Белая дарога жыцця

Адным з найбольш цікавых феноменаў традыцыйнай культуры беларусаў з’яўляецца ручнік. Ён быў адвечным спадарожнікам чалавека. Жаночыя рукі, якія ткалі ручнікі доўгімі зімовымі вечарамі, укладвалі ў яго таямніцу сваёй душы, напаўнялі глыбінным зместам гэтую “белую дарогу жыцця”, упрыгожваючы мудрагелістымі арнаментамі.

* Ручнікі ткалі толькі ў пост, у той час, калі цела і душа ачышчаліся ад бруду, думкі напаўняліся дабром і спакоем, паводзіны характарызаваліся стрыманасцю і пачцівасцю, асвятляючыся жыццестваральнай энергетыкай космасу.
* Дзяўчына магла трапіць у грамаду жанчын толькі праз абрады вянчання і вяселля, папярэдне выткаўшы сорак ручнікоў.
* На тонка браны ручнік прымала бабка-павітуха новага чалавека.
* З ручніком ішлі ў сваты, на ручніку стаялі маладыя падчас шлюбу ў храме, ручнікамі перавязвалі пары сватоў на вяселлі.
* Ручнік, асабліва чырвоны, выкарыстоўвалі знахары пры лячэнні самых розных чалавечых захворванняў, нават такіх цяжкіх, як эпілепсія і рожа.
* Як правіла, пасля мыцця звычайна “вафельныя” ручнікі (іх куплялі ў краме) складвалі, як бялізну, а вось саматканыя ручнікі, ручнікі, якія будуць удзельнічаць у сямейна-родавых абрадах, скручвалі ў “трубы”, або “кацёлкі”. Магчыма, ручнік — гэта старажытны манускрыпт, пісьмовы скрутак, рукатворная “галубіная кніга” нашай культуры, яе біблія, у якой зашыфраваны генетычны код нашай духоўнасці, пазначаны пуцявіны гістарычных міграцый нашых продкаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter