Калiсьцi слова «Гарыныч» выклiкала толькi казачныя асацыяцыi. Аднак сёння ў сацыяльных сетках, асаблiва ў TikTok, пад гэтым псеўданiмам жыве не мiфiчная iстота, а рэальны чалавек. Iгар Мiрановiч, слесар па прафесii, жыхар невялiкага хутара пад Ушачамi, здолеў захапiць сэрцы сотняў тысяч карыстальнiкаў сацсетак з розных куткоў свету. Яго вiдэа, дзе ён з дасцiпным гумарам i мясцовым дыялектам распавядае пра беларускiя народныя стравы, традыцыi i прыгажосць роднай зямлi, сталi сапраўдным адкрыццём для многiх.

Iгар Мiрановiч, якога на прасторы iнтэрнэту клiчуць Гарынычам (бо ён так называе печ на сваiм хутары), — чалавек, далёкi ад медыйнага свету. Яго асноўная прафесiя — слесар у сферы энергетыкi. Аднак менавiта цяга да захавання сваiх каранёў прывяла яго да блогiнгу.
Пачалося ўсё даволi нечакана: першы ролiк быў прысвечаны паходам па Беларусi, ён таксама здымаў, як гатуе падчас падарожжаў з дачкой мачанку i iшныя стравы беларускай кухнi. Яны нават невялiкую самаробную печ возяць з сабой. Дачка, дарэчы, скончыла БДУ па профілю мiжнародных адносiн i сумяшчае гэтае хобi с працай пiяр-спецыялiста ў сацыяльных сетках знакамiтых кампанiй i спартсменаў.
I раптам — у бацькi тысячы праглядаў, сотнi каментарыяў. Людзям спадабалася яго шчырасць, натуральнасць.
— Я проста ўстаў i пачаў здымаць тое, што раблю, — прызнаецца Iгар Iванавiч. — Не трэба прыдумляць нiчога штучнага. Народныя стравы, прыгатаваныя ў печы, паходы, катанне на лыжах, жыццё на хутары — усё гэта мне блiзкае i цiкавае. А калi мае вiдэа пачалi прыцягваць столькi ўвагi, я зразумеў, што гэта мой шанец расказаць пра Беларусь, пра наша жыццё.
|
|
— Тыя, хто траплялi да мяне на хутар у госцi, кажуць, што мой «бярозавiк» вельмi смачна закусваць салёным агурком.
Людзi з розных краiн, ад Амерыкi да Прыбалтыкi, з захапленнем глядзяць, як Iгар гатуе i сам каштуе розныя рэчы. Аднойчы падпiсчыкi даслалi яму «смёргус» (сюрстромiнг) — гэта вельмi спецыфiчная страва, фактычна ферментаваны (квашаны) селядзец. Звычайна ядуць такое толькi на свежым паветры. Iгар жа адолеў цэлую рыбiну i брывом не павёў.

— Прызнацца, смурод стаяў невыцерпны, але я ў свой час у армii служыў, таму прызвычаены да ўсяго, — смяецца субяседнiк.
У жыццi ён такi ж просты, абаяльны i вельмi цiкавы чалавек, з добрым гумарам. Кажа, што сюжэты для ролiка можа прыдумаць на калене. Мы засталi яго ў «бункеры», iнакш — на працоўным месцы ў Наваполацку, якое блогер просiць не выдаваць. Блогер размаўляе на ўласнымi ўнiкальным ушацкiм дыялекце.
— Шмат хто пытае: «Ты ўшацкi цi прыезджы?», — кажа Iгар. — Я мясцовы, нарадзiўся ў вёсцы Двор Плiна. Тут прайшло маё дзяцiнства, тут я вучыўся. I калi людзi пiшуць, што iм падабаецца мой дыялект, я разумею, што гэта нешта роднае.
Ён не баiцца эксперыментаваць. Асаблiва запомнiлася прыгатаванне рулькi ў печы разам з дачкой Палiнай, якой ужо 23 гады. Iгар кажа, што набыць папулярнасць не было цяжка: «Што напiсана ў шапцы профiля, тое i рабi». Сапраўдны феномен Гарыныча — гэта яго здольнасць запальваць у людзях цiкавасць да зямлi, вёскi. Ён запрашае падпiсчыкаў пабудаваць дом побач з iм, стаць яго суседзямi. I людзi адгукаюцца! Прыязджаюць нават з Пецярбурга i Масквы, каб пажыць побач з яго хатай, пабачыць усё на свае вочы. Некаторыя ўжо набылi сабе летнiя сядзiбы, iншыя будуюццца, каб стала жыць на сяле.
— Мне хочацца, каб людзi вярталiся на зямлю, каб вёска зноў ажыла, каб у ёй было гучна i радасна, як раней, — дзелiцца сваiмi думкамi Iгар.
— У мяне няма жадання паказваць нешта выключнае. Толькi тое, што маю: свой дом, сваю зямлю, сваiх суседзяў.Ён часта ўспамiнае продкаў: бацьку, якi малым жыў у разбураным касцёле, калi падчас вайны ўсё было знiшчана, бабулю, што гатавала для дзяцей з дзiцячага дома, дзядзьку — змагара з бандэраўцамi. А таксама цёцю Валю — «заслужанага дырэктара-партызанкi», ад якой ён шмат чуў гiсторый.
У дзяцiнстве Iгар часта бываў у хаце бабулi Палiны, дзе збiралiся блiзкiя людзi, сярод якiх была i Варвара Мiрановiч — родная сястра бабулi. За сямейнымi размовамi часта гучалi ўспамiны пра ваенныя выпрабаваннi.
— Варвара Сцяпанаўна — камсамолка-падпольшчыца, партызанка, педагог, якая 31 год узначальвала Плiнскую школу, — апавядае блогер. — На барацьбу з фашыстамi яна пайшла, маючы двух сыноў, малодшага — груднічка. Ён i «злавiў» кулю падчас прарыву блакады, тым самым выратаваўшы мацi. Вайна забрала ў жанчыны i сыноў, i мужа.
Гэтыя гiсторыi настолькi глыбока запалi ў душу хлопчыка, што, нават не будучы выдатнiкам у школе, за сачыненнi пра Вялiкую Айчынную вайну ён заўсёды атрымлiваў лепшыя адзнакi. Аднак галоўным захапленнем школьных гадоў быў спорт. Пад кiраўнiцтвам апантанага педагога Уладзiмiра Бабянка Iгар стаў адным з вiдных лёгкаатлетаў раёна. Перад iм адчынялiся дзверы спартыўнага вучылiшча, але лёс склаўся iнакш — падвяло здароўе, i мары пра вялiкi спорт прыйшлося пакiнуць.
З маленства Iгар быў прывучаны да сялянскай працы. Да гэтага часу ён з цеплынёй узгадвае выпадак, калi дырэктар саўгаса «Ушацкi» Васiль Караленка на школьнай лiнейцы ўзнагародзiў дзяцей за ўдарную працу на зернетоку. Падарунак быў каралеўскi для таго часу — хакейныя клюшкi! Менавiта iмi потым да позняга вечара ганялi шайбу на мясцовай сажалцы.
У сваiх вiдэа Iгар часта жартуе. Але не манетызуе свой блог i не iмкнецца вясцi стрымы i прасiць данаты. Таксама сельскi блогер не зважае на кпiны «перабежчыкаў» i «хэйтараў з беглых».
— Iх душыць жаба, пiшуць лухту пра нашу вёску, а мы ядзiм смачнае, iм гэта недаступна, — лаканiчна каментуе ён.
Блогер падкрэслiвае, што ў яго «няма мату» ў эфiрах, што гэта спакойны, сямейны кантэнт. Аднак, калi трэба, «сябры гарой за мяне стаяць» i абараняюць яго старонку. Справа ў тым, што ў сацсетках з'яўляюцца тыя, хто капiруе яго стыль i фiрменныя прыслоўi.
Iгар Iванавiч марыць пра масштабныя паходы, дзе сталы дружбы аб'яднаюць людзей, каб «ваўкамi адзiн на аднаго не глядзелi». Яго вiдэа з Дня горада ва Ушачах цi салюту на «Прарыве» глядзелi тысячы людзей. Гэтыя трансляцыi часам выклiкаюць слёзы ў гледачоў з-за мяжы — украiнскiя падпiсчыкi пiшуць, што мараць пра такiя ж мiрныя падзеi на сваёй зямлi. Таксама аднойчы яго стрым глядзелi расiйскiя i ўкраiнскiя салдаты на адным участку фронта: i на гэты час адбылося стыхiйнае трохгадзiннае пермамiр'е.
Улетку Iгар плануе ўключыць у свой «Паход сяброўства» фальклор: прывезцi суседку бабу Нюру, каб яна спявала песнi, або запрасiць гарманiста з Плiнскага сельскага клуба, каб паслухаць старадаўнiя мелодыi. Такi вялiкi летнi паход яго падпiсчыкаў на хутары i па Ушацкiм мясцiнам плануецца на лiпень.
— Галоўнае — аб'яднанне, каб усе былі разам, — падкрэслiвае Iгар. — Мне цяпер часу не хапае. Трэба адказваць на 1400 каментарыяў штодзённа. Але я разумею, што гэта праца патрэбная.



Ён працягвае развiвацца, iмкнецца расказваць пра беларускую культуру, пра прыгажосць роднай зямлi, пра людзей, щто жывуць тут. Гэта чалавек, якi сваiм прыкладам паказвае: жыццё на зямлi можа быць цiкавым, насычаным i шчаслiвым. Iгар Iванавiч даказаў, што каб стаць папулярным, не трэба здымаць гламурныя вiдэа. Дастаткова заставацца самiм сабой, любiць вёску i шчыра дзялiцца гэтай любоўю са светам.
yasko@sb.by