Беларуская глыбінка - на латвійскім тэлеэкране

ПЯЦЬ гадоў таму беларускі горад Горкі прымаў удзельнікаў Міжнароднага тэлевізійнага фестывалю “Аграсвет”, у праграме якога былі не толькі творчы конкурс тэлежурналістаў-аграрыяў, але і знаёмства гасцей з жыццём сельскіх працаўнікоў. Сярод гасцей былі і журналісты Латвійскага тэлебачання. Іх уразілі высокая культура земляробства, найсучаснейшыя тэхналогіі і ўзорны парадак на перапрацоўчых прадпрыемствах. Потым праграма Латвійскага тэлебачання “Правінцыя” на працягу месяца знаёміла гледачоў з суседняй Беларуссю.

Інтэрв'ю з начальнікам вытворчасці ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат» Людмілай ДУК

ІДЭЯ расказаць пра сённяшняе жыццё беларускай глыбінкі не пакідала творцаў з суседняй краіны, якая ўжо два дзесяцігоддзі ў Еўрасаюзе. І вось дакументы аформлены, візы атрыманы і ў апошні дзень ліпеня восем рыжскіх тэлевізійшчыкаў накіраваліся па загадзя ўдакладненым маршруце. Першыя відэаздымкі — на Глыбоцкім мясакансервавым камбінаце. Цікаўлюся ў кіраўніка творчай групы тэлепраграмы “Правінцыя” Дацэ Славінскай:

— Чаму менавіта з Віцебшчыны пачалі вандроўку па Беларусі?

— Гэта пагранічная з намі вобласць. Заходняя Дзвіна, а па-нашаму Даўгава, цячэ праз нашы тэрыторыі да Балтыкі. Вокны дамоў латвійскай Падруі праз рачную плынь глядзяць на старажытныя храмы беларускага мястэчка Друя. У савецкія часы не аднойчы тут на пароме мы перапраўляліся ў Беларусь — напэўна, яго ўжо няма. Шмат беларусаў з Прыдзвіння засталося ў Латвіі. Шчырыя, працалюбівыя, з адкрытай душою, яны аб’яднаны ў беларускія суполкі, зберагаюць традыцыі і культуру.

На досвітку мы перасяклі дзяржаўную мяжу, і першае, што кінулася ў вочы, — дагледжаныя хлебныя нівы і скошаныя сенажаці. У нас ужо амаль тры дзесяцігоддзі няма калектыўных гаспадарак. Лапікамі пакроены надзелы. Шмат плошчаў пустуе. Латвійскія вёскі адыходзяць у нябыт.

— Мне даводзілася перад распадам СССР бываць у вядомай латвійскай аграфірме “Адажэ”, што побач з Рыгай. Гаспадарка грымела далёка за межамі Латвіі. А цяпер як?

— Зямлю і ўласнасць раздалі сялянам па паях. Аб’явіліся ўласнікі нерухомасці. Адышлі ў мінулае і такія магутныя латвійскія аграфірмы як “Лачплэсіс”, “Накотнэ” і “Яўнайс коммунарс”. Былыя калгаснікі не ведалі, што рабіць з гэтымі паямі. Жывёлу пусцілі пад нож, тэхніку здавалі на металалом. Прыйшлі ў заняпад і некалі цудоўныя жылыя пасёлкі. Быў час, што коміны самаробных “буржуек” тырчалі з вокнаў шматкватэрных дамоў. У такім стане апынулася пасля развалу СССР латвійская вёска. Сялянскія гаспадаркі, якія набралі пазык у банках, сталі банкротамі.

— Падзяліцеся творчымі планамі камандзіроўкі па беларускай глыбінцы.

— Акрамя мясакансервавага камбіната, запланавана сустрэча з кіраўнікамі раённай адміністрацыі, якія курыруюць сельскую гаспадарку. Нас чакаюць і ў Еўрарэгіёне “Азёрны край”. Гэтае фарміраванне было створана амаль два дзесяцігоддзі таму. У беларускім Браславе прадстаўнікі трох суседніх краін — Беларусі, Латвіі і Літвы — падпісалі палажэнне аб Савеце па трансгранічным супрацоўніцтве памежных раёнаў. У літоўскай Ігналіне Савету быў нададзены статус Еўрарэгіёна, вызначаны структура, кірункі супрацоўніцтва. Ад Беларусі ў фарміраванне ўвайшлі акрамя Глыбоцкага Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Міёрскі, Пастаўскі раёны. Латвію прадстаўляюць Даўгаўпілскі, Краслаўскі, Прэйсльскі і Рэзекненскі былыя раёны і гарады Даўгаўпілс і Рэзекне. “Азёрны край” стаў членам Асацыяцыі еўрапейскіх памежных рэгіёнаў. Плануем расказаць пра сённяшнюю дзейнасць фарміравання і перспектыву развіцця.

У нашых планах наведванне гаспадарак Віцебскага, Магілёўскага, Аршанскага, Горацкага раёнаў. Пагуляем па абноўленых вуліцах старажытнага Віцебска, дзе кожнае лета збіраецца эстрадны бамонд. Спадзяёмся, што ў будучыні і прадстаўнікі Латвіі прымуць удзел у гэтым свяце музыкі і спеваў.

Але не толькі сучасныя гаспадаркі нас цікавяць — яшчэ і жыццё беларускіх фермераў. У нас запланаваны сустрэчы з Міхаілам Шрубам у палескім горадзе Тураве, вядомымі не толькі ў Беларусі братамі-фермерамі Іванам і Міхаілам Грыбамі з аграгарадка Альшаны, што на Брэстчыне.

Акрамя творчай дзейнасці выдзелілі час і на культурную праграму. Ніхто з нас яшчэ ні разу не бываў у старажытных беларускіх замках. Мір і Нясвіж завершаць вандроўку па беларускіх гарадах і вёсках. Плануем падрыхтаваць цыкл тэлепраграм пра сённяшні дзень беларускіх аграрыяў.

— Жадаю здзяйснення задуманых планаў.

Глыбоцкі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter