Беларуская Барбі

Як нашы дзяўчынкі ў даўніну здавалі першы экзамен на сталасць Ці памятаеце вы сваю любімую ляльку? Напэўна, не знойдзецца жанчыны, якая б не пачала ў адказ на гэтае пытанне з усмешкай летуценніцы на твары ўзгадваць гісторыі са свайго дзяцінства. Некаторыя нават захоўваюць самую любімую ляльку ўсё жыццё. А як выглядалі гэтыя сябры нашага дзяцінства ў часы прабабуль, калі ў мамы не было магчымасці пайсці ў краму і выбраць дзіцяці пластмасавую Барбі з соцень варыянтаў? Аказваецца, у лялькі тады дзяўчынкі не проста гулялі, але і здавалі з іх дапамогай сапраўдныя экзамены. Пра гэта расказалі народныя майстрыхі з Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці.

Калі дзеці прыходзяць на экскурсію ў Дом культуры вёскі Пратасы Акцябрскага раёна, дзе дырэктарам працуе Вера Селівончык, яны адразу кіруюцца да створаных яе рукамі лялек ў народным стылі. У кожнай з іх — непаўторны характар, яны больш цёплыя і сонечныя, нашмат больш жыццёвыя, чым пластмасавыя кітайскія лялькі з рынку. Вера Леанідаўна расказвае, што першую ляльку зрабіла каля дзесяці гадоў таму для ўнучак, пасля яны спадабаліся і пляменніцам. За аснову пры стварэнні вопраткі ўзяла “калінкавіцкі” строй жаночага адзення, характэрны для гэтага рэгіёна Гомельшчыны.
—- Самыя шчаслівыя хвіліны ў жыцці кожнай дзяўчыны — гэта яе вяселле, кожная марыць стаць самай прыгожай нявестай, — распавядае Вера Селівончык. — І ў дзяцінстве мы любім прыдумваць сваім лялькам адпаведныя вясельныя строі. Таму і я стварыла ляльку-нявесту. Каб апрануць яе так, як было прынята ў нашых прабабуль, шукала старыя фотаздымкі, пераймала ўзоры з ручнікоў.
А вось яшчэ адзін каларытны персанаж, створаны майстрыхай, — лялька-бабуля ў намітцы з чэпчыкам і кабаце. У былыя часы адзенне было своеасаблівым пашпартам, па якім можна было прачытаць узрост жанчыны, месца жыхарства і сямейны стан. І Вера Селівончык стараецца захоўваць гэтыя традыцыі, каб дзеці адчувалі глыбокія карані і сувязь з культурнымі здабыткамі сваіх продкаў. Калі рабіла бабулю, раілася пра адзенне са сваёй свякроўкай. Стварэнне лялькі займае каля дзесяці дзён, але ж на працы, вядома, заняцца гэтым у Веры Леанідаўны часу не стае.
— Калі ёсць свабодная хвілінка, адразу бяруся за работу, — з энтузіязмам расказвае жанчына. — Бывае, сяджу да дзвюх-трох гадзін ночы і не заўважаю, колькі часу мінула.
Нібыта лялькі паселі каля сваёй настаўніцы — майстрыхі па пашыве нацыянальнага
адзення Акцябрскага дома рамёстваў Тамары Станіслаўчык зусім яшчэ маленькія дзяўчынкі ў белых сарочках з чырвоным беларускім арнаментам і клятчастых спадніцах. Тамара Іванаўна стварыла ўжо тры калекцыі адзення для мясцовых фальклорных калектываў “Ивушка”, “Рудабельскія зорачкі” і “Цярэшкавы шчодрыкі”. Яна не проста капіруе ўбачаныя ўзоры, але і чытае шмат літаратуры, каб зразумець сімволіку нацыянальнага касцюма, глыбокі сэнс, які ўкладвалі ў адзенне нашы продкі.
— Чаму беларусы вельмі любілі і зараз любяць ільняное адзенне? — задае пытанне майстрыха. — Таму што да
льнянога нячыстая сіла не ліпне. А ці ведаеце вы, што азначаюць птушкі ў арнаменце на ручніках або адзенні? Калі птушка глядзіць наперад — гэта вясельны ўзор, калі ж дзве птушкі вышыты дзюбкамі ў розныя бакі —  сімвал пахавання.
Ёсць сярод яе твораў і адмысловыя лялькі. Па-першае, традыцыйны ўбор можна зрабіць і для звычайнай магазіннай цацкі. Акрамя гэтага Тамара Станіслаўчык пашыла некалькі абрадавых лялек. Напрыклад, ляльку Купава беларусы спальвалі на вогнішчы замест чалавечых ахвяр падчас вясенняга гукання вясны. Дзве лялькі з падобнай тканіны зшыты разам. Адна з іх — белая, другая — чорная. Як аказалася, гэта сямейны абярэг. Уначы ляльку вешалі адпаведным бокам, удзень — пераварочвалі, каб засцерагчы свой дом ад няшчасцяў. Звычайна ў лялек, падобных да чалавека, беларусы твар пакідалі белым або вышывалі замест яго крыж, каб злы чалавек не выкарыстаў яе ў цёмных абрадах у ролі чалавека, якога хоча зжыць са свету.
Найбольш цікавай з цацак, якія паказвала Тамара Станіслаўчык, мне падалася лялька “На выхвалку” у поўным нацыянальным касцюме. Такую ляльку кожная маленькая беларуска павінна была пашыць у дванаццаць гадоў, каб здаць своеасаблівы экзамен на сталасць. Калі справілася, значыць, умее шыць і можа пачынаць рыхтаваць свой пасаг.
— Паступова аджываюць свой век людзі, якія захоўваюць гэтыя веды, і нам зараз трэба перадаць дзецям гэтыя ўменні, каб яны не зніклі, — лічыць Тамара Станіслаўчык.
Раз у два гады ў гарадскім пасёлку Акцябрскі праходзіць рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Кожны раз ён аб’ядноўвае апантаных людзей, зацікаўленых у захаванні сваіх каранёў і сваёй культуры. На Гомельшчыне, на беларускім Палессі, такіх людзей асабліва шмат.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter