брукаваны рынак, на якім стаяў помнік маршалку польскаму Юзэфу Пілсудскаму. Сёння на гэтым месцы іншы помнік — апякунцы зямлі беларускай Святой Еўфрасінні Полацкай. Касцёл паціху маладзее: і звонку, і ўнутры вядуцца рамонтныя аднаўленчыя работы. Па вечарах ззяюць рознакаляровыя вітражы, а ўлетку вакол храма шмат кветак. Слабодка прыгажэе разам са сваім касцёлам, які носіць імя Божага Провіду. Прыходзьце ў храм — і вы адчуеце жывы подых гэтага краю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter