“Белыя Росы” — шчырыя людзі

У адной з грамадскіх суполак Санкт-Пецярбурга актыўна працуе ўраджэнка Мазыршчыны Ірына Рогава Часам мне падаецца, што рух беларускіх суполак у вялікіх гарадах накшталт Масквы, Санкт-Пецярбурга, Вільнюса, Варшавы ці Нью-Ёрка нагадвае спартыўныя спаборніцтвы. Спачатку ўзнікаюць першыя арганізацыі, яны распачынаюць дзейнічаць, потым іх абганяюць маладзейшыя, ініцыятыўныя і мэтанакіраваныя актывісты. І гэта натуральны закон самаабнаўлення. Важна толькі, каб такая “канкурэнцыя” не шкодзіла нацыянальнаму адзінству.У Санкт-Пецярбургу добра ведаю суайчынікаў Валянціна Грыцкевіча і Мікалая Нікалаева. Яны таксама нямала пасадзейнічалі яднанню землякоў у горадзе з даўнімі беларускімі традыцыямі. Нікалаеў, дарэчы, выдаў фаліянт “Беларускі Пецярбург”, штогод праводзіць адпаведныя навуковыя чытанні. Апошнім жа часам і ў друку, і ў размовах часцей згадваецца Ірына Рогава, сузаснавальніца і ўжо прэзідэнт Спецыялізаванага фонда расійска-беларускага супрацоўніцтва “Белыя Росы”.
Творчая дэлегацыя “Белых Росаў” год таму гасцявала на Першым фестывалі мастацтваў беларусаў свету
У адной з грамадскіх суполак Санкт-Пецярбурга актыўна працуе ўраджэнка Мазыршчыны Ірына Рогава
Часам мне падаецца, што рух беларускіх суполак у вялікіх гарадах накшталт Масквы, Санкт-Пецярбурга, Вільнюса, Варшавы ці Нью-Ёрка нагадвае спартыўныя спаборніцтвы. Спачатку ўзнікаюць першыя арганізацыі, яны распачынаюць дзейнічаць, потым іх абганяюць маладзейшыя, ініцыятыўныя і мэтанакіраваныя актывісты. І гэта натуральны закон самаабнаўлення. Важна толькі, каб такая “канкурэнцыя” не шкодзіла нацыянальнаму адзінству.
У Санкт-Пецярбургу добра ведаю суайчынікаў Валянціна Грыцкевіча і Мікалая Нікалаева. Яны таксама нямала пасадзейнічалі яднанню землякоў у горадзе з даўнімі беларускімі традыцыямі. Нікалаеў, дарэчы, выдаў фаліянт “Беларускі Пецярбург”, штогод праводзіць адпаведныя навуковыя чытанні. Апошнім жа часам і ў друку, і ў размовах часцей згадваецца Ірына Рогава, сузаснавальніца і ўжо прэзідэнт Спецыялізаванага фонда расійска-беларускага супрацоўніцтва “Белыя Росы”. Помню, многа і захоплена гаварыла мне пра нашу зямлячку жыхарка Пецярбурга гідрагеолаг Раіса Барадзіна. Па яе словах, супольна жанчыны шмат зрабілі па ўшанаванні памяці 12-ці тысяч беларускіх рамеснікаў-падлеткаў, якія, будучы пераселенымі ў Ленінград, загінулі ў час фашысцкай блакады і былі пахаваны на Піскароўскіх могілках. Цяпер там узведзены помнік, да якога штогод у Дзень Перамогі ўскладаюцца вянкі і кветкі.
Сёлета ў маі ў Гродне праходзіла чарговае пасяджэнне Каардынацыйнай рады па пытаннях беларускай дыяспары пры Міністэрстве культуры, куды я маю гонар уваходзіць як навуковец. На той форум прыехала і Рогава. З артыкула Галіны Навіцкай, падрыхтавага для даведніка “Сузор’е беларускага памежжа”, я даведаўся: Ірына Ігараўна нарадзілася ў 1961 годзе ў вёсцы Бібікі Мазырскага раёна Гомельшчыны, у шматдзетнай сялянскай сям’і. Яе дзядуля, які быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, выхоўваў ва ўнукаў пачуцці любові да Бацькаўшчыны, а матуля і бабуля далучалі іх да народнай творчасці. Ірына марыла стаць артысткай — школьніцай іграла ў спектаклях Мазырскага народнага тэатра. Але жыццё склалася інакш, з часам яна пераехала з мужам і дачкой жыць у Ленінград. Працавала памочнікам дэпутата Заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбурга, была дэпутатам раённага муніцыпалітэта. Мацаваліся яе сувязі з суайчыннікамі, і ў 2004-м Ірына Рогава стала сябрам, а затым і старшынёй выканкама “Расійска-беларускага брацтва”. З 2008-га на змену яму і прыйшоў некамерцыйны фонд “Белыя Росы”.
У Гродне мы пазнаёміліся ў фае гасцініцы “Турыст”. Найперш павіншаваў я Ірыну Ігараўну з прэстыжнай узнагародай: яна ўшанавана медалём Саюзнай дзяржавы “За бездакорную службу”. Помніцца эксклюзіўны здымак у прэсе: з левага боку ад Ірыны Рогавай — тагачасны Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін, з правага — двойчы Герой, лётчык-касманаўт Уладзімір Кавалёнак. На мае словы, што такое атачэнне робіць ёй немалы гонар, субяседніца добра ўсміхнулася і сказала: тое ўжо ў мінулым, цяпер іншыя клопаты. І якія ж яны? “Фонд працуе на тое, каб яднаць дзеянні беларускіх грамадскіх арганізацый Санкт-Пецярбурга і Паўночна-Заходняга рэгіёна Расіі, — ахвотна расказвае Ірына Рогава. — Падтрымлівае і прыватных асоб, грамадзян Расіі і Беларусі, якія ўмацоўваюць сувязі паміж краінамі. Мы ж знаходзім сродкі на тое, каб здзяйсняліся значныя для грамадства праекты, каб пашыралася супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі, культуры, аховы здароўя, сацыяльнай дапамогі. Шмат працуем з моладдзю: каб не забываліся нашы суайчыннікі пра зямлю продкаў. У зоне асаблівай увагі і ветэраны, асабліва вайскоўцы. Для іх, дарэчы, дзейнічае спецыяльны ваенна-патрыятычны праект “Гарады-героі”.
І гэта яны, нашы суайчыннікі з “Белых Росаў”Я пацікавіўся, ці часта нашы землякі з Піцера бываюць на Бацькаўшчыне, і даведаўся са слоў Ірыны: “У беларусаў Санкт-Пецярбурга ёсць надзейныя партнёры ў Беларусі, і мы не менш двух разоў на год абменьваемся дэлегацыямі. Пад час паездак праходзяць сустрэчы з моладдзю і ветэранамі, мы наведваем гістарычныя мясціны і, вядома ж, выступаюць мастацкія калектывы. Такіх сустрэч мноства. Можаце пагартаць справаздачу за мінулы год”.
Салідная справаздача! “Работа Фонда Расійска-Беларускага супрацоўніцтва “Белыя Росы” — гэта цэлая самаробная кніжка з яркай эмблемай на вокладцы. Знаходжу там цікавыя звесткі пра штогадовы фестываль “Беларускія сустрэчы ў Пецярбургу”, пра круглы стол “Тэма дружбы народаў Расіі і Беларусі ў творчасці дзеячоў літаратуры і мастацтва”, пра мерапрыемствы да юбілеяў Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча і Тараса Шаўчэнкі, адкрыццё класа па факультатыўным вывучэнні беларускай мовы. Фондаўцы ладзяць і кірмашы, урачыстыя канцэрты, дабрачынныя акцыі і шмат чаго яшчэ.
Звярнуў я ўвагу і на першую старонку кнігі: там пералічаны актывісты “Белых Росаў”. Гэта старшыня праўлення Фонда, вядомы дзеяч беларускай дыяспары Аляксандр Сідарок, старшыня апякунскага савета Герой Расіі Андрэй Звягінцаў. Аддзел культуры Фонда ўзначальвае заслужаны работнік культуры Расіі Людміла Бяганская, моладзі — студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Іван Ванека, гісторыка-патрыятычны — Соф’я Дудко, маці ўраджэнца Пінска старпама падводнай лодкі “Курск” Сяргея Дудко, які загінуў у час катастрофы.
Ірына Ігараўна ўмее гуртаваць вакол сябе цікавых людзей! І ў тым, пэўна, адна з прычын поспехаў “Белых Росаў”. Як мне падаецца, досвед работы “Белых Росаў” варты пераймання. Калі ў каго будзе жаданне пабачыць рарытэтнае выданне, якое мне прэзентавала Ірына Рогава — калі ласка, прыходзьце ў Інстытут беларускай культуры, што па мінскай вуліцы Каліноўскага, 12. Уручанае мне ў Гродне выданне зарэгістравана ў Фондзе рукапісаў сектара па рабоце з дыяспарай пад нумарам 1.
Ад рэдакцыі. Днямі адзначыў свой 80-гадовы юбілей прафесар Адам Мальдзіс, наш даўні і актыўны аўтар, нястомны даследчык беларускай літаратуры, летапісец гісторыі беларускага замежжа і міжкультурных кантактаў паміж рознымі краінамі. З 2002 года ён працаваў у складзе рэдакцыі газеты “Голас Радзімы”, рыхтаваў да друку старонкі “Кантакты і дыялогі” па матэрыялах Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Пазней шэраг яго тэкстаў пабачыў свет пад рубрыкамі “Нашы суайчыннікі”, а таксама “Вяртанне”: Адам Восіпавіч і сёння ў курсе ўсіх спраў, звязаных з вяртаннем беларускіх культурных каштоўнасцяў, якія аказаліся за мяжой.
Цяпер Адам Мальдзіс загадвае сектарам па рабоце з дыяспарай аддзела міжнароднай і сацыякультурнай дзейнасці Інстытута культуры Беларусі.
З юбілеем Вас, Адам Восіпавіч! Зычым Вам добрага здароўя, цікавых знаходак — і чакаем новых тэкстаў пра культуралагічныя адкрыцці на карысць Бацькаўшчыны!

Адам Мальдзіс
На здымках:
Творчая дэлегацыя “Белых Росаў” год таму гасцявала на Першым фестывалі мастацтваў беларусаў свету
І гэта яны, нашы суайчыннікі з “Белых Росаў”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter