Каля сотні дзяцей у польскім горадзе яшчэ да школы пачынаюць вывучаць мову, культуру, традыцыі продкаў-беларусаў

Беластоцкае прадшколле

Каля сотні дзяцей у польскім горадзе яшчэ да школы пачынаюць вывучаць мову, культуру, традыцыі продкаў-беларусаў


Дзеці ў беластоцкім прадшколлі на сустрэчы з гасцямі з Мінска
Фота: Анатоль Бутэвіч


Як вядома, Беласточчына — гэта цэнтр кампактнага пражывання беларусаў у Польшчы. Большасць з іх захавала сваю тоеснасць, мову і традыцыі: нашы суродзічы шануюць іх, аберагаюць. Кожны беларускі асяродак на Беласточчыне цікавы сваімі традыцыямі. Нам жа пашчасціла сёлета пабываць на незабыўнай сустрэчы ў прадшколлі № 14: так адметна ў Беластоку называюць дзіцячы садок. А завіталі ў госці да беларускіх дзетак старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, намеснік старшыні фонду, старшыня таварыства “Беларусь—Польшча”, вядомы пісьменнік Анатоль Бутэвіч, пісьменніца Людміла Стружэцкая і аўтар гэтых радкоў.

Нагодай для сустрэчы стала выдадзеная ў Беластоку Фундацыяй эканамістаў навакольнага асяроддзя і натуральных рэсурсаў дзіцячая трохкніжка Людмілы Стружэцкай “Ноч жука-светляка”. Выдатныя ілюстрацыі да выдання зрабіла вядомая беларуская мастачка Рыта Цімохава. Адметна  і тое, што кніжка выдадзена на беларускай, польскай і рускай мовах — дзякуючы гранту Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы.


Вось такая беларуска я!
Якім мы ўбачылі беластоцкае прадшколле? Беларускія групы, нагадаю, у ім былі створаны 20 год таму па ініцыятыве Міраслава Пякарскага. Менавіта тады ў дзвюх групах, па 15 дзяцей, распачалі актыўнае навучанне беларускай мове на Беласточчыне. Гэта быў небывалы эксперымент, які стымуляваў актыўнае развіццё, дакладней, аднаўленне беларускамоўнай адукацыі ў Польшчы. “Увесь час працуем над узбагачэннем праграмы навучання, — казала нам дырэктар прадшколля Люцыя Німіровіч. — Усё ў праграме скіравана на тое, каб дзеці і бацькі адчувалі, што яны — беларусы”.

Сёння ў прадшколлі займаецца каля ста дзетак, дзейнічаюць некалькі аматарскіх калектываў, у тым ліку і адзін з найлепшых спеўных калектываў на Беласточчыне: вакальны ансамбль выхавацелек-настаўніц “Світанак”. Тую беларускасць, галасіс­тасць ды зладжанасць, дарэчы, адразу адчула і наша дэлегацыя, адчыніўшы дзверы прадшколля. “Дзень добры!” і “Шчыра вітаем!” — хорам сустракалі нас прыгожыя дзеткі. Уся атмасфера ва ўтульным будынку — прыгожае афармленне на беларускай мове, дзіцячыя малюнкі, беларускія песні ды кніжкі... — пацвярджае адметнасць навучальнай установы. А невялікае выступленне дзіцячага інструментальнага ансамбля, які дзейнічае ў прадшколлі ўжо некалькі гадоў, проста ўсцешыла і шчыра ўзрадавала...

Пасля нашых шчырых апладыс­ментаў дзеткі ўтульна расселіся ў зале, некаторыя прама на дываны на падлозе, з цікавасцю пазіраючы на віноўніцу сустрэчы — аўтарку кніжкі. Пытанні да іх, а таксама адказы малых напоўнілі залу дзіцячай непасрэднасцю. Трэба было бачыць, з якой цікавасцю слухалі дзеці прыгожую і добрую казку пра пастушка, які бег за сонцам, заблудзіўся і трапіў у госці да жукоў-светлякоў. Варта прызнаць: і для дарослых тая казка прыадкрывае невядомы свет жукоў-светлякоў, якіх мы таксама сустракалі ў лесе... Салодкай узнагародай для ўдзячных слухачоў былі пачастункі беларускімі цукеркамі з прыгожай упакоўкі “Спадчына Беларусі”.

Напрыканцы сустрэчы мы паабяцалі абавязкова яшчэ раз наведаць гэтае беластоцкае прадшколле, выключны беларускі асяродак, каб перадаць дзецям новыя беларускія кніжкі.

Тадэуш Стружэцкі, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter