«Беларуская культура вартая таго, каб яе паказваць у свеце»

Ёсць шмат месцаў у тым жа Парыжы, звязаных з нашай краінай, і мы павінны гэтым ганарыцца і дэманстраваць усё лепшае, упэўнены Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка

— Напярэдадні нашай сустрэчы прыйшла добрая навіна — Беларусь упершыню выбрана ў склад Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА па ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення (Камітэт па культурнай разнастайнасці). Гэта адбылося ў ходзе 4-й сесіі Канферэнцыі бакоў канвенцыі-2005. Як пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА вы напэўна шмат паспрыялі таму, каб краіна ўвайшла ў Камітэт па культурнай разнастайнасці. Аб чым, на ваш погляд, сведчыць гэты факт?

— Важна адзначыць, што абранне нашай краіны сведчыць аб патэнцыяле Беларусі ў галіне аховы і заахвочвання разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення. Дарэчы, гэты камітэт стаў трэцім з кіруючых органаў ЮНЕСКА, у склад якога ўваходзіць Беларусь (краіна з’яўляецца таксама членам Выканаўчага савета ЮНЕСКА і Міжурадавага камітэта па праграме ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера»). Увогуле, удзел у камітэтах дадае нам дадатковыя магчымасці для рэалізацыі тых праектаў, якія адпавядаюць нашым інтарэсам. Калі хочаце, магу сказаць нават — канструктыўнага лабіравання гэтых праектаў. Удзел у Камітэце па культурнай разнастайнасці дазволіць краіне адстойваць беларускія інтарэсы ў рамках рэалізацыі канвенцыі ЮНЕСКА. А таксама ажыццяўляць шмат цікавых праектаў у галіне культуры.

— Для нас прыярытэтам у ЮНЕСКА з’яўляецца менавіта пашырэнне прысутнасці ў Спісах Сусветнай спадчыны Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры?

— У Беларусі ёсць значны патэнцыял для пашырэння сваёй прысутнасці ў гэтых Спісах. Іх тры — Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Сюды ўключана чатыры беларускія аб’екты: Белавежская пушча (з 1992 года), Мірскі замак у Гродзенскай вобласці (з 2000 года), пяць пунктаў геадэзічнай дугі Струве, якая праходзіць у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях, а таксама па тэрыторыі Малдовы, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расіі, Фінляндыі, Швецыі і Нарвегіі ( з 2005 года), палацава-паркавы комплекс Радзівілаў у Нясвіжы (з 2005 года). Але ёсць яшчэ і папярэдні Спіс, куды ўваходзіць 10 нашых аб’ектаў. Мы звярнуліся ва ўрад краіны з прапановай акрэсліць з гэтай дзясяткі 2—3 прыярытэтныя, якія мы павінны метадычна прасоўваць — дзеля таго, каб яны ўвайшлі ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Новая цікавая ініцыятыва з’явілася з боку Літвы — не так даўно гэтая краіна прапанавала нам сумесна з Украінай і Малдовай унесці яшчэ адну намінацыю ў Спіс — замкі абарончага тыпу часоў Вялікага Княства Літоўскага. Гэта вельмі важна для нашай краіны.

Наступны Спіс — нематэрыяльная спадчына. Там пакуль знаходзіцца абрад «Цары» — адзіны прыклад, звязаны з Беларуссю. Але мы зацікаўлены ў тым, каб пашырыць гэтую прысутнасць, і звярнуліся да ўсіх выканаўчых камітэтаў рэгіёнаў Беларусі, да Міністэрства культуры праявіць актыўнасць і ўнесці свае прапановы. Мы ганарымся нашай нематэрыяльнай культурнай спадчынай, нашымі абрадамі, традыцыямі. Перакананы, што ёсць шмат прыкладаў аб’ектаў, якія могуць быць унесеныя ў гэты Спіс.

Перспектыўна ўключэнне нашых аб’ектаў і ў праграму «Памяць свету», якая развіваецца пад эгідай ЮНЕСКА, — яна фіксуе з пункту гледжання сусветнай спадчыны архіўныя матэрыялы, відэаматэрыялы... І тут Беларусь мае таксама толькі адно прадстаўніцтва — архівы Радзівілаў. Але такіх прыкладаў можа быць значна болей. Таму вось наша, калі хочаце, сярэднетэрміновая і доўгатэрміновая задача — пашырыць прысутнасць Беларусі ў гэтых спісах.

— Дарэчы, у 2014 годзе Беларусь будзе адзначаць 60-годдзе членства ў ЮНЕСКА. Мы ўступілі ў гэтую арганізацыю ў часы Савецкага Саюза. Ці плануюцца ў сувязі з гэтым урачыстасці?

— У красавіку наступнага года ў штаб-кватэры ЮНЕСКА прапануем правесці ўрачыстасці, прымеркаваныя да гэтага юбілею, прычым сумесна з Расіяй і Украінай. Так, па ініцыятыве менавіта беларускага боку плануем арганізаваць канцэрт з запрашэннем беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх калектываў, выставу...

— Арганізацыя разнастайных культурных мерапрыемстваў у Францыі — таксама адна з галоўных задач Пасольства. Чым збіраецеся ўразіць французаў у гэтай галіне?

— Наша галоўная задача — пашырэнне аб’ектыўнай і разнастайнай інфармацыі аб нашай краіне. На жаль, нягледзячы на тое, што Беларусь больш чым 20 гадоў — незалежная дзяржава, у Францыі не так шмат ведаюць пра яе. І адным з найбольш эфектыўных інструментаў пашырэння гэтых ведаў з’яўляецца арганізацыя разнастайных культурных мерапрыемстваў.

Мы плануем у наступным годзе правесці — упершыню з 2002 года — Дні беларускай культуры ў Францыі. Запланаваны гастролі Нацыянальнага акадэмічнага Вя- лікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь у 25 найбольш буйных гарадах Францыі. Гэта будуць Парыж, Марсель, Ніцца... Падчас Дзён культуры мы маем намер прывезці прэм’ерны спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэтра імя Я. Купалы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча. Прэм’ера запланавана ў студзені 2014 года ў Мінску. Цікава адзначыць, што Адам Міцкевіч напісаў «Пана Тадэвуша» менавіта ў Парыжы ў 1734 годзе. І менавіта ў гэтым годзе ўпершыню твор пабачыў свет — таксама ў Парыжы... Зразумела, што арганізацыя падобных праектаў — такіх, як Дні культуры, — патрабуе даволі значных фінансавых сродкаў. І зараз Пасольства працуе над тым, каб атрымаць спонсарскую падтрымку як з боку французскіх, так і беларускіх кампаній, якія працуюць у рамках беларуска-французскага супрацоўніцтва альбо ўвогуле зацікаўлены падтрымліваць культурныя праекты, каб рэалізаваць гэтыя ідэі.

Спадзяюся, што калі мы прыйдзем да іх рэалізацыі, гэта сапраўды будуць значныя падзеі. Канешне, мая мара, як былога міністра культуры, адкрыць яшчэ і Культурны цэнтр Беларусі ў Парыжы. Большасць краін свету мае свае культурныя цэнтры ў Парыжы. Калісьці мне на пасадзе пасла Беларусі ў Польшчы прыйшлося адкрываць першы культурны цэнтр за мяжой, так што вопыт ёсць. Зразумела, тут патрэбна дзяржаўнае рашэнне аб мэтазгоднасці адкрыцця культурнага цэнтра. На пасадзе пасла Беларусі буду пераконваць усе зацікаўленыя ўстановы, міністэрствы, арганізацыі, ад якіх залежыць прыняцце гэтага рашэння.

Упэўнены — беларуская культура вартая таго, каб яе паказваць у свеце. Вартая таго, каб, у прыватнасці, паказваць яе ў неафіцыйнай культурнай сталіцы свету — горадзе Парыжы. Дарэчы, у нас ёсць і план арганізацыі Дзён беларускага кіно ў Францыі. Трэба адзначыць, што прэм’ера фільма «У тумане» па аповесці Васіля Быкава (быў зняты пры ўдзеле Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм») атрымала вельмі станоўчыя водгукі ў Францыіі. Дзве буйнейшыя газеты — Le Figaro и Le Monde — надрукавалі змястоўныя артыкулы, прысвечаныя прэм’еры. Гэта сведчыць пра тое, што цікавасць да беларускай культуры ў Францыі ёсць.

— Некалькі дзён таму завяршыла працу выстава твораў Марка Шагала віцебскай тэматыкі, якая працавала ў Парыжы ў Люксембургскім музеі з 21 лютага. Як ацанілі экспазіцыю французы?

— С задавальненнем адзначу, што пад творамі Марка Шагала было вельмі часта пазначана, што яны прысвечаны Віцебску. Адна з буйнейшых газет Францыі апублікавала артыкул, у якім было падкрэслена, што Марк Шагал нарадзіўся ў Беларусі. Дарэчы, мы павінны ведаць і знаёміць нашых грамадзян пры наведванні Парыжа не толькі з самымі славутымі мясцінамі — Луўр, Эйфелева вежа, Версаль... Ёсць шмат месцаў у ім, звязаных з беларускай культурай, з беларусамі ці з людзьмі, якія нарадзіліся ў Беларусі. Мы павінны гэтым ганарыцца і паказваць. Помнік Цадкіну, помнік Суціну знаходзяцца ў Парыжы. Славуты «Вулей» на Манпарнасе, дзе працавалі Шагал, Цадкін, Суцін. Помнік Адаму Міцкевічу, вуліца Радзівілаў, дом, дзе жыў Напалеон Орда (яму нават прапаноўвалі ўзначаліць Парыжскую оперу). Так што шмат ёсць мясцін, якія маюць сувязь з нашай краінай і яе знакамітымі сынамі.

— Гэтым маглі б заняцца беларускія турфірмы, якія прапаноўваюць туры ў Парыж... Дарэчы, калі звернемся да турыстычнай сферы — а як нам зацікавіць французскага грамадзяніна сваёй нацыянальнай прыгажосцю, спадчынай? «Прымусіць» яго наведаць Беларусь?

— Па-першае, трэба пашыраць інфармацыю пра Беларусь. З гэтай мэтай плануем у верасні гэтага года ўпершыню прыняць удзел у Міжнароднай прафесійнай выставе турыстычных аператараў у Парыжы, дзе будзе прадстаўлены нацыянальны павільён Беларусі. Сумесна з Міністэрствам спорту і турызму, Нацыянальным агенцтвам па турызму, дырэкцыяй Нясвіжскага палаца і замкавага комплексу ў Міры, Музеем Марка Шагала ў Віцебску. Пасольства рыхтуе экспазіцыю, каб прэзентаваць турыстычныя магчымасці Сінявокай. Наша мэта — знайсці патэнцыяльных партнёраў з боку французскіх тураператараў, якія былі б гатовыя арганізоўваць туры ў нашу краіну. Пасля гэтага ў 2014 годзе плануем правесці ў шэрагу гарадоў Францыі зноў-такі прэзентацыі турыстычных магчымасцей Беларусі. У тым ліку з паказам відэаролікаў, прысвечаных гэтым магчымасцям, і наведваннем канкрэтных аб’ектаў у Беларусі. Дасягнулі дамоўленасці з Міністэрствам спорту і турызму, што будуць надрукаваны спецыяльныя буклеты на французскай мове, якія ніколі мы не друкавалі, — для таго каб француз мог прачытаць на сваёй роднай мове аб тым, што варта наведаць у Беларусі.

— Але, як мы разумеем, першы крок — гэта на той жа міжнароднай выставе знайсці турыстычных аператараў Францыі, якія будуць гатовыя прадаваць турыстычны прадукт на Беларусь?

— Менавіта так. Са свайго боку, дзеля таго каб стварыць больш спрыяльныя ўмовы для атрымання беларускай візы, мы прынялі рашэнне, што грамадзянін Францыі мае права звярнуцца да нас у Пасольства за атрыманнем візы і скласці дакументы кожны рабочы дзень. Мы стараемся паскорыць працэдуры і максімальна, у рамках заканадаўства, спрасціць магчымасць гэтага працэсу. І гэта на сёння дало вынік — рост колькасці французаў, якія жадаюць атрымаць турыстычную візу ў Беларусь, склаў за бегучы год 25 працэнтаў.

— Пакуль гэта толькі сотні людзей, а не тысячы, як нам хацелася б?

— Так, але дынаміка ёсць. Усяго ў год выдаём каля 6 тысяч віз у Беларусь. Упэўнены — будзе і больш.

— Павел Паўлавіч, як вы лічыце, ці можна прыцягнуць французскіх турыстаў да паездкі па напалеонаўскіх месцах і месцах, звязаных з гісторыяй вайны 1812 года?

— Падчас свайго знаходжання ў Беларусі наведаў адно турыстычнае агентства, якое знаходзіцца пад Барысавам і займаецца менавіта распрацоўкай тэмы бітвы на Беразіне. Прапануе сапраўды запатрабаваны прадукт. І дырэктар гэтай кампаніі праінфармаваў мяне аб тым, што да яго даволі часта прыязджаюць аўтобусы з французскімі турыстамі, каб наведаць гэтыя мясціны. Ен таксама выказаў зацікаўленасць прыняць удзел у турыстычнай выставе ў Парыжы — проста пашырыць інфрамацыю аб сваім турпрадукце. Іншымі словамі, галоўнае — гэта праца з турыстычнымі аператарамі. Калі той будзе зацікаўлены ў гэтым, будзе і француз, які прыедзе ў Беларусь, каб наведаць гэтыя мясціны.

— Дзякуем, Павел Паўлавіч, за цікавую і інфарматыўную размову!

Анжаліка МІЛЬТО, Таццяна УСКОВА, «БН»

Фота Паўла ЧУЙКО, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter