Первыми в республике завершили жатву и отметили «Дожинки» хлеборобы Столинского района

Белы бусел ляціць. Над Палессем, над ціхім іржышчам...

Высока ў блакіце неба над святочнай сцэнай нечакана і велічна закружылі буслы, вітаючы герояў жніва. Гэтае не запланаванае сцэнарыем дзіва адбылося пад самы фінал раённага фестывалю-кірмашу «Дажынкі», які ў мінулыя выхадныя ладзіўся ў столінскім аграгарадку Кароцічы. І нават гэта не самы галоўны цуд, куды важней — працоўны: раён першым у рэспубліцы завяршыў уборку збожжавых! Ды яшчэ як слаўна завяршыў: з рэкордным агульным намалотам у 101 тысячу з гакам тон! І першым у краіне справіў «Дажынкі». Сонечным жнівеньскім днём аграгарадок, які аддалены ад вялікіх і малых гарадоў, прымаў удзельнікаў і гасцей хлебаробскага свята. Руплівай і нават гераічнай працай столінскія хлебаробы заслужылі ўсебаковага ўшанавання. У сціслыя тэрміны 99 зернеўборачных экіпажаў абмалацілі хлебную ніву. Нагрузка на камбайн дасягнула амаль 250 гектараў.

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ з караваем.

Амаль уся ўборачная тэхніка ў гаспадарках раёна вытворчасці «Гомсельмаша». Вычышчаныя пасля работы на палях магутныя сучасныя камбайны, трактары, самазвалы, іншыя машыны і агрэгаты акружылі па-святочнаму ўпрыгожаную сцэну на прасторнай плошчы аграгарадка паміж абноўленым двухпавярховым будынкам сярэдняй школы і патанаючымі ў садах, акуратна прыбранымі сялянскімі падворкамі. Начны дождж да бляску вымыў свежы асфальт на дарозе, што пераходзіць у галоўную вуліцу аддаленага амаль на 70 кіламетраў ад райцэнтра аграгарадка. Першыя рады перад сцэнай занялі героі жніва: механізатары, вадзіцелі грузавікоў, аператары збожжасушыльных комплексаў, спецыялісты і кіраўнікі сямнаццаці столінскіх гаспадарак. Пад спякотным сонцам ратаваў лёгкі ветрык, што даносіў прахалоду з прыпяцкага прытока Сцвігі.


Напярэдадні свята з працоўнай перамогай столінскіх хлебаробаў павіншаваў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка. Кіраўнік рэгіёна выказаў спадзяванне, што і надалей працаўнікі палёў гэтага густанаселенага сельскагаспадарчага раёна будуць у ліку перадавікоў у вобласці і рэспубліцы.

Перад урачыстасцю ўсклалі вянкі і кветкі да мемарыялаў ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ў аграгарадку Вялікае Малешава і вёсцы Талмачава.

Вядучыя свята Іна Філановіч і Валерый Шуркала агучвалі імёны рупліўцаў, якім уручалі дыпломы, граматы, каштоўныя падарункі.

Збожжавы клін у раёне перавышае 21 000 гектараў. Атрымана рэкордная ўраджайнасць зерневых — 48,5 цэнтнера з гектара. У засекі ўпершыню засыпана 101 600 тон збожжа, фактычна дзясятая частка валавога намалоту Брэстчыны.

У першых радах — перадавыя камбайнеры, прызёры спаборніцтва на жніве.

— Такі вынік у чарговы раз пацвердзіў рэпутацыю нашага развітога палескага аграрнага рэгіёна, — адкрываючы свята-кірмаш, адзначыў старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі. — Для нас гонар, што дзесяць разоў раён наведваў Прэзідэнт і заўжды аказваў адчувальную падтрымку. Дасягнутага поспеху не было б без дзяржаўных датацый, ільготных банкаўскіх пазык. Гаспадаркі атрымалі 8 мільёнаў рублёў на набыццё мінеральных угнаенняў, сродкаў аховы раслін, паліва і рамонт тэхнікі. Тэхнічны арсенал раёна папоўніўся набытымі ў лізінг васьмю гомельскімі зернеўборачнымі камбайнамі. Безумоўна, поспеху садзейнічаў высокі прафесіяналізм кожнага ўдзельніка жніва. Па сутнасці, залатымі для нашых палёў сталі два чэрвеньскія дажджы.

Перадавікоў жніва віншавалі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня Брэсцкага аблсавета дэпутатаў Юрый Наркевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Бабаловіч, выканаўчы дырэктар аблаграсаюза Сяргей Ашмянцаў, старшыня аблпрафарганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Саланевіч, прадстаўнікі раённых органаў улады.

Перадавікоў жніва віншуе член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня Брэсцкага аблсавета дэпутатаў Юрый НАРКЕВІЧ.

Каб ураджай не залежваўся на збожжатаках, круглыя суткі бесперапынна працавалі зернеачышчальныя агрэгаты. Найбольшы намалот у хлебаробаў вядомага на ўсю рэспубліку СВК «Фядорскі». Упершыню за гісторыю пабудаванага на меліяраваных землях сельгаспрадпрыемства ў засекі засыпана 14 500 тон збажыны. Больш як тры дзесяцігоддзі кіраваў калектывам кавалер некалькіх ордэнаў, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рыгор Дзямко. На пачатку года Рыгор Аляксеевіч старшынёўскую эстафету перадаў галоўнаму інжынеру СВК Мікалаю Агафонаву. І вось яшчэ што прыкметна: у далёкім 1996-м гаспадарка была ў ліку прызёраў першага рэспубліканскага свята-кірмашу «Дажынкі», што прайшлі ў Століне.

— Павага да хлебароба на дзяржаўным узроўні надае настрою і жадання яшчэ лепш працаваць, — адзначае Рыгор Дзямко. — Пачынаючы з першых рэспубліканскіх «Дажынак», якія па ініцыятыве Прэзідэнта ладзіліся ў Століне ў 1996 годзе, пастаянна адзначаюцца нашы механізатары, спецыялісты. Радуюся кожнаму іх поспеху. Удвайне прыемна, што ў статысячным караваі і мая часцінка. Мінулагодняй восенню закладваўся падмурак сённяшнага ўраджаю. Паспяхова справіліся са жнівом, пачынаецца новы віток сялянскіх клопатаў. Па-ранейшаму жыву справамі дарагога мне калектыву. Як заўсёды, наша дэлегацыя адна з самых прадстаўнічых. Рыхтуемся да абласных «Дажынак», што будуць у гарадскім пасёлку Целяханы Івацэвіцкага раёна.

Выканаўчы дырэктар аблаграсаюза Сяргей АШМЯНЦАЎ уручае ўзнагароду легендзе старшынёўскага корпуса Рыгору ДЗЯМКО.

Выканаўчы дырэктар аблаграсаюза Сяргей Ашмянцаў шчыра павітаў слыннага хлебароба Рыгора Дзямко і ўручыў яму памятны знак аграпрамысловага саюза.

Сярод ганаровых гасцей свята — былыя кіраўнікі раёна Пётр Шыла і Аляксей Дзямко. Цяпер яны на заслужаным адпачынку.

Старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі зачытаў віншавальныя тэлеграмы ад былога першага сакратара Столінскага райкама партыі Аляксандра Бокача і Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Паўла Калаура. Найлепшыя пажаданні хлебаробам раёна выказаў у тэлеграме легенда беларускага футбола Аляксандр Глеб.

Самую высокую ўраджайнасць збожжавых у раёне — амаль 80 цэнтнераў на круг — атрымалі хлебаробы УГ «Рубельскі». Уваходзіць яна ў структуру фермерскай гаспадаркі «Вопыт КАА» Аляксея Копца. Вопыт эфектыўнага гаспадарання перадавога калектыву варты вывучэння і пераймання.

Урачысты момант адкрыцця раённага свята-кірмашу «Дажынкі».

Другое месца ў спаборніцтве па ўборцы ўраджаю — у КУВП «Манькавічы». Амаль тры дзесяцігоддзі кіруе ім доктар эканамічных навук, прафесар Аляксей Мікуліч.

Трэцяе месца занялі хлебаробы КСУП «Відзіборскі». У складзе дэлегацыі гэтай гаспадаркі і былы кіраўнік Сяргей Лахадынаў. Карані яго роду на Быхаўшчыне. Маладым спецыялістам прыехаў Сяргей Фядосавіч на Палессе і застаўся тут назаўсёды. Працоўны стаж яго ў аграпрамысловым комплексе звыш паўвека. Некалькі гадоў таму да відзіборскага сельгаспрадпрыемства далучылі суседняе. Аб'яднаны калектыў узначальвае малады дырэктар Сяргей Пашкевіч. Сямейны камбайнавы экіпаж «Відзіборскага» Юрыя і Іллі Неўдахаў другі год запар прызнаны лепшым у раёне. Дванаццаты сезон яны ўбіралі збожжа на гомельскім GS1216. Браты старанна рыхтуюць камбайн да выхаду ў поле, рэгулююць кожны механізм, замяняюць фізічна зношаныя дэталі. Тэхніка ні разу не падвяла перадавы экіпаж — ён пастаянна ў ліку лепшых на Брэстчыне.

Словы падзякі гучалі на «Дажынках» у адрас хлебаробаў ААТ «Новая Прыпяць» і «Палеская ніва», дзе значна вырас валавы намалот зерня. Па 68,7 цэнтнера зерня на круг выйшла ў ААТ «Палессе-АВМ». Сярод раённых лідараў па ўраджайнасці збожжавых і гаспадары свята-кірмашу — хлебаробы ААТ «Кароцічы». З кожнага гектара тут атрымана звыш 60 цэнтнераў збажыны. Два дзесяцігоддзі кіруе калектывам Васіль Кудласевіч.

Парадавала сёлета столінцаў і рапсавае поле. Першынствуе не толькі ў раёне, але і ў вобласці па ўраджайнасці гэтай культуры УП «Рубельскі», дзе з гектара намалочана па 48 цэнтнераў насення рапсу. Сярэдняя ўраджайнасць яго па раёне перавысіла 35 цэнтнераў.

Першы намеснік старшыні Столінскага райвыканкама Васіль Літвінкевіч перад уручэннем дыпломаў пераможцам спаборніцтва на ўборцы збожжавых узгадаў:

— Уборачным экіпажам ставілася задача — убіраць хлеб якасна і хутка. Менавіта так працавалі яны з першага да апошняга дня жніва. Спадзяюся, што і ў наступным годзе нашы працаўнікі прыкладуць максімум намаганняў, каб не адступаць ад дасягнутага поспеху, а толькі крочыць наперад, да новых працоўных вяршынь. Ад нашага агульнага старання залежыць забеспячэнне харчовай бяспекі краіны.

Першы намеснік старшыні Столінскага райвыканкама Васіль ЛІТВІНКЕВІЧ уручае дыплом пераможцы спаборніцтва на жніве камбайнеру СВК «Фядорскі» Леаніду СВІРСКАМУ.

Першымі рапартавалі аб завяршэнні абмалоту збожжавых механізатары КСУП «Варані». Узначальвае калектыў Віктар Сімончык. Чацвёрты год запар камбайны гаспадаркі пасля заканчэння жніва адразу адпраўляюцца на палі суседзяў. У раёне стала правілам так паступаць. Наступны фестываль-кірмаш «Дажынкі» вырашана правесці на цэнтральнай сядзібе сельгаспрадпрыемства — у вёсцы Варані. Старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі спадзяецца, што да будучага свята яна папоўніць шэраг аграгарадкоў Століншчыны.

Прызёр спаборніцтва галоўны аграном КСУП «Відзіборскі» Яўген АГІЕВІЧ.

Кароцічы адзначылі не толькі жніўны вянец, але і свята аграгарадка. Завяршылася ўрачыстасць вялікім канцэртам самадзейных артыстаў Столінскага раёна і суседняга Жыткавіцкага. Якраз яго, можна сказаць, і адкрыў велічны і віншавальны палёт беларускіх буслоў. Як у той песні ў выкананні «Песняроў» пра Беларусь: «Белый аист летит. Над Полесьем, над тихим жнивьем...»

subbat50@mail.ru

Фота Аляксандра НІКІФАРЭНКІ
 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter