Белыя мары шостага кантынента

Палярнік Аляксей Гайдашаў перакананы, што на Антарктыдзе абавязкова з’явіцца першая беларуская станцыя
“Кантынент, які выклікае скупыя слёзы ў барадатых мужчын, селіць глухі смутак ў душы пры расстанні з ім. Крайні пункт Зямлі — гэта не курорт. Але ведаю, што абавязкова кіну манету ў Індыйскі акіян у час развітання — каб вярнуцца”, — так амаль 20 гадоў назад у сваім дзённіку пісаў пра Антарктыду вядомы палярнік, удзельнік 33-й савецкай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашаў. Пасля той паездкі Антарктыда засталася з ім назаўсёды: у думках, у прафесіі і нават у снах.

— Толькі заплюшчыш вочы, — прызнаецца Аляксей Аляксандравіч, — і зноў бачыш яркае святло палярнай зоркі…

У 1988 годзе цяперашні супрацоўнік Беларускай гідраметэалагічнай службы прыехаў на станцыю Ленінградская, дзе адпрацаваў паўтара года. Нават моцныя маразы (часам тэмпература паніжаецца да мінус 90) не маглі перашкодзіць атрымліваць асалоду ад незвычайнай прыгажосці снежных бязлюдных прастораў. І толькі вецер парушаў цішыню. Дарэчы, менавіта беларускі даследчык зафіксаваў там самую высокую хуткасць ветру — 78 метраў у секунду. Гэты рэкорд і сёння нікім “не пабіты”.

— Не верылася, што некалі давядзецца яшчэ раз сустрэцца з ільдамі ў гэтым краі вечнай мерзлаты. — разважае Аляксей. — А, можа, гэта манетка адыграла сваю ролю?

Так гэта ці не, але летась у лістападзе Гайдашаў разам з намеснікам дырэктара Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынга азонасферы Леанідам Турышавым увайшлі ў склад 52-й расійскай палярнай экспедыцыі. І цяпер палярнік з натхненнем расказвае пра свае ўражанні ад другой “камандзіроўкі” ў Антарктыду:

— Гэта была напружаная работа. Што і казаць, пасля пяці месяцаў я страціў восем кілаграмаў. Уявіце, каб дабрацца ад расійскай станцыі “Маладзёжная” (там мы размясціліся) да магчымага месца першай палярнай беларускай станцыі, трэба было пракласці дваццацікіламетровую трасу. Уздоўж яе ўбівалі пяцікілаграмовай кувалдай спе-цыяльныя тычкі. А іх было шмат.

І ўсё ж галоўную задачу беларускія палярнікі выканалі. Месца вызначана. Акрамя таго, па заданню Нацыянальнай акадэміі навук Леанід Турышаў выпрабоўваў абсталяванне для вывучэння азонавага слоя Зямлі, праводзіліся навуковыя даследаванні. Навошта? Каб прадказваць будучае, бо адсюль можна назіраць за зменай клімату, складаць дакладны прагноз надвор’я на некалькі тыдняў і нават месяцаў наперад. А даследаванні мацерыковага льда дазваляюць зазірнуць у мінулае і даведацца пра змяненні клімату і экалагічнага асяроддзя планеты ў розныя гістарычныя перыяды, а таксама спрагназаваць экалагічнае будучае.

Асваенне станцыі на шостым кантыненце каштуе не танна — каля васьмі мільёнаў долараў, але гэтыя затраты з тых, што акупляюцца з рэштай.

У Антарктыдзе багацейшыя запасы нафты і газа, біярэсурсы. Выяўлены радовішчы каляровых металаў, каменнага вугалю, жалезнай руды. Ёсць там і яшчэ адна каштоўнасць — прэсная вада, запас якой складае 70 працэнтаў ад усёй пітной вады на планеце.

— Хоць сёння Антарктыда не належыць ні адной дзяржаве, і здабыча прыродных рэсурсаў у ёй забаронена да 2050 года, удзельнічаць у даследаваннях самага загадкавага кантынента мае сэнс. З адкрыццём сваёй станцыі краіна атрымае доступ да вельмі каштоўнай інфармацыі, — адзначае Аляксей Гайдашаў.

Беларускія навукоўцы збіраюцца праводзіць экалагічныя даследаванні, разгледзець магчымасць выкарыстання спадарожнікавых сетак, правесці медыцынскія эксперыменты.

Але гэта ў будучым. А пакуль на Антарктыду збіраецца новая экспедыцыя з Беларусі. Ужо восенню туды адправяцца тэхнічныя спе-цыялісты, якія зоймуцца абсталяваннем першай беларускай станцыі. Потым — чарга за вучонымі.

Кацярына Немагай
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter