Минск
+4 oC
USD: 2.12
EUR: 2.35

Белавежская пушча стане новым цудам свету?

Ва ўсякім разе, шанцы на тое ў самага старога лесу Еўропы ёсцьНовыя сем цудаў прыроды будуць выбраны падчас інтэрнэт-кампаніі, якая стартавала ў пачатку студзеня. У прапанаваны для галасавання спіс уключаны самыя вядомыя азёры, вадаспады, горы і пячоры свету. Напрыклад, Вялікі каньён, Эверэст, Ніягарскі вадаспад, возера Байкал і Куршская каса. Сярод намінантаў і Белавежская пушча, а таксама рака Днепр.

Арганізатар конкурсу — швейцарская некамерцыйная арганізацыя New 7 Wonders Foundation выбрала 261 прыродную славутасць з 222 краін. Усе цуды прыроды размеркаваны па сямі катэгорыях: ландшафт, астравы, горныя ўтварэнні, вулканы, нацыянальныя паркі, лясы і марскія ўтварэнні. “Мы заклікаем людзей ва ўсім свеце паказаць, што яны цэняць наш прыродны свет, разам адзначыўшы найбольш незвычайныя прыродныя мясціны планеты”, — адзначыла адна з арганізатараў праекта Ція Віерынг.
Па прагнозах, удзел у галасаванні возьмуць прыкладна 1 мільярд чалавек. Прагаласаваць за новы цуд прыроды можна на сайце www.new7wonders.com да 7 жніўня. Для гэтага патрэбна зарэгістравацца — такім чынам арганізатары мяркуюць пазбегнуць паўторнага галасавання. У жніўні група экспертаў пад кіраўніцтвам экс-кіраўніка ЮНЕСКА Федэрыка Маёра вылучыць з 77 лідэраў галасавання  21 фіналіста. Усенароднае галасаванне працягнецца да 2011 года. У гэты час сусветны  тур “Сем новых цудаў свету” пабывае ў краіне кожнага фіналіста, каб даць ім магчымасць прадставіць сябе перад аўдыторыяй зямнога шара. Пераможцы будуць абвешчаны ў 2011 годзе.
Дарэчы, паўтара года таму гэтая ж швейцарская арганізацыя паспяхова правяла кампанію па выбару сямі новых цудаў свету. Новы конкурс, як мяркуецца, будзе садзейнічаць захаванню непаўторнасці і разнастайнасці прыроднага багацця зямлі.
Мы звярнуліся да дырэктара ДПУ “Нацыянальны парк “Белавежская пушча” Мікалая Бамбізы з пытаннем, якія, па яго меркаванні, шанцы ў нашага аб’екта на выхад у фінал галасавання.
“Думаю, у нас усе шанцы, бо калі не наша пушча — то што? Белавежская пушча — гэта рэшткі найстаражытнейшага ў Еўропе лесу, іншага такога няма. Да таго ж у нас захаваўся зубр — еўрапейскі бізон. Зараз мы рыхтуемся да святкавання 600-годдзя ўстанаўлення ў пушчы запаведнага рэжыму, якое пройдзе ў верасні пад эгідай ЮНЕСКА. У міжнародным экалагічным форуме, прымеркаваным да гэтай даты, возьмуць удзел многія міжнародныя эксперты. Думаю, яны высока ацэняць прыгажосць і гістарычную каштоўнасць нашага нацыянальнага парка”, — лічыць Мікалай Бамбіза.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...